АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Пасольства ЗША, Італіі і Рэспублікі Карэя далучыліся да беларускамоўнага паэтычнага флэшмобу

Пасольства ЗША, Італіі і Рэспублікі Карэя далучыліся да беларускамоўнага паэтычнага флэшмобу
19.12.2017
Яны прачыталі вершы Ніла Гілевіча, Якуба Коласа і Янкі Купалы. Раней відэа з чытаннем беларускіх твораў запісалі ў Мінску кіраўнікі дыпмісій Фінляндыі, Чэхіі, Славакіі, Кыргызстана і Швецыі.

Прадстаўнікі дыпмісій ЗША, Рэспублікі Карэя, Украіны і Славакіі далучыліся да беларускамоўнага паэтычнага флэшмобу. 

Дыпламаты прызналіся, што ініцыятыва «Чытаем па-беларуску з velcom» з'яўляецца для іх асабліва цікавай з прычыны таго, што беларускай мовай ніхто з іх не валодае, аднак усе без выключэння лічаць яе важнай часткай нацыянальнай беларускай культуры.

 

Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі спадар Роберт Джон Райлі падключыўся да ініцыятывы і прачытаў верш Ніла Гілевіча «Белыя сыплюцца долу крышталікі…». Спадару Роберту Джону Райлі ўдалося перадаць настрой гэтага сапраўды «зімовага» твора.

 

Праект падтрымала і пасольства Рэспублікі Карэя. Памочнік Пасла Рэспублікі Карэя ў Беларусі Ю Хо Гел абраў для чытання верш Якуба Коласа «Надыход зімы». «Культура Беларусі вельмі адрозніваецца ад карэйскай. Яны абсалютна розныя, але кожная па-свойму цікавая. Беларуская мова здаецца мне вельмі прыгожай, і таму наша Пасольства з радасцю пагадзілася падтрымаць дадзеную ініцыятыву», — пракаментаваў Ю Хо Гел.

 

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італьянскай Рэспублікі Стэфано Б'янкі далучыўся да праекта з санетам Язэпа Пушчы «Дантэ Аліг'еры». Спадару Стэфано Б'янкі ўдалося знайсці твор, які аб'ядноўвае дзве культуры: беларускую і італьянскую.

 

Таксама да праекта далучылася амбасада Украіны. Яе прадстаўляе сын супрацоўніка Пасольства Украіны ў Беларусі Дзмітрый Цвердахлебаў. Для падтрымкі праекта хлопчык абраў твор Якуба Коласа «Будзь цвёрды».

 

Услед за Паслом Славацкай Рэспублікі Ёзэфам Мігашам ініцыятыву падтрымалі яго жонка і дачка. Дачка Пасла Славакіі Міхаэль Элізабэт Мігашова прачытала верш Янкі Купалы «Спадчына». Жонка Пасла Эва Мігашова абрала для чытання твор «Зоркі» гэтага ж аўтара, а таксама пракаментавала ўдзел у зімовым паэтычным флэшмобе: «Мы ўсёй сям'ёй вырашылі падтрымаць ініцыятыву, таму што праект падаўся нам вельмі цікавым. Беларуская мова — прыгожая і мілагучная, і наша дачка з асаблівым задавальненнем вывучае яе ў беларускай школе».

 

  Першы этап рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Чытаем па-беларуску з velcom» працягнецца да 20 снежня 2017 года. Конкурс праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі сярод навучэнцаў 7 і 8 класаў. Удзельнікам прапануецца запісаць відэа, на якім яны чытаюць адзін з твораў беларускай літаратуры. Затым неабходна размясціць відэа на асабістай старонцы ў адной з сацыяльных сетак (Укантакце, Facebook, Instagram) і пазначыць публікацыю афіцыйным хэштэгам конкурсу — #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom. Найлепшыя, на думку журы, канкурсанты будуць названы да 29 снежня 2017 года і возьмуць удзел у рэгіянальных этапах конкурсу ў 2018 годзе. Пераможцы рэспубліканскага фіналу атрымаюць смартфоны маркі Apple.

па інф. Наша ніва


Дата стварэння навіны 19.12.2017

Возврат к списку