АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Відэа: біткойн, блокчэйн і крыптавалюты: тлумачым на пальцах

Відэа: біткойн, блокчэйн і крыптавалюты: тлумачым на пальцах
18.12.2017
Біткойн — гэта крыптавалюта. Самая папулярная ў свеце, але не адзіная.

 Ёсць яшчэ Etherum, Bitcoin Cash, Ripple, Litecoin і нават беларускі талер. Яны ня маюць купюраў ці манэтаў, як рэальныя, не кантралююцца цэнтральнымі банкамі краінаў і існуюць толькі ў сеціве.


Што такое блокчэйн?

Крыптавалюты працуюць на падставе тэхналёгіі блокчэйн, інавацыйны патэнцыял якой ужо параўналі з вынаходжаньнем інтэрнэту.

 

Блокчэйн — гэта база дадзеных, якая складаецца з блёкаў транзакцый і адначасова захоўваецца на кампутарах па ўсім сьвеце, злучаных праз інтэрнэт.

 

Плюсы блокчэйну — у празрыстасьці, хуткасьці і нізкім кошце абслугоўваньня.

 

Калі вы перавялі крыптавалюту ад аднаго ўладальніка іншаму, сьведчаньне такой адпраўкі немагчыма зьмяніць або падрабіць, бо яна пацьвярджаецца сотнямі тысяч кампутараў па ўсім сьвеце.

 

Зьвесткі пра апэрацыі перадаюцца ланцужком шыфраваных кавалкаў — блёкамі. Пры гэтым кожны блёк зьмяшчае інфармацыю пра папярэдні. Інфармацыя пра апэрацыю даступная для прагляду любому карыстальніку ў любы час.

 

У адрозьненьне ад клясычных грашовых пераводаў, якія займаюць некалькі дзён, а пасярэднікі-банкі бяруць істотныя камісіі, блокчэйн робіць магчымым правядзеньне транзакцыі за лічаныя хвіліны, а ейны кошт у дзясяткі разоў таньнейшы, чым калі рабіць тое самае праз банк.

 

Патэнцыял выкарыстаньня блокчэйну неабмежаваны: ад рэестраў уласьнікаў нерухомасьці да арганізацыі выбараў. Уявіце, што кожны голас «за» ці «супраць» можна пасьля праверыць і немагчыма зьмяніць — поўная гарантыя ад фальсыфікацыяў.

 

Крыптамат — банкамат па набыцьці бітткойнаў у Кіеве

З чым можна параўнаць біткойн?

Не з далярамі і эўра, а з золатам ці срэбрам. Гэта каштоўны рэсурс, які выкарыстоўваецца ў якасьці валюты.

 У кодзе крыптавалюты закладзена абмежаваньне — ня можа быць выпушчана больш за 21 мільён біткойнаў. Пры гэтым лічбавая валюта можа дзяліцца на драбнейшыя часткі да бясконцасьці.

 

Сутнасьць крыптавалютаў — у ананімным абмене ўмоўнымі віртуальнымі адзінкамі (і абмене іх на тавары ці рэальныя грошы). Кожны можа праверыць, якія апэрацыі праводзіліся, але ня можа спраўдзіць, паміж кім і кім: вядомыя псэўданімы адпраўніка і атрымальніка віртуальных грошай, але ня іх рэальныя асобы.

 

Хто прадукуе біткойны?

Эмісію крыптавалютаў забясьпечваюць самі карыстальнікі. З дапамогай праграмаў для вылічэньня матэматычных альгарытмаў на сваіх кампутарах яны апрацоўваюць перавод біткойнаў, за што самі атрымліваюць «плату» ў адзінках віртуальнай валюты.

 

Гэты працэс завецца «майнінгам» — здабычай крыптавалюты праз забесьпячэньне яе існаваньня. Высокапрадукцыйны кампутар з адмысловым прыстасаваньнем зь відэакартаў называюць фэрмай для майнінгу крыптавалюты.

 


Майнінгавая фэрма расейскага бізнэсоўца Дзьмітрыя Марынічава ў Маскве

Калі перастане працаваць адзін з кампутараў сыстэмы, або нават калі ад сыстэмы адключыцца цэлы кантынэнт, яна працягне працаваць, ня страціўшы зьвестак пра ранейшыя і бягучыя пераводы грошай.

 

«Забіць» крыптавалюту могуць толькі яе «здабывальнікі», калі перастануць даваць ёй вылічальныя магутнасьці ў дастатковым аб’ёме.

 

Курс біткойна вызначаецца толькі тым, колькі самі людзі гатовыя аддаць рэальных грошай за адзінку крыптавалюты.

 

Пытаньні да крыптавалютаў

Іх шмат.

 

Біткойн існуе з 2009-га, але доўгі час мала хто ўспрымаў яго ўсур’ёз. Першы скачок кошту гэтай крыптавалюты здарыўся ў 2013 годзе. Спачатку біткойн дасягнуў узроўню 100 даляраў, а пасьля і 1000. Потым ён перажыў шмат узьлётаў і падзеньняў і спарадзіў каля 700 альтэрнатыўных крыптавалютаў.

 

Цягам 2017 году кошт лічбавай валюты вырас больш як у 20 разоў. 1 біткойн можна было прадаць за 17 тысяч даляраў.

 

Ніхто ня можа гарантаваць, што праз год ён не абясцэніцца ў 10 разоў.

 

 Некаторыя скептыкі лічаць, што гэта клясычная спэкулятыўная бурбалка, не зьвязаная з рэальнай дзейнасьцю на фінансавым рынку або з эканомікай.

 

Спэцыялісты таксама крытыкуюць закладзены ў біткойн прынцып ананімнасьці як тупіковы для прымяненьня ў сьвеце бізнэсу, дзе давер да партнэра — перадусім. Акрамя таго, вядомыя выпадкі, калі крыптавалюту выкарыстоўвалі, каб гандляваць зброяй ці наркотыкамі, ухіляцца ад сплаты падаткаў.

 

Які прававы статус крыптавалютаў?

Ён няпэўны. Большасьць краінаў не прызнае біткойны ў якасьці валюты, але не забараняе карыстацца імі. Дзе-нідзе, напрыклад у Японіі, крыптавалютай ужо можна расплаціцца ня толькі ў віртуальных, але і ў рэальных крамах.

 

На момант публікацыі крыптавалюты ў Беларусі не забароненыя, але і не дазволеныя да ўжываньня. Але неўзабаве іх могуць легалізаваць у новым ІТ-дэкрэце.

 

У 2017 годзе на менскім рынку нерухомасьці зьявілася першая кватэра, куплю якой можна аплаціць біткойнамі. А беларускі мастак прадаў першую карціну за біткойны.

па інф. радыё Свабода

 


Дата стварэння навіны 18.12.2017

Возврат к списку