АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Усе смяюцца, страху няма»

«Усе смяюцца, страху няма»
17.12.2017
Мінская мастачка Кацярына Рымашэўская напярэдадні кожнага Новага году прэзентуе драўляную фігурку жывёлы, якая, згодна з традыцыямі ўсходняга календара, будзе яго чарговым заступнікам.

Ігар Рымашэўскі. «На раўбіцкай лыжні»


2018-ы — год Жоўтага Землянога Сабакі. Адсюль і адпаведная сюжэтная лінія: гадаванец, будка, ланцуг. Праўда, з нюансамі.

 

Галоўная адметнасьць завядзёнкі, якую Кацярына запачаткавала яшчэ ў сярэдзіне нулявых, палягае ў тым, што ў розных варыяцыях у кампазыцыях фігуруе вобраз, які нагадвае кіраўніка Беларусі: ён абдымаўся з Казой, пераўвасабляўся ў Зайца, цяпер вось дайшла чарга да Сабакі.

 

Тры пакаленьні дынастыі экспэрымэнтатараў

Яе кватэра таксама і майстэрня. Уся вольная прастора занятая пад карціны, інсталяцыі, лялькі. У вольную хвіліну пэндзаль хутка ператварае палотнішча ў вясёлы «балаган», а лобзік напаўняе зьместам бясформенны кавалак дрэва. Вялікая колькасьць дробязяў на сьценах, паліцах сьведчыць, што не абыходзіцца без дзіцячага ўплыву — антураж цацачнай краіны ствараецца пад малога сына Рамана.


​Кацярына — прадстаўніца трэцяй генэрацыі вядомай творчай дынастыі. Яе бацькі — Ігар Рымашэўскі і Людміла Шчамялёва. Якраз іхныя жыцьцесьцьвярджальныя работы натхнілі на ламаньне звыклых рамак. Дзед — гуру беларускага жывапісу, народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, які і ў свае 94 стараецца не выпадаць з прафэсійнай абоймы.

 

Кацярына скончыла Мінскі мастацкі ліцэй пры Беларускай акадэміі мастацтваў, паступіла ў Інстытут сучасных ведаў на спэцыяльнасьць «Дызайн касьцюму і тканін». Не давучылася, паехала ў Вільню, дзе ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце стала адмыслоўцам у «культурных камунікацыях». Цягам усяго гэтага часу малявала.


«Напэўна, можна было радыкальна пераключыцца на нешта іншае, але калі гадуесся ў сям’і прафэсійных мастакоў, то маляваньнем будзеш займацца ў любым выпадку. Прынамсі аснова была закладзена ў дзяцінстве, гэта бясспрэчна», — канстатуе Кацярына.

 

У стылістыцы яе работ прасочваецца почырк таты і мамы, наватарскія ідэі дзеда. Ніхто зь іх не цураўся актуальных тэмаў. Дарэчы, некаторыя творы трапілі ў нядаўнюю прынагодную падборку Свабоды.

 

«Найбольшае задавальненьне прыносяць, безумоўна, карціны, — працягвае суразмоўца. — Але, шчыра кажучы, бяруся за ўсё — і вершы складаю, і афарміцельствам займаюся. Якраз расьпісваю драўляныя скрынкі для вытворцаў гарбаты пад брэндам „Калі ласка“. Наогул цікава тое, што дае разгуляцца фантазіі. Навагоднія фігуркі з жывёламі ўсходняга каляндара — з той жа сэрыі».

 

Бэтмэн з беларускай адаптацыяй

Кацярына Рымашэўская афіцыйна нідзе не працуе — цалкам падзяляе некалі растыражаваную думку, што сапраўдны мастак мусіць быць вольным. Хай сабе і не заўсёды сытым.

 

«Мабыць, фармальна нават падпадаю пад дэкрэт аб дармаедзтве, — разважае яна. — Але Раману пакуль яшчэ 6, чытала, што мамак зь дзецьмі да 7 гадоў нібыта не чапаюць. Відаць, трэба афармляць рамесьніцтва, хоць канчаткова ня вырашыла. Ня буду ўтойваць, што адна з маіх мэтаў — урэшце зваліць з гэтай стабільнасьці. Таму не хачу сябе нечым абмяжоўваць. Працоўных кніжак у мяне з роду не было, спадзяюся, і ня будзе. Наогул стараюся не сацыялізавацца».

 

Прымусіць смяяцца з аўтарытарных замашак

Цікаўлюся, чым выкліканы інтарэс да пэрсанажа, падобнага на высокапастаўленую асобу. Бо звычайна на некім засяроджваюцца ці ад вялікай любові, ці ад акцэнтаванай іранічнасьці.

З думай пра Беларусь

Лукашэнка настолькі трывала зайшоў у жыцьцё кожнага, што безь яго ўжо нікуды, — іранізуе Кацярына. — У 1990-х мы жылі на плошчы Перамогі, ад самага дзяцінства была ў віры акцый, мітынгаў, разгонаў. Натуральна, усё актыўна абмяркоўвалася, сям’я рэагавала адназначна: пэрсанаж, супраць палітыкі якога і выходзілі пратэставаць людзі, высьмейваўся — калі па-добраму, калі ня вельмі. Самай ярай апазыцыянэркай была бабуля. Ну і мы зь сяброўкамі таксама ўсюды хадзілі. Як той сказаў, прапусьцілі празь сябе«.

 

Ці ня стрымлівалі бунтарскі імпэт бацькі? І ці не асьцерагалася яна сама, што палітычная актыўнасьць магла каштаваць месца ў навучальнай установе, як здарылася зь іншымі?


«Ды бацькі самі, па сутнасьці, мяне гэтаму і навучылі, — весела рэагуе Кацярына. — Тата і мама трымаюцца абсалютна выразнай пазыцыі на ўсе падзеі, што тут адбываюцца. У гэтым сэнсе ўсё нармальна. Дый увогуле я кантактую з адэкватнымі людзьмі, выпадковых у маім жыцьці няма. Таму ніякіх сюрпрызаў ні для кога быць не магло».

 

Хоць масавыя акцыі часьцяком заканчваліся разгонамі і адміністрацыйнымі арыштамі, Кацярына ня толькі на ўсё стаічна рэагавала, а клала ў аснову мастацкіх сюжэтаў ды пэрформансаў.

 «Ёсьць у мяне карцінка — карнавал вакол навагодняй ялінкі, — паказвае працу мастачка. — Неяк адзначалі Новы год, вырашылі пераапрануцца ў розных герояў. Я была ў „алімпійскім“ касьцюме а-ля Лукашэнка, з вусамі. Ну і потым працягвалі традыцыю. А неяк вырабіла пазнавальную фігурку. Потым яшчэ, яшчэ... Мне самой было сьмешна і цікава — усё ж нейкая барацьба, актыўнасьць... Сёньня той пэрсанаж ужо так не натхняе, выразаю проста для забавы, на падарункі сябрам. Шкада расплёскваць на гэта энэргі».

 

Зразумела, што сябры ўспрымаюць такую творчасьць са сьмехам. А ці няма страху ў вачах тых, хто, магчыма, лічыць падобную самадзейнасьць ледзь не крамолай?

 «Ды не, усе сьмяюцца, страху няма, — кажа Кацярына. — Мне здаецца, ня так ужо цяпер дрэнна, каб за такое „адкручваць галовы“. Што не баяцца, дык гэта дакладна. А можа, пашанцавала, што ў мяне нармальныя сябры, якіх нічым не запалохаеш. Аднак неяк так трансфармавалася, што палітыка стала абсалютна нецікавай, келейнай. Няма ахвоты нават прысьвячаць ёй залішнюю увагу».

 

Расфарбаваць звыклую будзённасьць

На хвалі дэмакратызацыі першай паловы 1990-х палітычнай карыкатуры, мастацкага пэрформансу было непараўнальна больш. Сёньня жанр «плякатнасьці» практычна зьнік. Ці толькі з прычыны новых тэхналёгій? Ці мо творцы сапраўды сталі больш абачлівымі — як бы не нашкодзіць найперш сабе?

 

«З аднаго боку, здаволіліся. З другога, сам пэрсанаж зжыў сябе. Ну і плюс дадзенасьць: намаляваць намалюеш, а дзе пакажаш? Толькі ў стол. Нават калі выставіш, то прыйдуць і загадаюць сьцерці. Так паступова і вынішчылі. Каго трэба, пакаралі — пазбавілі свабоды, працы, вымусілі эміграваць. Ідэй куча, каб давесьці да сьмешнай рэалізацыі. Але выглядае, што ня тут і не цяпер. Зноў жа, дзеля чаго?» — перапытвае Кацярына.

Яна кажа, што, пачынаючы галерэю вобразаў з пазнавальным пэрсанажам, ня мела задумы атрымліваць з гэтага нейкія дывідэнды: «Падурэць, ня болей за тое», — канстатуе мастачка.


«Скульптура цяпер займае меншае месца, бо ўзьнікае элемэнтарнае пытаньне: куды гэта ўсё потым прыткнуць? — кажа яна. — Хіба нейкая замова — камусьці тэрмінова спатрэбілася. Таму больш засяроджваюся на карцінах, усё ж тавар больш хадавы. Хтосьці называе гэта „наівам“, „прымітывам“... З часам усё мяняецца, але там мая ўнутраная сутнасьць, я яе адлюстроўваю. Да дакладных характарыстык не прывязваюся — як ёсьць, так ёсьць...»

Сваю кватэру-майстэрню Кацярына Рымашэўская называе «экспэрымэнтальнай базай». Паркетная падлога стала гіганцкай палітрай, фасад клясычнай мэблі атрымаў «кіслотную» расфарбоўку, шкілет на сьцяне суседнічае з сэрцам у разрэзе. Рознакаляровае жыццё супраць шэрай будзённасці.


па інф. радыё Свабода


Дата стварэння навіны 17.12.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку