АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Ці заменіць Bitcoin долары ў заначках беларусаў? Чатыры гісторыі пра тое, як беларусы страцілі свае біткоіны

Ці заменіць Bitcoin долары ў заначках беларусаў? Чатыры гісторыі пра тое, як беларусы страцілі свае біткоіны
14.12.2017
14 снежня 2017 года за 1 біткоін можна атрымаць 16924 долары. Цягам дня курс вагаецца, але істотна танней BTC каштаваць сёння не будзе.

5 кастрычніка 2009 года за 1 долар давалі 1309 біткоінаў. Не наадварот. Але ўжо тады ў Беларусі былі людзі, якія верылі ў патэнцыял крыптавалютаў і пачыналі "майніць" — зарабляць яе, праводзячы на сваіх камп'ютарах складаныя матэматычныя разлікі.

Еўрарадыё сабрала чатыры гісторыі беларусаў і іх біткоінаў. Спойлер: ніхто з нашых герояў не здолеў вывесці BTC у фіятныя (гарантаваныя дзяржавай) грошы.

Вадзім Шмыгаў. "Пул заявіў, што яго ўзламалі — гэта чыстай вады махлярства"

Быў такі пул, дзе сумесна здабывалі біткоін — 50 BTC. Самому выйгрышнага блока можна чакаць вельмі доўга, а там людзі майнілі разам. Узнагарода, якую атрымліваў адзін з удзельнікаў, дзялілася на ўсіх прапарцыянальна хуткасці вылічэнняў — так ты гарантавана атрымліваў нейкія грошы.

Гэта было ў 2013 годзе. Мы майнілі разам з сябрам. Сабралі дзве "фермы". Цікава, што менавіта на іх літаральна праз два дні пасля старту і прыйшоў выйгрышны блок у 50 BTC, якія сэрвіс падзяліў паміж карыстальнікамі. Пачалі мы не ў найлепшы момант, бо літаральна праз два тыдні падвысілася складанасць, і майніць на фермах стала нявыгадна.

 

У нас на тым сервісе завісла 3,6 біткоіна. Раптам пул заявіў, што яго ўзламалі, і ўсе грошы скрадзеныя. Гэта чыстай вады махлярства — я лічу, што яны імітавалі ўзлом. Было абвешчана, што з таго сервісу было скрадзена 10 тысяч BTC (1 біткоін на той момант каштаваў $165).

 

Калі ўладальнікі 50BTC цяпер чытаюць гэты артыкул (не сумняюся, лежачы на ўласным востраве ў Ціхім акіяне) — вярніце хаця б частку ад таго, што скралі, сюды: 1BMC8ZXnESA3Cgz2KDJSTBTxtwmpDVQ9zf

 

Гістарычны скрыншот, які Вадзім Шмыгаў зрабіў адразу пасля "крадзяжу" біткоінаў.

У выніку мы засталіся ў мінусе, бо за электрычнасць плацілі каля $200 на месяц і нічога не вывелі ў чаканні "круглай" лічбы і заканчэння запампоўвання "халоднага" кашалька. Той момант мяне расчараваў, але маё стаўленне да тэхналогіі блокчэйн не змянілася — я верыў у яе ад пачатку і веру цяпер. Людзям, якія звярталіся да мяне тады па параду, я раіў нават не майніць, а проста на ўсе грошы набываць BTC.

 

Мая жонка як юрыст пачала даследаваць рэгуляцыю крыптавалютаў у 2013-м і абараніла дыпломную працу па гэтай тэме. Але, перажыўшы негатыўны досвед, сам я перастаў займацца крыптай — цяпер проста назіраю, што з ёй адбываецца. І дарма.

 

А яшчэ дурнейшая гісторыя здарылася з лайткоінамі і сабакакоінамі, якія мы майнілі месяц-другі, пакуль фермы не разабралі. Кашалькі з імі заставаліся ў сябра на ноўце, які раптам сапсаваўся. Мы адвезлі яго на сервіс, а тамтэйшыя ўмельцы ўзялі і фарматнулі дыск! Лайткоінаў было на $18 тысяч па сённяшнім курсе.

 

Ананімны беларус. "Тады трэба былі хуткія грошы, а крыпта — адкладзеныя інвестыцыі"

Я проста пабалаваўся, калі біткоін толькі з'явіўся. Яны вельмі павольна майніліся, комп у мяне тады быў не надта. Але пара штучак іх была. Колькі дакладна — не памятаю. Мне падалося, што занадта мала, і я папросту забіў на тое.

Гэта было яшчэ ў 2010 годзе, тады BTC нічога не каштаваў. А вінчэстары, на якіх яны захоўваліся, з таго часу ўжо некалькі разоў перазапісаныя і выкінутыя. Аднавіць немагчыма.


 

 

Запуск беларускай крыптавалюты "Талер" адклалі ў чаканні дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі".


Я ўвогуле ўсё пра*баў. Памятаю, як з'явіўся эфірыум. Таксама ні*ера ён не каштаваў. Назіраў з'яўленне дэша, і туды цалкам мог улезці... Але было лянотна. Думалася: "Ай, потым займуся".

 

Я асабліва пра гэта не шкадую. Потым пачаў з электроннымі грашыма і на крыпту не звяртаў увагі. Тады трэба былі хуткія грошы на паесці, таму абмен электронных грошай быў значна больш выгадным. А крыпта, хоць шмат хто і казаў, што будзе расці, ну... Яна выглядала як адкладзеныя інвестыцыі.

 

Мікалай Брэгід. "Цяпер намагаюся не ўспамінаць, але крыўдна"

Я меў некалькі дзясяткаў долараў у біткоінах, але патраціў іх на камп'ютарныя гульні. На жаль, падрабязней не памятаю. Дзесьці набыў трохі "сатошы" і чакаў, калі яны вырастуць у цане. А калі ўбачыў курс 240 долараў за біткоін — набыў на іх некалькі бандлаў "Humble Bundle". Цяпер намагаюся не ўспамінаць, але крыўдна. Аніякіх справаў з біткоінам больш мець не збіраюся, бо наслухаўся крытыкі ад Сяргея Чалага.

 

Humble Bundle ("Сціплы набор") — серыя эксперыментаў па продажы зборнікаў гульняў для смартфона, якія распаўсюджваліся па мадэлі "плаці колькі хочаш".


Вадзім Іосуб. "Дурны занятак — шкадаваць пра нешта ў мінулым"

  Гэта было ў 2013 годзе. У тыя часы яшчэ можна было нешта намайніць на камп'ютары. Толькі-толькі пачыналіся размовы пра тое, што для майнінгу можна выкарыстоўваць відэакарты.

 

Я паставіў сабе кашалёк, запусціў на хатнім камп'ютары, і нешта нават намайнілася. Дакладных лічбаў не памятаю. Але па часе гэта супала з моцным падзеннем BTC, звязаным з арыштам гандлёвай пляцоўкі Silk Road. Біткоін тады каштаваў $100-200.

 

Нават думкі памяняць біткоіны на грошы не было — ні на якіх крыптабіржах я не рэгістраваўся. Проста было цікава, як гэта працуе і ці атрымаецца. Атрымалася, але я паглядзеў, што майнінг бязлітасна жарэ магутнасці працэсара, і ўсё сцёр.

 

Я пра гэта не шкадую, бо шкадаваць — гэта па-дурному. Працуючы на фінансавых рынках, добра разумееш, наколькі гэта дурны занятак — шкадаваць пра нешта ў мінулым. Іначай можна кожны графік браць і думаць: і чаго ж я тут не набыў, а тут не прадаў. Абсалютна бессэнсоўны занятак!



Дата стварэння навіны 14.12.2017

Возврат к списку

cashback