АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У чым заключаюцца «ціхія» рэформы ў эканоміцы?

У чым заключаюцца «ціхія» рэформы ў эканоміцы?
14.12.2017
Улады праводзяць неаб’яўленыя, але надзвычай істотныя зьмены ў эканамічным курсе, стасунках з грамадзтвам і інфапалітыцы.


У апошнія два гады ўлады Беларусі праводзяць «ціхія» рэформы ў эканоміцы. Перамены таксама назіраюцца ў адносінах чыноўнікаў з грамадзтвам і нават у адносінах паміж уладамі і апазыцыяй. Гэтыя зьмены вельмі істотныя, хоць і не заўсёды заўважальныя для зьнешніх назіральнікаў. У чым яны заключаюцца? Пра гэта расказалі ў Варшаве ўдзельнкі беларускай экспэртнай супольнасьці «Наше мнение». Аналітыкі прынялі ўдзел у канфэрэнцыі «Беларусь: перамены ў палітыцы і новыя магчымасьці ўплыву», на якой пабываў Аляксандар Папко.

 

Пачынаючы з 2015 года ўрад Андрэя Кабякова пачаў праводзіць «маўклівыя рэформы». Менск не папярэджваў насельніцтва пра істотныя зьмены ў эканамічным курсе. Яны нават суправаджаліся антырэфарматарскай рыторыкай Алясандра Лукашэнкі. Тым ня менш, сёньняшняя эканамічная палітыка мала нагадвае тую, якая праводзілася да канца 2014 году – кажа галоўны рэдактар сайту экспэртнай супольнасьці «Наше мнение» палітоляг Анатоль Панькоўскі.

 

Васіль Мацюшэўскі, Мікалай Снапкоў, Павел Калаўр і іншыя тэхнакраты ў беларускім урадзе правялі тры значныя рэформы. Яны стабілізавалі нацыянальную валюту, перасталі друкаваць грошы дзеля падтрымкі стратных дзяржпрадпрыемстваў і павысілі тарыфы ЖКГ, што прымусіла людзей цікавіцца, на якія камунальныя паслугі яны аддаюць свае грошы.

Анатоль Панькоўскі: Найбольшых посьпехаў удалося дасягнуць у манэтарнай палітыцы. Быў уведзены плаваючы абменны курс, нацбанк пачаў прымяняць больш гнуткія інструмэнты манэтарнага рэгуляваньня. Па-другое, быў стрыманы неабгрунтаваны рост заробкаў і спынена дырэктыўнае крэдытаваньне прадпрыемстваў. Па-трэцяе, адбылася частковая рэформа ЖКГ і ліквідацыя перакрыжаванага субсідыяваньня.

 

Акрамя таго, адбыліся зьмены ў пэнсійным заканадаўстве. Пэнсійны ўзрост, як і працоўны стаж былі павышаныя. Плюс быў прыняты Дэкрэт №7 аб разьвіцьці прадпрымальніцтва. Акрамя гэтага, былі ўнесеныя зьмены ва ўказ аб кантрольна-нагляднай дзейнасьці. Чакаецца дэкрэт аб парку высокіх тэхналёгіяў. Усё гэта паспрыяе далейшаму перацяканьню працоўных рэсурсаў з дзяржаўнага сэктару ў прыватны.

 

У выніку гэтых пераменаў беларуская эканоміка стала больш ашчаднай. Зьнікла рызыка новых дэвальвацыяў, але даходы насельніцтва расьці перасталі. І ў бліжэйшы час яны наўрад ці вырастуць, бо мераў, якія прыняў урад, недастаткова для таго, каб эканоміка пачала разьвівацца.

 

Анатоль Панькоўскі: Пакуль мы можам казаць толькі пра стабілізацыю эканамічнай сытуацыі ды прадухіленьне катастрафічных дэвальвацыйных сцэнараў, якія адбываліся ў 2011 і 2014 гадах. Ня думаю, што гэтыя перамены павысяць дабрабыт насельніцтва. Многія групы, наадварот, пацерпяць. Чакаецца павелічэньне колькасьці беспрацоўных, рост працоўнай міграцыі. Я б не казаў, што наступны год будзе добрым для насельніцтва.

 

Цяпер назіраецца самы доўгі пэрыяд пацяпленьня стасункаў Беларусі з Захадам, а ўлады беспрэцэдэнтна доўга прытрымліваюцца прарынкавага курсу. Чаму? Таму, што зьмяніўся сьвет вакол Беларусі, зьмяняецца структура беларускай эканомікі й само беларускае грамадзтва – кажа палітоляг Валерыя Касьцюгова. Ва ўрад прыходзіць новае пакаленьне чыноўнікаў, зьмяняюцца тэхналёгіі, расьце доля занятых у прыватным сэктары, зьмяняецца грамадзкая мараль. Улады ўжо ня могуць і ня будуць кіраваць па-старому.

Валерыя Касьцюгова: З'явілася больш крыніцаў інфармацыі, больш магчымасцяў дайсці да кожнага канкрэтнага спажыўца інфармацыі, адбываюцца перамены на рынку працы. Усё больш людзей працуе ў калектывах прыватных прадпрыемстваў, якія цяжка мабілізаваць. Працаўнікоў «Евроопта» цяжка змусіць прагаласаваць датэрмінова. Зрэшты, іх цяжка мабілізаваць і на нейкую альтэрнатыўную палітычную актыўнасьць. Уладам прыходзіцца зьмяняць стратэгіі палітычнага кіраваньня, а таксама шукаць новыя крыніцы для росту эканомікі. Беларусь усё больш абапіраецца на эканоміку паслугаў і ўсё менш – на эканоміку вытворчасці.

 

Перамены ў геапалітычнай сытуацыі й ва ўласнай эканоміцы прымусілі беларускія ўлады прыслухоўвацца да голасу грамадзянаў і нават весьці дыскусію з прадстаўнікамі апазыцыі – кажа палітоляг Дзьмітры Кухлей.

Дзьмітры Кухлей: Хачу прывесьці два прыклады, калі і грамадзянская супольнасьць, і апазыцыя паўплывалі на зьмену палітыкі ўладаў. Першы прыклад – гэта пратэсты супраць «Дэкрэту аб дармаедах», калі прафсаюзы, грамадзкія актывісты й палітычныя партыі разам дабіліся таго, што дэкрэт быў замарожаны. Другі прыклад – гэта справа жаўнера Аляксандра Коржыча, забітага ў Печах. Гэтая справа ізноў паказала, які ўплыў мае грамадзянская супольнасьць, незалежныя СМІ й апазыцыя на беларускія ўлады. Калі мы зьвернем увагу на мясцовыя ініцыятывы – напрыклад – пратэсты супраць забудовы гарадзкіх раёнаў – то ўбачым, што ўлады таксама ідуць насустрач грамадзтву ў найбольш рэзанансных справах. Я думаю, што гэтая тэндэнцыя працягнецца і ў наступным годзе, а можа нават узмацніцца.

 

Істотныя перамены адбываюцца і ў сьветапоглядзе беларусаў – кажа дырэктар Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі. «Беларускі зазор» – адрозьненьне паміж тым, як успрымаюць міжнародныя падзеі беларусы й расейцы – за апошні год істотна вырас. Ён будзе надалей павялічвацца – прагназуе сацыёляг.

Андрэй Вардамацкі: Найбольш яскравым індыкатарам зьяўляюцца адносіны грамадзтва да далучэньня Крыму да Расеі. У Расеі яго падтрымліваюць каля 86% грамадзтва. У Беларусі два гады таму далучэньне Крыму да Расеі падтрымлівалі 70% насельніцтва, а цяпер гэтая розьніца павялічваецца. Калі ў жніўні гэтага году 63,8% беларусаў казалі, што яны падтрымліваюць далучэньне Крыму да Расеі, то ў верасьні гэтая лічба ўпала да 52,9%. Тэндэнцыі сьведчаць, што гэты «беларускі зазор» будзе павялічвацца. Чаму? Таму, што павялічваецца актыўнасьць беларускіх СМІ, якія ўводзяць свае інфармацыйныя і аналітычныя праграмы. Расьце папулярнасьць інтэрнэт-рэсурсаў. Гэта будзе мець свой уплыў.

 

Змены ва ўласным грамадзтве й навакольным сьвеце прымушаюць беларускія ўлады адыходзіць ад жорсткага аўтарытарызму ў палітыцы й каманднай сыстэмы ў эканоміцы. Менск вымушаны праводзіць больш рынкавы курс, пачаць дыялёг з грамадзтвам. Пакуль ніхто ня ў стане прадказаць, як доўга працягнецца такая палітыка. Не вядома, ці вытрымае такі курс сам Аляксандар Лукашэнка, як будзе сябе паводзіць Расея. Але ў апошнія гады варыянтаў будучыні, у тым ліку й аптымістычных варыянтаў, у Беларусі стала больш – падсумавалі экспэрты.

 

па інф.radyjo.net


Дата стварэння навіны 14.12.2017

Возврат к списку