АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Акадэміка Вайтовіча не запрасілі на з’езд вучоных з удзелам Лукашэнкі

Акадэміка Вайтовіча не запрасілі на з’езд вучоных з удзелам Лукашэнкі
13.12.2017
З'езд вучоных, на які сабралася больш за 2 тысячы навукоўцаў Беларусі, закрыўся. А канкрэтнага плану развіцця няма ні ў Акадэміі навук, ні ў краіне.

Акадэміка, 11-га прэзыдэнта Акадэміі навук, экс-старшыню Савета Рэспублікі Аляксандра Вайтовіча, які працуе ў Інстытуце фізыкі з 1960 году, ня выбралі дэлегатам зьезду.

 

Аляксандар Вайтовіч — аўтар 250 навуковых прац і 25 вынаходак у галіне лазэрнай фізыкі, оптыкі, фізыкі нанапамерных структур, паведаляе радыё Свабода.

 

— Як выбіралі дэлегатаў зьезду? Чаму так адбылося, што былы прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук туды ня трапіў?

 

— Хто будзе дэлегатам зьезду, прапаноўваў дырэктар інстытуту, а навуковая рада зацьвярджала кандыдатуры. Так што выбараў у прамым сэнсе гэтага слова не было. Мяне не прапанавалі.

 

— 2017 год абвешчаны Годам навукі. Вы працуеце ў навуцы больш за паўстагодзьдзя і ведаеце сытуацыю знутры. Ці адчулі вы ўвагу да навукі і клопат пра навукоўцаў сёлета?

 

— Што тычыцца Года навукі, гэта прапагандысцкая акцыя ў чыстым выглядзе. Якіх толькі гадоў у нас не было: і Год маці, і Год культуры, Год парадку на зямлі, цяпер вось Год навукі. Міне год, а нічога ж не мяняецца. Трэба не «гады чагосьці» прызначаць, неабходна напружаная праца паводле канкрэтнага пляну, паводле канкрэтнай праграмы разьвіцьця краіны. Так што да ўсіх гэтых гадоў я стаўлюся скептычна.

 

— На сайце Нацыянальнай Акадэміі навук апублікаваны праект «Стратэгіі „Навука і тэхналёгіі: 2018 — 2040“», яна будзе прынятая заўтра на зьезьдзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Як вы ацэньваеце гэты дакумэнт?


— Натуральна, я вывучаў гэты дакумэнт, ён і цяпер перада мной. Але там няма ніякай стратэгіі, там агульныя словы. Павінен быць плян канкрэтных дзеяньняў, які выконваецца, які з часам зьмяняецца, таму пастаянна ўзьнікаюць новыя зьявы, якія прымушаюць карэктаваць плян. А ўсе гэтыя стратэгіі і тактыкі, прымеркаваныя да зьездаў — агульныя фразы, нічым не падмацаваныя.

 

Мяне вельмі засмучаюць тэрміны — ажно да 2040 году! Як можна прадугледзець, што будзе ў навуцы праз 23 гады? Можна паўтараць з году ў год, што мы будуем інтэлектуальную Беларусь, высокатэхналягічнае грамадзтва, разьвіваем лічбавыя тэхналёгіі, нанаіндустрыю, але гэта і так зразумела. Усё разьвіцьцё навукі сьведчыць пра тое, што пастаянна зьяўляецца штосьці новае. А як гэта можна прадугледзіць?

 

Канкрэтнага пляну дзеяньняў у гэтай стратэгіі я ня бачу. Пакуль гэта агульныя словы і чарговая стратэгія на паперы. Як развіваць, вось што самае галоўнае.

 

Неабходна ясна акрэсліць праблемы, якія існуюць у навуцы і патрабуюць неадкладнага вырашэньня, чаго ўмела і наўмысна пазьбягае кіраўніцтва Акадэміі навук і кіраўніцтва краіны.

 

— У рашэньнях І зьезду вучоных, які адбыўся 10 гадоў таму, было заплянавана «павышэнне навукаёмістасьці ВУП да 3%». У рэзалюцыі так было запісана. Ці выкананы гэты ключавы паказнік?

 

— Ды пра што вы кажаце! Ня тое што павышэння няма, ёсьць падзеньне. У 2016 годзе — да 0,5%. Гэта асноўны паказчык у навуцы. Пры цяперашнім падыходзе, калі і далей будзе 0,5% — навука не падымецца, а будзе толькі згасаць.

 

На першым зьезьдзе вучоных у 2007 годзе пісалі прагнозы на 13 гадоў наперад, цяпер — на 23, да 2040 году.

 Чытаю новую стратэгію: «Да 2040 году навукаёмістасць валавога ўнутранага прадукту павысіць да 3%». А 10 гадоў таму было напісана «да 2020 году дасягнуць 3%». Паўтару лічбу — у 2016 годзе было 0,5%, у 6 разоў менш. На 2018 год наагул росту не запланавана. Вось так мы пішам рашэнні і так іх выконваем! Так што сытуацыя цяжкая.

 ​Цытата са Стратэгіі: «Ключавы паказьнік узроўню навукі і інавацый — навукаёмістасьць ВУП. У вядучых краінах сьвету яе велічыня складае ў сярэднім 2,5 — 3% ад ВУП. У Беларусі навукаёмістасьць ВУП апошнія гады складае каля 0,5%, што ніжэй за парогавае значэньне, вызначанае Канцэпцыяй нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь (1%)».

 

— Ну і вечнае пытанне: што рабіць?

 

— Неабходны рэальны плян канкрэтных дзеяньняў і выканьне яго. Вядома, можна сабрацца на зьезд, чарговы раз паразмаўляць, нешта абмеркаваць, прыняць, як было і на першым зьезьдзе. Але ж нічога ня зроблена! Трэба пакрокавыя пляны, якія давядзецца пастаянна карэктаваць. Зьявіліся лазэры — і ўсё па-новаму пайшло ў навуцы. Зьявіліся інфармацыйныя тэхналёгіі, інтэрнэт — і сьвет перакуліся, усё пайшло па-новаму. Немагчыма прадугледзець стратэгію і рабіць прагнозы ў навуцы на чвэрць стагодзьдзя наперад.

 

Безумоўна, навукоўцы працуюць, ёсьць сур’ёзныя дасягненьні, адкрыцьці, перамогі. Але канкрэтнага пляну разьвіцьця няма ні ў Акадэміі навук, ні ў краіне.

 




Дата стварэння навіны 13.12.2017

Возврат к списку

cashback