АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Пераемніца Маці Тэрэзы: «Шчыра спадзяюся, што мы атрымаем пакліканні з Беларусі»

Пераемніца Маці Тэрэзы: «Шчыра спадзяюся, што мы атрымаем пакліканні з Беларусі»
12.12.2017
11-12 снежня з візітам да сясцёр Маці Тэрэзы, якія нясуць служэнне ў Доме міласэрнасці ў Гомелі, прыбыла генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі місіянерак любові с. Прэма Перык.

Манахіня, якая ўзначальвае супольнасць, заснаваную калісьці святой Маці Тэрэзай з Калькуты, упершыню наведвае Беларусь, піша catholic.by

64-гадовая с. Прэма Перык паходзіць з Германіі і з’яўляецца трэцяй настаяцельніцай пасля св. Маці Тэрэзы і с. Нірмалы Джошы з Індыі. Манахіня ўзначальвае Кангрэгацыю з 2009 года.

 

У каментарыі для Catholic.by c. Прэма прызналася, што ўскладае вялікія надзеі на мясцовыя пакліканні з Беларусі:

 

«З усіх беларускіх гарадоў сёстры з нашай супольнасці нясуць служэнне толькі ў Гомелі. На жаль, пра пашырэнне дзейнасці на іншыя гарады пакуль не можа быць і гаворкі: працы хапае і ў Гомелі, а сясцёр тут усяго некалькі».

 

Манахіня адзначае, што з Беларусі ў супольнасці няма пакуль што ніводнай сястры.

 

«У Кангрэгацыі ёсць адно пакліканне з Расіі, вельмі шмат дзяўчат з розных куткоў Польшчы, але з Беларусі пакуль нікога. Але я вельмі спадзяюся, што пакліканні будуць. Мясцовыя дзяўчаты добра знаёмыя з асаблівасцю працы нашых сясцёр. Застаецца маліцца, каб Пан Бог даў ім такое пакліканне».

 

У Беларусі сёстры місіянеркі нясуць служэнне ўжо больш за 20 гадоў. Яны з’яўляюцца ўраджэнкамі Індыі, Польшчы і Філіпін.

 

Кангрэгацыя місіянерак любові была заснавана Маці Тэрэзай у 1948 г. у Калькуце (Індыя). Сёстры працуюць, клапоцячыся пра дзяцей, бедных і беспрытульных.

 

З біяграфіі с. Прэмы Перык

 

Свецкае імя с. Прэмы — Метхільд Перык. Яна нарадзілася ў 1953 годзе ў горадзе Рэкен (Германія). У 1980 годзе пазнаёмілася з Маці Тэрэзай, якая наведвала Германію. У тым жа годзе, ва ўзросце 27 гадоў, натхнёная прыкладам Маці Тэрэзы, уступіла ў Кангрэгацыю. Працавала ў Рыме, Неапалі і Мадрыдзе сярод бедных і абяздоленых.

 

Падчас наведвання Маці Тэрэзай Святога Пасаду сястра Прэма дапамагала ёй у якасці перакладчыка.

 


Дата стварэння навіны 12.12.2017

Возврат к списку