АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

«За часамі Шушкевіча і ў нас суды вызвалялі падследных з-пад варты»

«За часамі Шушкевіча і ў нас суды вызвалялі падследных з-пад варты»
12.12.2017
Пячорскі раённы суд Кіева адмовіў пракуратуры ў змяшчэнні пад варту былога прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі, падазраванага ў злачынстве.

У беларускай судовай практыцы апошніх 20 гадоў фактычна няма выпадкаў, каб адвакат праз суд дамогся вызваленьня падследнага.

Паводле беларускага закону следчы з санкцыі пракуратуры без судовага рашэньня можа адправіць падследнага за краты на пэўны тэрмін, які можна працягваць фактычна бясконца. Праўда, пасьля пратэсту абароны падследнага суд можа адмяніць гэтае рашэнне, але першае слова ўсё роўна застаецца за седчым.

 

У інтэрв'ю Свабодзе былы судзьдзя і адвакат Гары Паганяйла згадаў, што на пачатку 1990-х гадоў такая практыка пачала ў Беларусі мяняцца. «Мы стартавалі нават з горшых пазыцый, але пачалі хутка ўдасканальваць і закон, і практыку», — успамінае ён.

Міжнародны пакт, вышэйшы за нацыянальны закон

Паводле Гары Паганяйлы, да 1991 году, калі старшынём Вярхоўнага Савету стаў Станіслаў Шушкевіч, беларускі крымінальна-працэсуальны закон увогуле не прызнаваў за судом права кантраляваць дзейнасьць сьледчых адносна меры стрыманьня. Але калі Беларусь ратыфікавала факультатыўны пратакол да Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, сытуацыя пачала імкліва мяняцца. Менавіта на гэты дакумэнт, бо ён вышэйшы за нацыянальны закон, пачалі спасылацца беларускія адвакаты, дамагаючыся вызваленьня з-пад варты на час следзтва сваіх падабаронных.

 

«Былі гучныя справы, падчас якіх мы патрабавалі ад судоў зьмяніць падследным меру стрымання. І гэта дзейнічала, нашы скаргі пачалі задавальняць. Нават дэпутаты парлямэнту мусілі тэрмінова падрыхтаваць змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, паводле якіх судам далі права адмяняць рашэньне сьледчых. Але такая практыка мянялася марудна, а ў сярэдзіне 90-х гэты працэс спыніўся канчаткова», — кажа цяперашні праваабаронца Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла.


Трымаць падследнага за кратамі трэба найперш следчаму

Паводле праўніка, беларускія суды «выдатна ўбудаваныя» ў рэпрэсіўны апарат і выконваюць у ім вузкую функцыю — толькі караць, а ня быць арбітрам. А колькі сядзець да суду — па-ранейшаму вырашае следзтва.

 

«Утрыманне падследнага пад вартай, калі гаворка не пра цяжкае злачынства, найперш патрэбна следчым — каб пад ціскам атрымліваць доказы і прызнанне віны, бо інакш яны працаваць ня ўмеюць», — мяркуе суразмоўца.

 

Гары Паганяйла лічыць, што пры дзейным палітычным рэжыме не выпадае чакаць, што ўлады самі рэфармуюць судовую сыстэму настолькі, каб перадаць судзьдзям замест следчых права вырашаць, трэба падсьледнага трымаць пад вартай ці дастаткова будзе хатняга арышту, падпіскі аб нявыезьдзе ці абавязання зяўляцца да следчых паводле позвы.

 

Між тым у суседніх з Беларуссю краінах толькі суды вырашаюць, ці адпраўляць чалавека за краты і на які тэрмін, пакуль па ягонай справе вядзецца следзтва. Гэтак закон дзейнічае ня толькі ў Польшчы, Літве і Латвіі, якія ўваходзяць у Еўразвяз, але і ва Ўкраіне і ў Расіі.

 

Чаму Беларусь — выключэнне?

«Бо мы нават не ўваходзім у Раду Еўропы, як тая ж Украіна ці Расія. А ў краінах, якія ўваходзяць у Раду Еўропы і падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці, дзейнічае залатое правіла правоў чалавека: пазбавіць волі грамадзяніна можа толькі суд. Беларусь у гэтым сэнсе бліжэй да сярэднявечча, чым хто іншы ў Еўропе», — кажа праваабаронца.

 

Генэральная пракуратура Ўкраіны мае намер абскардзіць рашэньне Пячорскага суду, які адмовіўся арыштоўваць экс-прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі. Пра гэта заявіў пасля суду над палітыкам кіраўнік украінскай Генпракуратуры Юры Луцэнка.

 

Міхэіл Саакашвілі быў затрыманы ў Кіеве 8 снежня, яго трымалі ў СІЗА Службы бяспекі Ўкраіны. З-пад арышту палітык выйшаў 11 снежня.


Дата стварэння навіны 12.12.2017

Возврат к списку