АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Маці ўцекача: "Мне падаецца, што яны хацелі гэта ўсё схаваць"

Маці ўцекача: "Мне падаецца, што яны хацелі гэта ўсё схаваць"
12.12.2017
26 лістапада шасцёра выхаванцаў уцяклі з магілёўскай спецвучэльні закрытага тыпу №2. Іх затрымалі праз тры гадзіны, а яшчэ праз дзень адзін з уцекачоў апынуўся ў бальніцы.

Толькі пра тое, што яе сын Андрэй ляжыць у бальніцы з сур’ёзнай траўмай пазваночніка, Алена Шчаўлікава, магчыма, і не даведалася б, калі б ёй не патэлефанавала медсястра з траўматалогіі.

 

Алена Шчаўлікава: “Мне падаецца, што яны хацелі гэта ўсё схаваць. Бо мне не паведамілі адразу, што сын знаходзіцца ў шпіталі з такой траўмай ― закрыты пералом першага пазванка паяснічнага аддзела. Магчыма, разлічвалі, што не такая сур’ёзная траўма будзе, і ўсё гэта прыхаваюць. Нічога не вядома і пра прычыны ды наступствы папярэдніх уцёкаў з той вучэльні. Напэўна, калі б мне не патэлефанавала медсястра з траўматалогіі, то я б і не ведала, што з маімі дзіцём здарылася ― кіраўніцтва не паведаміла мне ні пра ўцёкі, ні пра тое, што Андрэй знаходзіцца ў бальніцы. Хаця Дзікава, намеснік па выхаваўчай працы, раней казала мне, што яны бацькам паведамляюць пра кожную драпіну! Правільна, астатнія дзеці, якія разам з маім сынам былі ў тых уцёках, яны альбо сіроты, альбо дзеці, у якіх бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Няма каму за іх заступіцца. Яны разлічвалі на тое, што і за Андрэя не будзе каму заступіцца, відаць, думалі, што я пазбаўленая бацькоўскіх правоў, ці што ён з праблемнай сям’і”.

 

 

Андрэй у шпіталі, фота са старонкі Алены Шчаўлікавай у Аднакласніках

У спецвучэльню Андрэй патрапіў па рашэнні суда 26 кастрычніка. Разам з сябрамі ён залез у чужую машыну, скралі прыборную панель ды калоду карт. Андрэй атрымаў паўгода абмежавання часу ― з 21.00 да 7.00 павінен быў знаходзіцца дома. Але за парушэнні гэтага рэжыму хлопца накіравалі ў магілёўскую спецвучэльню. Праз месяц Андрэй з яе уцёк.

 

Алена Шчаўлікава: “Я ў яго першае што спытала: “Сын, навошта ты гэта зрабіў?”. На што ён мне адказаў: “Жыць там проста немагчыма. Нас былі, нам усё забаранілі ― пасылкі, перадачы, тэлефанаванні. Але галоўнае ― нас білі. Таму і збеглі”. Ведаеце, у кожным яго лісце было напісана: “Я вытрымаю, я спраўлюся”, але я не звярнула на гэты сказ увагі. А калі ён ужо быў у бальніцы, то прызнаўся, што праўду ў лісце напісаць не мог, бо ўсе лісты супрацоўнікі спецвучэльні чыталі, і не адправілі б, і па тэлефоне сказаць не мог, бо па побач пастаянна знаходзіўся супрацоўнік вучэльні”.

 Але як Андрэй атрымаў сваю траўму? У Міністэрстве адукацыі заяўляюць, што “падчас уцёкаў, пераскокваючы праў плот, адзін з уцекачоў атрымаў траўму пазваночніка”. Андрэй, па словах маці, сцвярджае, што яго збілі супрацоўнікі СПТВ-2.

 

Алена Шчаўлікава: “Білі ўтрох ― заводзілі ў “бацькоўскі пакой” па адным і збівалі. Па словах Андрэя, калі яго першы ўдарыў, ён упаў, і тады пачалі біць нагамі. Кажа, па спіне ўдарылі, стала балюча, за спіну схапіўся, але ўдваіх білі нагамі, а ён за спіну трымаўся”.

 

Тэлефанаванне Андрэю выніку не дае. Не, на званок адказвае ён сам, але адказаць на маё пытанне хлопец не паспявае – тэлефон нейкім чынам аказваецца ў руках іншага чалавека. Як высвятляецца, супрацоўніка спецвучэльні, які “ахоўвае” хлопца ў палаце.

 

- Андрэй, раскажыце яшчэ раз, як вы атрымалі сваю траўму?

 

― Так, я прадстаўнік рэжыму, знаходжуся разам з ім у палаце. Усе пытанні, калі ласка, да следчага. І не турбуйце…

 

Вы мне лепш патлумачце, якім чынам асабісты тэлефон Андрэя раптам апынуўся ў руках “прадстаўніка рэжыму”?

 ― Я ў яго зараз узяў тэлефон і з вамі размаўляю.

 

― Прасцей кажучы, адабралі ў яго тэлефон?

 

― Не адабраў, а ён мне даў паразмаўляць з вамі.

 

Вы хочаце сказаць, што ён баіцца размаўляць з журналістамі і таму перадаў вам тэлефон, каб вы са мной паразмаўлялі?

 

― Ён не баіцца размаўляць з журналістамі. Ён у мяне, у нас, дакладней, непаўналетні, і таму ўсе размовы толькі з дазволу следчага. Калі б ён быў паўналетні, пытанняў няма.

 

Я хачу паразмаўляць з Андрэем з дазволу яго маці, якая дала мне нумар яго тэлефона!

 

― З дазволу следчага, калі ласка.

 

― Ён што, знаходзіцца пад следствам, каб у следчага дазволу пытацца?

 

― Ён непаўналетні, да пабачэння!

 

Дактары Магілёўскай абласной бальніцы, дзе лечаць Андрэя,  патлумачылі Еўрарадыё, што такія траўмы характэрныя якраз для падзення.

 Доктар хірургічнага аддзялення Генадзь: “Складана сказаць, як яно адбылося. Але з нашай практыкі, кампрэсійныя пераломы пазванкоў звязаныя з падзеннем на ногі, ці на ягадзіцы. Гэта характэрна для чалавека, які ўпаў з вышыні”.

 

Таксама лекары пацвярджаюць, што з такой траўмай хлопец мог рухацца і нават некаторы час не заўважаць яе.

 

Як стала вядома Еўрарадыё, прызначаная дадатковая судова-медыцынская экспертыза, якая і павінна высветліць, у выніку чаго была атрыманая траўма. Тым не менш, у дачыненні да дырэктара спецвучэльні закрытага тыпу №2 і яго намесніка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Іх вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Па гэтым артыкуле прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

 

Алена Шчаўлікава: “Я не лічу свайго сына ідэалам, што ён самы лепшы ― ён здзейсніў правапарушэнне, і за гэта яго туды адправілі. Але збіваць нікому не дазволена дзіця, якім бы ён ні быў. А не так, як пішуць у каментарыях: “Зэкі, так ім і трэба!” Ведаеце, я б хацела, каб іншыя дзеці не пакутавалі. Мой сын пацярпеў і, магчыма, так трэба было ― каб усё гэта спыніць і каб іншыя дзеці не пацярпелі. Якія ні ёсць, але гэта дзеці…”

 

 

Алена Шчаўлікава

Маці пацярпелага хлопца кажа, што ў пошуках праўды пойдзе да канца: “Да прэзідэнцкай адміністрацыі дайду, калі спатрэбіцца”. Толькі пры заробку ў 600 рублёў на сям’ю з чатырма непаўналетнімі дзецьмі, Шчаўлікавы не могуць сабе дазволіць наняць адваката. Спадзяюцца, што гэтага не спатрэбіцца. І вельмі хвалюцца, што сына праз некалькі дзён збіраюцца выпісаць са шпіталю і адправіць назад, у санчастку вучэльні.

 

Дарэчы, гэта ўжо далёка не першы выпадак уцёкаў з Магілёўскай спецвучэльні. Так, у 2014 годзе спачатку ўцяклі пяць падлеткаў, потым адразу 34, і праз некалькі тыдняў збеглі яшчэ двое хлопцаў. У 2015 годзе таксама былі тры выпадкі ўцёкаў, але тады уцякалі па двое-трое чалавек за раз.



Дата стварэння навіны 12.12.2017

Возврат к списку