АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Кіраўнік Службы бяспекі Лукашэнкі раздзелваў мяса ў магазіне ў Серабранцы, «быў простым і надзейным чалавекам»

 Кіраўнік Службы бяспекі Лукашэнкі раздзелваў мяса ў магазіне ў Серабранцы, «быў простым і надзейным чалавекам»
12.12.2017
Дзмітрый Шахраеў вучыўся ў ПТВ гандлю на прадаўца.

Лідар Рэспубліканскага грамадзянскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка згадаў, што ў 1992-1993 вучыўся разам з новым кіраўніком Службы аховы прэзідэнта Дзмітрыем Шахраевым. Пасля адзінаццаці класаў яны паступілі ў мінскае ПТВ №222 гандлю на прадаўца харчовых тавараў, піша НН.

«Быў шалёны конкурс: дзесяць чалавек на месца. У нас у групе было ўсяго чатыры хлопцы, астатнія — дзяўчыны. Трое хлопцаў вельмі добра сябравалі, трымаліся разам. Сярод іх былі я і Шахраеў», — згадвае Шумчанка.

 

Шахраеву на сёння каля 42 гадоў, ён мінчук. «Чаму мы пайшлі вучыцца ў ПТВ гандлю? Развал СССР, карткавая сістэма. Мяснік на гэтым фоне глядзеўся вельмі блатной прафесіяй. Прынамсі, заўсёды пры мясе. Ніякай палітыкай мы тады не цікавіліся, былі іншыя пытанні. Сёння весела ўзгадваць тыя часы, як мы праходзілі практыку ў магазіне ў Серабранцы. Я стаяў за паліцай, Дзіма раздзелваў мяса», — успамінае Шумчанка.

 

Прадпрымальніцкі лідар кажа, што пра Шахраева ў яго засталіся толькі самыя цёплыя ўспаміны. «Выдатны хлопец, ніякіх кепскіх успамінаў пра яго няма. Толькі дзесьці год таму даведаўся, што ён працуе ў Службе аховы, а цяпер вось узначаліў. Я лічу, што чалавек на сваім месцы. А яшчэ большая вартасць ягонай працы была б, калі б ён ахоўваў прэзідэнта, якога абірае народ».

 

«Цікава, як жыццё паварочваецца ў людзей. Вось мы аднагрупнікі. Дзіма Шахраеў стаў кіраўніком Службы аховы Лукашэнкі. А я стаў прадпрымальніцкім лідарам, змагаюся з гэтай уладай. І самае цікавае, што гісторыя на гэтым яшчэ не скончылася, і ўсё можа павярнуцца як заўгодна», — разважае лідар «Перспектывы».

 

 

Шумчанка не ведае, як складваўся ў Шахраева лёс пасля ПТВ. «Ён быў вельмі спартовым хлопцам. Складзены адпаведна. Гэты быў цудоўны час. Мы разам ездзілі на бульбу, гулялі ў баскетбол. Дзіма заўсёды быў простым і надзейным чалавекам».

Дзмітрый Шахраеў. Скрыншот з tvr.by.


Дата стварэння навіны 12.12.2017

Возврат к списку