АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Выбары: Ярмошына піярыць бутафорыю

Выбары: Ярмошына піярыць бутафорыю
09.12.2017
У Беларусі актыўна фарміруецца грамадзянская супольнасць. Такой заявай агарошыла прагрэсіўную публіку ў сваім чарговым відэазвароце старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Як бачым, вертыкаль (а ЦВК — звяно вертыкалі, Ярмошына адкрытым тэкстам кажа, што яе наймальнік — прэзідэнт) таксама стараецца быць у трэндзе. Гэта тычыцца і самога жанру відэазвароту на сайце ЦВК, і ўхвальных слоў пра грамадзянскую супольнасць (раней само гэта азначэнне выглядала для многіх чыноўнікаў крамольным).

 

Трэнд жа палягае ў тым, што беларускія ўлады імітуюць — найперш для Еўропы, з якой цяпер мір, дружба, жуйка, — што ў нас тут ніякая не дыктатура, а калі і былі перагібы, то цяпер — адліга і адкручванне гаек.

 

Але ж давайце паглядзім, на чым грунтуюцца аптымістычныя заявы кіраўніцы ЦВК, відавочна разлічаныя на тое, каб лашчыць ліберальнае еўрапейскае вуха. Высновы Ярмошынай грунтуюцца на статыстыцы фарміравання акруговых (і раённых у Мінску) выбарчых камісій на мясцовых выбарах, прызначаных на 18 лютага 2018 года.

 

“У нас, — дакладвае кіраўніца ЦВК, — вырасла колькасць тых, каго намінавалі на гэтыя пасады грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі. Так, колькасць партыйных вылучэнцаў у складзе акруговых і раённых выбарчых камісій у Мінску павялічылася на 2%, а прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў у цэлым — на 8%”.

 

Добра, вылучэнне вылучэннем, але ж каго ў выніку ўключылі? Досвед мінулых выбараў сведчыць, што апазіцыя на гэтым этапе збольшага пралятала як фанера над Парыжам.

 

Аказваецца, і тут ашаламляльны прагрэс: “У склад выбарчых камісій увайшлі прадстаўнікі не толькі партый, якія прытрымліваюцца прадзяржаўнай палітыкі, але і партый, якія адносяць сябе да катэгорыі апазіцыйных. Так, колькасць прадстаўнікоў Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” у акруговых камісіях павялічылася ў параўнанні з папярэднімі мясцовымі выбарамі амаль у тры разы, у два з лішнім разы павялічылася колькасць прадстаўнікоў Партыі БНФ”.

 

Во як, можна падумаць, апазіцыя ледзьве не апанавала выбаркамы. Але насцярожвае, што не прагучала ніякіх лічбаў. Што ж, спампоўваем табліцу з сайта ЦВК. І што мы бачым? 3 ажно 4104 чальцоў названых камісій “Справядлівы свет” прадстаўляюць… 22, Партыю БНФ — сем. Лічбы, якія можна разгледзець толькі пад мікраскопам. Найболей жа месцаў сярод партый — 134 — атрымала праўладная КПБ.

 

А якая ж статыстыка сярод грамадскіх аб’яднанняў? Тут ужо сама Ярмошына мусіць прызнаць, што найбольш актыўныя на гэтых выбарах Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ды “Белая Русь”.

 

Зірнем у табліцу. Уга, на долю ФПБ прыпадае ў камісіях названага рангу 797 месцаў, на долю “Белай Русі” — 329, БРСМ — 259. Усе гэтыя арганізацыі (ды і іншыя з высокімі паказчыкамі ў адпаведнай табліцы) маюць рэпутацыю выразна праўладных, іх кіраўнікі апрыёры ўсімі фібрамі душы падтрымліваюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі, чаго і не ўтойваюць.

 

Што ж, гэта іх права — дэманстраваць 120-працэнтную лаяльнасць да дзяржаўнага кіраўніцтва, дапамагаць вертыкалі камплектаваць выбаркамы надзейнымі з яе гледзішча людзьмі, гатовымі забяспечваць існай сістэме “элегантныя перамогі” на любых выбарах.

 

Вось толькі не трэба выдаваць гэтыя імітацыйныя рэчы за бурлівы рост грамадзянскай актыўнасці. Грамадзянская супольнасць у развітых дэмакратыях — гэта не “чего изволите?” і не аднагалосны “одобрямс”, а форма строгага, крытычнага кантролю над уладай. Сапраўдная грамадзянская супольнасць няспынна цярэбіць чыноўніцкі апарат, не дае яму заплываць тлушчам, вымагае справаздачнасці, адказнасці, публічнасці.

 

Нідзе ў свеце чыноўнікі надта не любяць такіх актывістаў, але ж заходняя дэмакратыя — на баку апошніх. У нас жа тых, хто сваёй грамадзянскай пазіцыяй стварае вертыкалі дыскамфорт, метадычна прыдушваюць, заганяюць у маргінальную нішу.

 

Так у свой час ліквідавалі, напрыклад, праваабарончы цэнтр “Вясна”, а яго лідар Алесь Бяляцкі некалькі год адседзеў у турме. Цяпер жа пад крымінальны пераслед патрапілі лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч ды Ігар Комлік. Фармальна там падаткавыя пытанні, але назіральнікі бачаць палітычны след, нагадваюць, што менавіта прафсаюз РЭП прыклаў руку да веснавых “дармаедскіх” пратэстаў. І яшчэ праводзяць паралель між “справай прафсаюзаў” і “справай патрыётаў”, якая нядаўна была спынена і аказалася фактычна вялікім фэйкам.

 

Дарэчы, не апошнім чыннікам, які падштурхнуў высокае начальства да спынення “справы патрыётаў”, была, на маю думку, менавіта грамадзянская салідарнасць беларусаў. Голас у абарону фігурантаў справы ўзнялі і тыя ж праваабаронцы, і апазіцыя, і незалежныя медыі, і проста нераўнадушныя суайчыннікі.

 

З ранейшага згадваецца магутная кампанія салідарнасці з вязнямі Плошчы-2010.

 

Так што, насуперак прэсінгу, грамадзянская супольнасць у нас сапраўды існуе і ў крытычных сітуацыях паказвае пэўную згуртаванасць, пасіянарнасць, магчымасць уплываць на хаду падзей.

 

Толькі гэтая — сапраўдная, а не бутафорская — грамадзянская супольнасць забранзавеламу высокаму начальству акурат супраць шэрсці. Бо яе развіццё сапраўды будзе весці да змены сістэмы, да развалу цяперашняй бутафорыі. Так некалі — дарэчы, акурат 26 гадоў таму — абваліўся Савецкі Саюз, і ніякая бутафорыя, уключна са шматмільённай КПСС ды савецкімі прафсаюзамі (“школай камунізма”) яму не дапамагла.

Александр Класкоўскі, nv-online.info


Дата стварэння навіны 09.12.2017

Возврат к списку