АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Мяккая беларусізацыя» – гэта сур’ёзна і надоўга»

«Мяккая беларусізацыя» – гэта сур’ёзна і надоўга»
08.12.2017
Філосаф Рудкоўскі тлумачыць, навошта беларускія ўлады пачалі адраджаць нацыянальную свядомасьць і чаму ад гэтага не адмовяцца.

З 2014 году ў ідэалёгіі беларускіх уладаў назіраюцца выразныя змены. 

Афіцыйны Мінск усё больш увагі надае ўзмацненьню нацыянальнай самасвядомасці, падкрэслівае адасобленасць інтарэсаў Беларусі ад інтарэсаў Расіі, а таксама пераглядае канцэпцыю гісторыі беларускай дзяржавы. 


Пра гэта піша беларускі філосаф, навуковы дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Пётра Рудкоўскі ў новым аналітычным артыкуле, напісаным у супрацоўніцтве з варшаўскім Цэнтрам усходніх дасьледаваньняў. Чаму «мяккая беларусізацыя» – гэта сур'ёзна й надоўга? 

Пётра Рудкоўскі распавядае пра гэта Аляксандру Папко, radyjo.net


Да таго, як Расія анэксавала Крым і распаліла канфлікт ва Ўсходняй Украіне, беларускія ўлады будавалі сваю ідэалёгію на настальгіі па СССР і лёзунгах аб «славянскім адзінстве». Аўтары падручнікаў па ідэалёгіі беларускай дзяржавы вялі радавод Беларусі ад 1919 году (даты ўтварэньня БССР), лічылі што адметнай рысай беларускасьці зьяўляецца не ўласная мова й гісторыя, а наадварот – поўная адданасьць усходняму суседу. Заяўлялася нават, што сувэрэннасць Беларусі магчымая толькі ў рамках Саюзнай дзяржавы з Расіяй.


Аднак ужо ў красавіку 2014 году Аляксандар Лукашэнка відавочна пачаў адыходзіць ад ідэяў, якія прапагандаваў на працягу дваццаці гадоў – піша філосаф Пётра Рудкоўскі ў артыкуле «Мяккая беларусізацыя. Ідэалёгія Беларусі падчас расійска-ўкраінскага канфлікту». Гэтая ідэалёгія пачала зьмяняцца ў трох важных аспэктах.


Па-першае, улады пачалі ўсё часьцей казаць пра неабходнасьць захаваць беларускую мову, якую самі дагэтуль старанна вынішчалі. Па-другое, яны пачалі казаць пра Расію ў катэгорыях «яны», а не «мы», сталі падкрэсьліваць неабходнасьць захавання незалежнасьці й заяўляць, што інтарэсы Беларусі далёка не заўсёды супадаюць з інтарэсамі Масквы. Па-трэцяе, у афіцыйную гісторыю Беларусі пачалі ўключаць несавецкія элемэнты. Улады пачалі папулярызаваць спадчыну ВКЛ й нават падкрэсьліваць ролю Беларускай Народнай Рэспублікі ў станаўленьні беларускай дзяржаўнасці.


З уласнай ахвоты ці вымушана, але афіцыйны Мінск пачаў пераймаць ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня, якія гучалі ў пачатку 1990 гадоў – кажа Пётра Рудкоўскі


Пётра Рудкоўскі: Шэраг публікацыяў, якія зьяўляліся ў такіх мас-мэдыя, як газэта «Советская Белоруссия», часопіс «Беларуская думка» (абодва зьяўляюцца друкаванымі органамі Адміністрацыі прэзыдэнта) пасьля крымскіх падзеяў пачалі даволі рэгулярна публікаваць артыкулы, скіраваныя на прасоўваньне беларускага нацыянальнага наратыву – адраджэнскага наратыву. Канешне, ён гучыць не ў такой форме, як гучаў у рыторыцы Беларускага народнага фронту. Але назіраецца ўсё больш і больш падабенства да пастулятаў, якія гучалі ў 1990-я гады ў адраджэнскіх колах.


Ня толькі ўлады зьмяняюць стасунак да беларускай мовы й гісторыі. Прабеларускім становіцца бізнэс, усё больш праектаў па разьвіцьці нацыянальнай культуры робіць грамадзянская супольнасць.

Але працэсы адраджэньня беларускай нацыянальнай сьвядомасьці маюць выразныя межы – прызнаецца Пётра Рудкоўскі. Першае абмежаваньне – гэта варожая рэакцыя Расіі, другое – няздольнасьць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі перакрэсьліць усе свае ранейшыя ідэалягічныя ўстаноўкі. Нарэшце, трэцяе абмежаваньне – гэта магчымая непрыхільная рэакцыя саміх беларусаў.


Пётра Рудкоўскі: Рэзкая беларусізацыя пры гэтым рэжыме немагчымая таму, што такая палітка стварыла б занадта вялікі скрыгат. Адрозненне паміж папярэдняй і новай палітыкай стварыла б адчуваньне кампрамэтацыі. «Мяккасць» беларусізацыі прадыктаваная і фактарам Масквы, і неабходнасцю захаваць сувязь з папярэднімі ідэямі. «Мяккасць» апраўдана і з прагматычнага пункту гледжаньня. Калі беларуская мова будзе навязвацца, гэта можа выклікаць грамадзкае абурэньне.

Варта зазначыць, што сацыялягічныя дасьледаваньні пакуль не аднатавалі пераменаў у палітыцы беларускіх уладаў. Колькасьць вучняў у беларускіх школах надалей скарачаецца, зьмяншаецца колькасьць кнігаў, які выдаюцца на беларускай мове, скарачаецца колькасьць людзей, якія размаўляюць па-беларуску ці хаця б добра ведаюць беларускую мову.


Працэс русыфікацыі, які ўлады праводзілі дзесяцігодзьдзямі, некаторы час будзе ісьці па інэрцыі. Аднак праз некалькі гадоў ён можа спыніцца – перакананы Пётра Рудкоўскі.


Пётра Рудкоўскі: З сацыялягічных дадзеных можна атрымаць уражаньне, што расейскія ўплывы ўзмацняюцца. Аднак сацыялёгія паказвае статычную карціну, у якой вельмі цяжка ўбачыць дынаміку. А дынаміка наступная: ёсьць дзеяньне і ёсьць процідзеяньне. Узмацніўся прапагандысцкі ўплыў у мэдыях, але паволі ўзмацняецца і контрпрапрагандысцкі супраціў. Беларускія дзяржаўныя СМІ становяцца ўсё больш сьвядомымі праблемаў, якія спараджае расейскі ўплыў. Мы назіраем кроплі, якія пакуль што не ўтвараюць патоку, але гэта тэндэнцыя, якая празь некалькі гадоў можа даць вынік.


Філосаф зазначыў, што ў 2014 годзе, калі перамены ў беларускай культурнай палітыцы толькі намячаліся, ён вельмі асьцярожна выказваўся наконт іх перспэктываў. Прайшло тры гады, і час паказаў, што «мяккая беларусізацыя – гэта не эфэмэрная з'ява», кажа Пётра Рудкоўскі. Калі ў будучыні ня здарыцца нічога надзвычайная, гэты працэс працягнецца – перакананы экспэрт.


Беларускія ўлады паволі прымаюць нацыянальную ідэю, якая абапіраецца на культуру, гісторыю і беларускую мову. Але гэта абсалютна не азначае, што беларускі рэжым дэмакратызуецца.

«Бачна, што рэжым, шукае новыя спосабы ўсталяваць сувязь як з уласным грамадзтвам, так і з заходнімі краінамі. Але гэта не азначае, што ўлады гатовыя да сыстэмных зьменаў. Роля прэзыдэнта й канцэпцыя дзяржавы застаюцца нязьменнымі, у дзяржаўнай ідэалёгіі няма намёку на падзел уладаў, а абшар для дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці застаецца па-ранейшаму вельмі абмежаваным», – падсумоўвае артыкул Пётра Рудкоўскі. 


Дата стварэння навіны 08.12.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку