АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Для "няпростых" пацыентаў, але і "звычайных грамадзян"

Для "няпростых" пацыентаў, але і "звычайных грамадзян"
08.12.2017
З адной умовай: не будучы "дзяржаўным чалавекам", абследавацца ў новай лечкамісіі можна будзе толькі на платнай аснове.

Фота: БелТА

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб сучасны медцэнтр у Ждановічах прымаў не толькі дзяржслужачых і іншых "няпростых" пацыентаў, але і "звычайных грамадзян". 

"Калі цябе не задавальняе абслугоўванне ў нейкай мінскай лякарні, ты можаш прыйсці, заплаціць грошы (паколькі не па месцы будзеш абслугоўвацца) і абслужыцца тут. Хіба ў нас мала багатых людзей, якія сёння гатовыя заплаціць грошы і правесці нейкія абследаванні, каб даведацца дакладны дыягназ?" — цытуе кіраўніка дзяржавы інфармагенцтва БелТА.

 

Новы медцэнтр Лукашэнка называе "суперсучаснай лякарняй, дзе будуць адпрацоўвацца найноўшыя тэхналогіі". 3-4 тысячы дзяржслужачых і яшчэ прыкладна столькі ж пацыентаў, "якія з савецкіх часоў стаяць на ўліку і якія заслужылі падобны цэнтр", будуць абслугоўвацца там бясплатна. Астатнія — за грошы.

 

Платна — дык платна. Але ці па кішэні будзе беларусам новая лякарня?

 

У кабінет платных паслуг "старой" лечкамісіі, якая знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, не датэлефанавацца. Калі ў Еўрарадыё ўсё ж атрымліваецца гэта зрабіць, нам адказваюць, што прэйскурант на наступны год яшчэ не сфармаваны:

 

"Кошты на наступны год яшчэ не абвяшчалі. Мы не ведаем, колькі там будуць каштаваць паслугі. Нават прыкладна. Калі лякарня пераедзе, на сайце з'явяцца новыя тэлефоны кабінета платных паслуг, і вы будзеце тэлефанаваць і ўдакладняць новыя кошты там".

 

Пакуль жа арыентавацца можна па старым прэйскуранце. Кошты ў ім указаныя на 17 лістапада. Паслугі — ад стандартных да даволі экзатычных. Вось некалькі прыкладаў:

 

ультрагукавое даследаванне органаў брушной поласці — 30 рублёў 29 капеек;

— дзень знаходжання ў палаце — ад 41 рубля ў тэрапеўтычным аддзяленні да 170 рублёў 11 капеек у рэанімацыі;

— МРТ галаўнога мозга — 97 рублёў 3 капейкі;

— каланаскапія — 97 рублёў 55 капеек;

— выдаленне апендыкса — 209 рублёў 35 капеек;

— комплексная дыягностыка парушэнняў сну — ад 213 рублёў 84 капеек да 413 рублёў 99 капеек;

— каранараграфія — 556 рублёў 44 капейкі.


Дарэчы, у прэйскуранце лечкамісіі ажно шэсць розных комплексаў па дыягностыцы парушэнняў сну. Цікава, чаму так дрэнна спяць дзяржслужачыя?

 

Лёгкім гугленнем высвятляем, што некаторыя працэдуры можна прайсці ў Мінску і ўдвая танней, а некаторыя, такія, напрыклад, як МРТ, у платных медцэнтрах могуць каштаваць даражэй. Але пытанне не ў тым, каб знайсці самую танную каранараграфію ў сталіцы, а ў тым, ці па кішэні гэтая працэдура звычайным грамадзянам. Напрыклад, нам з вамі.

 

На сярэдні заробак беларусаў у кастрычніку — 841 рубель (у Мінску — 1 151,3 рубля) — можна цэлых 20 дзён паляжаць у тэрапеўтычным аддзяленні лякарні для чыноўнікаў. А на сярэднюю пенсію па ўзросце — 300,25 рубля — зразумець, чаму кожную ноч сняцца кашмары. І яшчэ амаль хопіць на МРТ!

па інф. Еўрарадыё


Дата стварэння навіны 08.12.2017

Возврат к списку