АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Уладзімір Някляеў: У пасольства Нідэрландаў давялося прыйсці ў “лахманах”

Уладзімір Някляеў: У пасольства Нідэрландаў давялося прыйсці ў “лахманах”
05.12.2017
Паэт і палітык Уладзімір Някляеў распавёў “Народнай Волі”, чаму ён ходзіць па горадзе з “трывожным чамаданам”.

Фота з сайта Kp.kg

Як вядома, Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне Ленінскага раённага суда па “справе Някляева” – 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

 

1 лістапада ў Ленінскім раённым судзе Мінска паэта і палітыка Уладзіміра Някляева пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за словы «Калі ёсць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць», сказаныя ім 16 кастрычніка ў эфіры тэлеканалу «Белсат» пра акцыю «Марш абураных беларусаў 2.0» 21 кастрычніка, у якой Някляеў не ўдзельнічаў.

 

— Адразу пасля суда мяне не адправілі на “суткі”, таму зараз хаджу і чакаю, калі скруцяць ды кінуць за краты, — распавядае Уладзімір Някляеў. — Бо, відаць, нічога іншага ад іх не дачакаешся. Хаця зараз я збіраюся падаваць апеляцыю ў Вярхоўны суд. І не столькі ў спадзяванні на тое, што рашэнні папярэдніх інстанцый адменяць, колькі, каб паказаць, што ў нашай краіне людзей асуджаюць ужо за публічнае слова і за грамадзянскую пазіцыю. Гэта становіцца ў Беларусі звыклай з’явай. Калі гэтаму ніяк не супрацьстаяць і не прыцягваць увагу да такога беззаконня, то тады нас чакае проста паралізацыя ўсялякага грамадскага жыцця.

 

— Калі вас могуць, як кажаце, “скруціць”?

 

— У любы момант, няма ніякіх тэрмінаў. Гэта стварае дыскамфорт для мяне, а ўлады чакаюць зручны момант, калі чалавека можна кінуць за краты. Таму да такой сітуацыі я падрыхтаваны, і чакаю яе штодзень. Днямі быў у пасольстве Нідэрландаў, і амбасадар вельмі здзівіўся, што я прыйшоў туды ў “лахманах”. А хаджу па горадзе і насамрэч у “турэмнай” вопратцы, бо не ведаеш, ці дойдзеш сёння дадому. І пры мне пастаянна знаходзіцца сумка з рэчамі, якія спатрэбяцца на “сутках”.

 

— Такі своеасаблівы “трывожны чамадан”?

 

— Менавіта так. У сумцы — прадметы гігіены, станок для галення, лекі, на мне — суадносная вопратка. Бо калі цябе адправяць за краты ў белай кашулі з гальштукам, то гэта не самае зручнае адзенне, у якім можна ляжаць на нарах. Мінулым разам забралі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў без лекаў, і я там ледзь не сканаў. Так што не хочацца паўтарэння гісторыі.

 

Народная Воля


Дата стварэння навіны 05.12.2017

Возврат к списку