АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Уладзімір Парфяновіч: Я вельмі люблю булачкі

Уладзімір Парфяновіч: Я вельмі люблю булачкі
02.12.2017
Сёння свой дзень народзінаў святкуе трохразовы Алімпійскі чэмпіён па веславанні Уладзімір Парфяновіч. "Народная Воля" патэлефанавала славутаму спартсмену, каб даведацца, як ён праводзіць святочны дзень.

Уладзімір Парфяновіч. фота TUT.by

— Шчыра прызнаюся, пакуль не да святкаванняў, — гаворыць  Парфяновіч. – Увесь у працы. Ваш званок заспеў мяне ў Белаазёрску, я тут на спартыўных зборах. Зараз я працую шараговым беларускім трэнерам па веславанні ў сістэме нашай Федэрацыі веславання і ў сістэме Мінспорта Беларусі. Працую з дзецьмі: узрост маіх выхаванцаў – 12-17 гадоў.

 

— Калі не сакрэт, які заробак у шараговага беларускага трэнера па веславанні?

 

— Я атрымліваю прыкладна 600 рублёў у месяц. Ці хапае на жыццё? Не сказаў бы… Хапае, каб заплаціць камунальныя плацяжы за дом, які ў мяне застаўся ў сталіцы. Няправільна казаць, што я збег з Мінска. Я проста паехаў за межы сталіцы на працу. Я ні ад каго не бягу і не хаваюся – проста працую зараз не ў сталіцы.

 

— А калі плануеце вярнуцца?

 

— Калі Радзіма пакліча.

 

— Ну, Радзіма можа паклікаць напрыклад падчас бліжэйшай выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Дарэчы, у вас няма жадання вярнуцца ў беларускую палітыку?

 

— Абсалютна ніякага. Няма з кім туды вяртацца…

 

— Уладзімір Уладзіміравіч, а як збіраецеся святкаваць сённяшні дзень народзінаў? Колькі збіраецеся выпіць?

 

— Ні кроплі, бо знаходжуся на працы. Парушаць працоўную дысцыпліну не збіраюся. Я ж чалавек сур’ёзны. У мяне дзень напружаны: у дзяцей кантрольная трэніроўка – тры разы па два кіламетры. Так што мне асабліва не да святкавання, бо зборы працягнуцца яшчэ два тыдні.

 

— А ці любіце ўвогуле святкаваць уласны дзень народзінаў?

 

— Маю глыбокае перакананне ў тым, што дзень народзінаў можна любіць гадоў так да 45-ці. А потым пра гэты дзень трэба шкадаваць…

 

— Чаму?

 

— Хочаце крыху займальнай арыфметыкі? Калі табе 45 ад пачатку жыцця – гэта радасць, а калі табе да векавога юбілея застаецца крыху болей за 40, можна і пашкадаваць. Зразумелы ход маіх думак? Жыццё мінае, чаму тут асабліва радавацца?

 

— Ну а падарункі хоць любіце?

 

— Безумоўна. Адзін з самых лепшых падарункаў зрабіла мне на мінулы дзень народзінаў жонка Таццяна – цестамес. Шыкоўная рэч!

 

— Так вы ў вольны ад працы час цеста месіце? Нармальнае мужчынскае хоббі…

 

— Прычым тут я? Я проста вельмі люблю булачкі. Вось уявіце, прыходзіце вы дамоў, а ў вас там поўна смачных і свежых булак, якія вы любіце! Гэта ж шчасце. Хоць цестамес быў намінальна падораны мне, але булкі ў нашай сям’і шыкоўна выпякае жонка. Не ведаю, што яна паддорыць мне ў гэтым годзе, але, думаю, што гэта будзе нешта карыснае…


Дата стварэння навіны 02.12.2017

Возврат к списку