АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Названы намінанты прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы турэмны твор

Названы намінанты прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы турэмны твор
02.12.2017
На пытанні пра механізм адбору ляўрэатаў прэміі, пра турму як літаратурны штуршок і пра значнасць кніг, напісаных у зняволенні адказаў дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

10 снежня а 18-й гадзіне ў мінскай сядзібе Партыі БНФ адбудзецца цырымонія ўганаравання ляўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зняволенні.

Сярод намінантаў сёлетняй прэміі: Наста Азарка, Алесь Бяляцкі, Аляксандар Буд-Гусаім, Зміцер Дашкевіч, Ігар Міхнавец, Фелікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп.

 

 — Прэмія імя Францішка Аляхновіча за найлепшы турэмны твор будзе ўручацца ў другі раз. У 2013 годзе ўдзельнічала шмат твораў, напісаных падчас адседак за Плошчу 2010 году. А ў чым адметнасць сёлетняга конкурсу?

 

— Другі раз шмат у чым звычайна не такі цікавы, як першы, — быццам знікае навізна. Але прэмія Аляхновіча для мяне, напрыклад, абсалютна ня мае ніякай дэвальвацыі. З вельмі простай і падставовай прычыны — каштоўнасці свабоды ў гісторыі чалавецтва ніколі не абясцэньваюцца.

 

— Распавядзіце пра мэханізм конкурсу. Хто можа ўдзельнічаць? Хто фармуе шорт-ліст і абірае пераможцу?

 

— Творы прыслалі ўсе, хто хацеў, а таксама частку твораў намінавалі сябры ПЭН-цэнтра і журналісты Свабоды. Некаторыя творы былі намінаваныя некалькі разоў. Сёлета большую частку адборачнай працы рабілі журналісты Свабоды ў Празе, з удзелам сяброў ПЭН-цэнтру. У гэтай прэміі няма пераможцы — ёсьць ляўрэаты. Я вельмі спадзяюся, што ўвага да іх твораў прыцягне ўвагу чытачоў да самой праблемы «турэмнай» літаратуры ў Беларусі.

 

— Якая роля «турэмнай» літаратуры ў сучасным грамадзтве. Ці цікавыя такія творы людзям, якія ніколі не былі ў зьняволеньні? І навошта папулярызаваць турэмныя творы (у тым ліку і праз прэмію імя Францішка Аляхновіча)?

 

— У Беларусі кожная другая сям’я (я маю на ўвазе больш шырокае кола сваякоў, стрыечных і г. д., — тых, напрыклад, каго запрашаюць на вясельлі ці пахаванні) мае каго-небудзь, хто сутыкаўся з судовай сыстэмай, быў пакараны, адбываў тэрмін за кратамі. Гэта — патэнцыйна аўдыторыя твораў «турэмнай» літаратуры. Але ня толькі, канечне. Напрыклад, кніга прафэсара Бандажэўскага «Турма і здароўе» аказалася карыснай ня толькі зэкам, але і лекарам, і спартсмэнам.

 

— Дзякуючы адседкам, у беларускім літаратурным працэсе зьяўляюцца новыя імёны. І калі творы «з-за кратаў», напісаныя Фядутам ці Бяляцкім, выглядаюць чаканымі, то зборнік апавяданьняў «Чарвяк» Змітра Дашкевіча ці дакумэнтальную аповесць «Еду ў Магадан» Ігара Аліневіча можна лічыць літаратурнымі адкрыцьцямі. Ці магчыма, што турма становіцца творчым штуршком для людзей, якія раней не былі звязаныя з мастацтвам?


— У аповесьці Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» ёсьць кранальныя словы салідарнасьці з Аляксандрам Фядутам, якога на 55 дзён закрылі ў адзіночцы. Аліневіч назваў гэта найгоршым выпрабаваньнем. Як прызнаецца сам Фядута, ён ня стаў бы пісаць «Мой маленькі Парыж», калі б не адзіночка. Звычайна ўсё ж пішуць тыя, хто пісаў і раней. Не маглі не напісаць бліскучая Ірына Халіп, упарты Павал Севярынец, грунтоўны Алесь Бяляцкі. Увогуле, задача інтэлігентнага чалавека ў нялюдзкай сытуацыі дапамагаць, чым можаш, іншым заставацца людзьмі. Кніга — найлепшы спосаб гэта зрабіць у сёньняшняй Беларусі.

 

Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і Радыё Свабода. Тэматыка твораў, якія могуць прэтэндаваць на прэмію, ніякімі патрабаваньнямі не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакумэнтальныя і мастацкія творы на беларускай і расейскай мовах, як апублікаваныя, гэтак і ў рукапісах, створаныя ў зьняволеньні і дасланыя на працягу году. Права намінацыі маюць таксама ўсе сябры ПЭН-Цэнтру.

 

Журы традыцыйна вызначае пераможцу і абвяшчае вынікі 10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.

па інф. svaboda.org


Дата стварэння навіны 02.12.2017

Возврат к списку