АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Эміграцыя — здрада Радзіме ці...?

Эміграцыя — здрада Радзіме ці...?
01.12.2017
Апошнім часам сеціва скаланула інфармацыя пра дзяцей вядомых апазіцыйных дзеячаў, якія вучацца за мяжой.

Паводле апытанкі, дарослых дзяцей заўважных апазіцыянераў у замежжы апынулася болей, чым у Беларусі. І панеслася… старая тэма зноў зайграла.

 

Фота з адкрытых крыніц

Насамрэч, тэма, здаецца, ужо была перагавораная бясконцую колькасць разоў. Асноўны расклад наступны. Ехаць у «шэнгены» варта, бо Беларусь, маўляў, знаходзіцца ў непрагляднай цемрадзі дыктатуры — ну як тут жыць і гадаваць дзяцей? Іншы погляд цалкам палярны: калі ўсе з’едуць, дык хто ж застанецца? І што карысці Беларусі ад з’ехаўшых над Віслу патрыётаў, якія памахалі Радзіме бел-чырвона-белай хусцінкай?..

Па-першае, важна ўсё ж такі вызначыцца, пра каго мы гаворым — пра шараговых суайчыннікаў, якія шукаюць лепшай долі, ці палітыкаў ды грамадcкіх актывістаў? Мы жывём у сучасным глабальным свеце, дзе межы хоць нікуды і не зніклі, але сталіся больш умоўнымі, чым 10–20–50 гадоў таму. Пераразмеркаванне працоўнай сілы ў свеце даўно сталася дадзенасцю, таму заможныя дзяржавы і маюць зацікаўленасць у прыцягненні чалавечага рэсурсу з бяднейшых краін — інтарэсы супадаюць.

Ці гэта праблема? Так, праблема. У выніку маем старэючую нацыю, пазбаўленую найбольш рухавага ды ініцыятыўнага сегменту — моладзі, якая хоча працаваць і не баіцца рызыкнуць. Ці можна з гэтым нешта зрабіць? Рэцэпт адзіны: ствараць працоўныя месцы, рабіць атмасферу больш вольнай для прыватнай ініцыятывы ды самарэалізацыі кожнага асобнага грамадзяніна.

Іншая справа — выезд грамадскіх дзеячаў ды іх дзяцей. А што з гэтым не так? На жаль, падобны «сыход» ужо стаў тэндэнцыяй ды сфармаваў сам вобраз апазіцыі як трампліну ў «цёплыя краіны». Не верыце? Спытайце ў любога вязня, які сядзеў «за палітыку» пра стаўленне сукамернікаў, і пачуеце, што яму… зайздросцілі! Маўляў, «Выйдзеш — і валі хутчэй адсюль, вы ж апазіцыя, вас прымуць!»


Андрэй Дынько неяк назваў падобнае стаўленне заходніх дзяржаваў «падушкай бяспекі» для беларускай грамадзянскай супольнасці. Найбольш яскравая праява падобнага стаўлення — Праграма Каліноўскага, створаная ў Польшчы 10 гадоў таму акурат для студэнтаў, што не змаглі давучыцца ў Беларусі альбо зазналі рэпрэсіі. Адначасна праграма сталася лёгкай сцежкай для дзяцей партыйных функцыянераў, каб вучыцца на Захадзе. Вядомыя і выпадкі фальсіфікацыя сведчанняў пра рэпрэсіі ды адлічэнні з ВНУ, каб толькі трапіць на вучобу ў Варшаву, Лодзь ці Кракаў.

 

Адзін стары сябар, які прасіў некалі палітычнага прытулку ў Чэхіі праз крымінальную справу, заведзеную супраць яго на Радзіме, распавядаў цікавыя тэматычныя гісторыі. Напрыклад, пра адмысловых «паліткансультантаў», якія вучаць ахвочых атрымаць прытулак, як ладна распавядаць прыгожую легенду пра сваю бурлівую дзейнасць у Беларусі — каб чэхі паверылі. Чэхі — вераць, а схема працуе.

 

Падобная ж гісторыя была ў Бельгіі, калі там у пэўны момант пачало з’яўляцца безліч бежанцаў з пасведчаннямі БНФ. Калі бельгійскі бок звярнуўся да кіраўніцтва партыі, там былі ў шоку: «Хто ўсе гэтыя людзі?!» Самае смешнае, што на некаторых «пасведчаннях» вынаходлівыя авантурысты замест Пагоні ставілі выяву дзяржаўнага гербу Беларусі… Праўда ж, якая бельгійцам розніца?

 

Але ж ёсць і сапраўдныя ўцекачы «за палітыку», якія сутыкнуліся тут з адлічэннямі, адсідкамі, шантажом і г.д. Яны едуць, бо не бачаць тут свайго «заўтра», стаміліся ад праслухоўвання, прэвентыўных арыштаў ды іншых «цукерак» з боку дзяржавы. Частка з уцекачоў усё ж такі разлічвае вярнуцца, калі «ўсё скончыцца», а за гэты час набыць на Захадзе адукацыю і досвед. Ці вернуцца? За ўсіх не адкажаш, але неяк цяжка верыцца, каб на наступны дзень пасля змены ўлады ў Беларусі тысячы «палітуцекачоў» пачалі прадаваць кватэры ў Празе ці Варшаве, забіраць дзяцей з дзіцячых садкоў ды пакаваць чамаданы.

 

Усё гэта змрочныя бакі эміграцыі, якая мае безліч колераў, адценняў і тонаў. Нельга тут абмінуць і яшчэ адзін вектар: унутраную эміграцыю. Тых, хто першымі крычаць: «Вы з’ехалі, а мы тут змагаемся!» часцяком падмывае перапытаць: «Што ж канкрэтнага сёння вы назмагалі? Каго перамаглі? Што зрабілі для Радзімы?» Апынецца, што вялізная частка падобных крытыкаў — усяго толькі эмігранты-няўдачнікі, што самі хацелі з’ехаць, але не змаглі, збаяліся, не рызыкнулі. І выхад застаўся адзін: эміграцыя ў алкаголь, хатнія клопаты, на дачу ці яшчэ куды. Беларушчыны і свабоды ад гэтага дакладна болей не стала.

 

Падводзячы сімвалічную рысу пад бяздоннай і балючай тэмай эміграцыі, варта згадаць стары біблейны прынцып: кожнае дрэва пазнаецца па пладах сваіх. Ёсць пазітыўныя прыклады нашых структураў у ЗША і Вялікабрытаніі, якія дзесяцігоддзямі збіралі, захоўвалі ды ўзбагачалі беларускую культуру. Ёсць прыклад айца Аляксандра Надсана, які з-за мяжы каардынаваў дапамогу дзецям Чарнобыля, хоць на Радзіме яго кляймілі як калабаранта ды агента незразумела якіх выведак.

 

Хочаш рабіць нешта для Беларусі? Рабі, жывеш ты ў Нью-Джэрсі ці ў Лунінцы — якая розніца. А калі едзеш для сябе і свайго камфорту, каб знікнуць для Беларусі назаўжды — едзь, адно не прыкрывайся прыгожымі лозунгамі пра палітыку, рэпрэсіі ды «апошнюю дыктатуру ў Еўропе».

Алесь Кіркевіч, Новы час


Дата стварэння навіны 01.12.2017

Возврат к списку