АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Асобае жыццё. Як працуюць асаблівыя людзі ў Берасці

Асобае жыццё. Як працуюць асаблівыя людзі ў Берасці
29.11.2017
Унітарнае вытворчае прадпрыемства «Асобае жыццё» — гэта вучэбна-рамесны цэнтр пад крылом грамадскага аб’яднання «Асобае дзяцінства».

 З іх сувенірамі я ўпершыню пазнаёмілася ў глухой пушчанскай вёсцы Камянецкага раёна. Нават не памятаю, якой дакладна. Там была аграсядзіба і абаяльная гаспадыня, якая паказвала нам цацкі і казала: «Іх зрабілі людзі з асаблівасцямі развіцця. Як хочаце, але вы павінны купіць нешта. Ім так радасна зарабіць хоць якую капейку».

Пад прыгнётам маральнай неабходнасці я падышла да сувеніраў бліжэй, аддаючы каманду прыроднаму перфекцыянізму не быць занадта патрабавальным да гэтых вырабаў. Але перфекцыянізму не прыйшлося прагінацца: лялькі, паштоўкі і крэатыўна аздобленыя ручнікі былі выкананыя без дэфектаў і мелі выдатны гандлёвы выгляд.

 

Праз нейкі час я будзённа шыбавала ў бок «Юбілейнага» рынку, калі раптам зноў пабачыла гэтыя сувеніры — прама пасярод шэрай пліткі і людской мітусні. Перад яркімі рэчамі сядзела ўсмешлівая дзяўчына на інвалідным вазку і змагалася з непаслухмянымі рукамі, каб паправіць адну з цацак. Разам яны былі як з іншага свету, які захацелася адкрыць.

 

 Унітарнае вытворчае прадпрыемства «Асобае жыццё» — гэта вучэбна-рамесны цэнтр пад крылом грамадскага аб’яднання «Асобае дзяцінства». Абедзьве назвы традыцыйна ўжываюцца разам, таму і Вераніка Сянкевіч, працягваючы мне белага аленя з чырвонай стужкай, кажа, што сувеніры робіць «Асобае дзяцінства, асобае жыццё».


  

— Спачатку я ім вырашыла проста дапамагаць, а пасля ўжо вырашыла пастаянна стаяць прадаваць іх прадукцыю, таму што хлопцы і дзяўчаты — малайцы, вельмі якасна і прыгожа робяць.

 

Вераніка кажа «іх», маючы на ўвазе, што сувеніраў не шые, а вось у жыцці грамадскага аб’яднання актыўна ўдзельнічае, бо з’яўляецца і ягонай мэтавай групай, і сябрам, і суседкай. «Асобае дзяцінства» арандуе памяшканне ў Доме ветэранаў, там жа і ствараецца ўся прыгажосць, якую пасля можна знайсці не толькі на картонным прылаўку Веранікі, але і на рамесніцкіх кірамашах, у інтэрнэце, а таксама ў павільёне на рынку «Лагуна».

 

 У майстэрні шумна і атмасферна. У асветленай вітальні мяне сустракае толькі спартыўны трынажор, галасы сканцэнтраваны ў майстэрні, некаторыя даносяцца з кухні. У невялікім пакоі, што відавочна выконвае функцыю офіса, на журналіным століку раскладзеныя чарнавыя вырабы з дрэва — цэнтр асвойвае новы накірунак вытворчасці.

 

Я пра гэта не здагадваюся, вядома. Проста з майстэрні мне насустрач выходзіць старшыня аб’яднання Аксана Пашкевіч, і робіць першую экскурсію. У драўляных нарыхтоўках можна пазнаць будучыя падсвечнікі — асартымент зімова-святочнага перыяду. «Драўляным» стартапам займаецца Галіна Савейка, даўні сябар «Асобага дзяцінства»:

 

— Сама арганізацыя ж выключна бацькоўская. Тобок самі бацькі гэта ўсё арганізоўвалі. Скінуліся грашыма, нанялі спачатку адзін пакойчык, і тое, што бацькі ўмелі рабіць, той накірунак яны і ставілі. Ніна Міхайлаўна ўмела плесці бісер, я нешта валакла ў паліграфіі. Пасля з’явіўся дызайнер больш прасунуты, падкамплектавалася паціху абсталяванне, і я гэтым перастала займацца. Тое самае і са швейнымі вырабамі, я ж па спецыяльнасці мадэльер-канструктар. Але гэта (дрэва. — Аўт.) новае. Я пачну, а пасля дасць бог знойдзецца чалавек, які гэтым планава будзе займацца, сядзець у майстэрні — калі гэтая майстэрня будзе.

 

 

Сын Галіны Савейка быў у ліку першых асаблівых работнікаў майстэрні, але цяпер ён працуе на звычайнай швейнай фірме. Гэта адна з задач вучэбна-рамеснага цэнтра: прывучыць людзей з асаблівасцямі развіцця да працы ў калектыве і ўвогуле да працы, каб пасля яны мелі магчымасць рэалізавацца недзе яшчэ.

 

— Ёсць, канешне, хлопцы і дзяўчаты слабыя, — кажа Галіна Савейка, — якія ніколі не будуць працаваць на швейных фірмах ці якіх-небудзь фірмах. Але прэцэдэнты ўжо маем, калі яны тут чамусьці навучацца, сацыялізуюцца хаця б — вось ідэя дысцыпліны, напрыклад, ім складана даецца, — а пасля яны могуць працаваць на сапраўдных прадпрыемствах. Вось, у прыватнасці, з гэтай дрэваапрацоўкай, мы таксама цяпер у хісткай стадыі перадачы нашых хлопцаў прадпрыемству. Пакуль мы ўзаемна прыціраемся, дамаўляемся, што ім трэба асаблівы догляд, асаблівыя ўмовы. Дрэваапрацоўнікі, канешне, крыху адбіваюцца, яны да такога не прывыклі. Але ў выніку хочуць яны ўсё-такі іх узяць, бо бачаць для сябе нават прамы эканамічны сэнс з імі супрацоўнічаць.

 

 Цікаўныя твары ў майстэрні жыва адклікаюцца на маё з’яўленне. Пытаюць, ці буду фатаграфаваць, на якое выданне працую і чаму размаўляю па-беларуску. Звычайныя пытанні. Незвычайная толькі адсутнасць двайнога падтэксту па-за імі. Пра фотаздамкі пытаюцца не таму, што не хочуць на іх трапіць. Пра выданне — не таму што баяцца палітыкі. Пра мову — не таму што раздражнёныя ломкай стэрэатыпаў. Яны пытаюць, проста таму што цікава.

 

Тут каля дзесяці чалавек з рознымі дыягназамі, узроўнямі псіха-фізічнага развіцця і сацыялізацыі. Нехта з цяжкасцю гаворыць і робіць толькі самыя простыя аперацыі, другія змаглі закончыць агульнаадукацыйную школу ці нават спецыяльную ўстанову адукацыі і могуць, адпаведна, больш. Але ўсе разам яны ствараюць прадукты, мала адрозныя ад прадукцыі прафесійных рамеснікаў — дзякуючы граматнай каардынацыі і аперацыйнаму прынцыпу вытворчасці.

 

 Інструктар па працоўнай тэрапіі Валянціна Міраеўская, якая паказвае, як уладкавана праца ў майстэрні, прыводзіць прыклад на сувеніры, якім занятыя ў гэты момант. Бярозавы снегавічок, упрыгожаны шапачкай і шалікам з вязальных нітак, не патрабуе надта складаных аперацый. Адмераць і нарэзаць ніткі для ягоных аксэсуараў могуць усе, а вось фарміраванне з іх гатовых элементаў інструктар даручыць работнікам, каму гэта пад сілу.

 

Далёка не кожнага чалавека таксама можна пасадзіць за швейную машыну. Таму за Наталляй Парада машыннае шытво ўжо замацавалася як спецыялізацыя.

  

Нейкі час Наташа нават працавала на швейных фірмах. Але яе прыклад яскрава дэманструе, што чалавеку з інваліднасцю знаходзіцца ў звычайным працоўным калектыве з яго тэмпам і жорсткай канкурэнцыяй вельмі няпроста:

 

— Што мне тут падабаецца? Тут добра… Калі я на іншых работах працавала, тут не была, там што не так скажаш, адразу… Крычалі, акулярнікам называлі. Я проста сядзела і не ведала… А ў мяне ёсць такое, калі мне так скажаш, ці нешта мне не спадабаецца, мне трэба сысці. Я ў шафе хаваюся ці недзе ў іншым месцы, каб мяне ніхто не чапаў. А калі я сюды… мне тут больш падабаецца, бо тут можна мець добрыя зносіны, працаваць, тут усе разумеюць адзін аднаго і ніхто нікога не крыўдзіць. Тут лепш за ўсё. Шчыра.

 

Кантрастам для Наташы з’яўляецца яе апошняя падпрацоўка на швейнай фірме. Яна працавала там раней, пасля зацяжарыла і нарадзіла дзіця, якое цяпер пад апекай Наташынай маці. Пасля двухгадовага перапынку дзяўчына вярнулася на фірму, але хуткасць яе шытва ўжо не задавальняла брыгаду. Пасля чарговай порцыі крыўдных слоў Наташы прыйшлося супакойвацца ў падсобным памяшканні побач са швабрамі. Пасля гэтага яна канчаткова перайшла ў «Асобае жыццё».

 

Гэта наглядны прыклад, наколькі моцна падобныя вучэбна-рамесныя цэнтры неабходныя грамадству, бо яны дазваляюць і камфортна сацыялізаваць людзей з асаблівасцямі, і ўцягнуць іх у эканоміку. А кожнаму чалавеку, незалежна ад запісаў у яго медычнай карце, важна быць карысным і мець магчымасць зарабляць.

  

Таму і тлумачыць старшыня арганізацыі Аксана Пашкевіч, чаму цэнтр не займаецца адборам кваліфікаваных работнікаў, а працуе па прынцыпе «кожны чалавек важны, карысны, патрэбны». Таму што камерцыйны поспех — гэта прыемны бонус, важная ўмова самадастатковасці, але не найвышэйшая мэта. Гэтую мадэль арганізацыя пераняла ад нямецкіх калег, з якімі здаўна супрацоўнічае.

 

- У Германіі працуюць так: калі чалавек ёсць, ён можа быць карысным. Майстар павінен сам падабраць працу, якая яму па сіле. Дапусцім, можа ён перакладваць рэчы ў мяшэчак — няхай робіць гэтую працу. Няхай яна менш аплочваецца, але чалавек будзе важным. У нас такі ж прынцып.

 

Аксана наведвала майстэрні ў Германіі і лічыць, што ў нас няма іншага шляху, як развівацца ў гэтым жа кірунку:

 

- Я вырашыла, што мы пачнем з малога і будзем маленькімі крокамі ісці да таго, што ёсць у Германіі. Усё роўна гэта наша будучыня, бо людзей з такімі абмежаваннямі не становіцца менш, а становіцца больш. Немцы таксама пачыналі з маленькіх памяшканняў, а цяпер яны выйшлі на ўзровень вялікіх цэхаў, дзе робяць запчасткі для Volkswagen’а, дзе працуюць на прафесійных мыйнях, дзе робяць прафесійныя паліграфію, дзе цяпліцы, у якіх вырошчваюць кветкі… Тобок там гектары зямлі задзейнічаны, каб гэтых людзей працаўладкоўваць. У нас жаданне прыйсці да таго ж.

  

Хочаш пераскочыць плот — глядзі на месяц, так што няхай планы «Асобага дзяцінства» — «Асобага жыцця» і пададуцца некаму фантастычнымі ў айчынных умовах, затое вынік ад правільнага мэтаскладання адчуваецца ўжо цяпер. Пра гэта кажуць і бацькі, асабліва тыя з іх, што ў арганізацыі даўно. Як Ніна Вялікаселец, што забегла ў майстэрню забраць дачку Ульяну на абед:

 

- Я вам адно скажу: мая дачка стала дабрэйшай, працалюбнай, а па-другое, яна пачала размаўляць. Прыгожа стала размаўляць і разумець. Чалавек ідзе наперад, развіваецца. Дзеля гэтага хочацца яе сюды вадзіць.

 

Бліжэй да абеда майстэрня прыходзіць у большы рух. Нехта збіраецца дадому, нехта на прагулку, аўтыст Аляксей ідзе да Веранікі, каб дапамагчы ёй дабрацца да яе гандлёвага месца ля тэхнічнага ўніверсітэта. Большасць жа проста пераходзіць на кухню, дзе іх чакае гарачы суп.

 Працоўныя месцы часова пусцеюць, бо сюды прыходзяць не толькі працаваць. Але пра гэта я ўжо, здаецца, казала.


па інф. natatnik.by


Дата стварэння навіны 29.11.2017

Возврат к списку