АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Навуковая грамадскасць абмяркоўвае стварэнне беларускамоўнай ВНУ

Навуковая грамадскасць абмяркоўвае стварэнне беларускамоўнай ВНУ
26.11.2017
«У Беларусі дзесяць прыватных універсытэтаў, але ніводны ня мае беларускай мовы ў навучанні. Не апраўдаў спадзяванні і ЭГУ...»


У Мінску распачалася двухдзённая канфэрэнцыя «Нацыянальны ўнівэрсытэт у XXI стагодзьдзі: місія і выклікі». Форум арганізаваны Таварыствам беларускай мовы і аргкамітэтам унівэрсытэту «Альбарутэнія».

Удзел у канфэрэнцыі бяруць беларускія навукоўцы, палітычныя і грамадзкія дзеячы. Старшыня ТБМ і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім расказала:

 «Мая задача ў Палаце прадстаўнікоў — пашырэнне беларускай мовы ў адукацыі і юрыдычна-прававой прасторы. У Таварыстве беларускай мовы — стварэнне Беларускага ўнівэрсытэту і пашырэнне прасторы беларускай мовы ў грамадзтве. Каб затым стварыць хаця б адзін беларускамоўны тэлеканал вяшчаньня — 24 гадзіны на дзень.

 

Гэтая канфэрэнцыя — агляд усяго інтэлектоўнага патэнцыялу, зацікаўленага ў стварэньні ВНУ зь беларускай мовай навучаньня».

Старшыня аргкамітэту ў стварэньні ўнівэрсытэту «Альбарутэнія» Алег Трусаў заявіў:


«У Беларусі дзесяць прыватных унівэрсытэтаў, але ніводны ня мае беларускай мовы ў навучанні. Не апраўдаў спадзяваньні і ЭГУ — „русский мир“ пачуваецца там вельмі добра.

 

Але аптымізм у стварэнні беларускага ўнівэрсітэту ёсьць: мы частка Балонскага працэсу з пэрспектывай міжнароднай падтрымкі, маем дзяржаўную рэгістрацыю „Альбарутэніі“ і мусім атрымаць ліцэнзію. Але для гэтага неабходна, каб прафэсура і дактарат склалі 30% ад усяго выкладчыцкага складу ВНУ».

 

Сябра аргкамітэту «Альбарутэнія», дырэктар беларускага ліцэю Уладзімер Колас дадаў:

 «Мы маем дастатковы акадэмічны выкладчыцкі патэнцыял і разуменьне неабходнасці завяршальнага этапу стварэньня беларускай нацыі. І гэтае разуменне ёсць ня толькі ў сяродку „нефармальнай грамадзкасьці“, але і сярод „праўладных элітаў“: патрэбны Беларусі ўнівэрсітэт з нацыянальнай мовай навучання: беларусы яго заслужылі, яго вартыя».

 

Чаму не Беларусь, а «Альбарутэнія»?

 

Назва «Альбарутэнія», як кажуць у аргкамітэце, прыкрывае абмежаваньні, абумоўленыя дзяржавай: «нацыянальны» і «дзяржаўны» забаронена выкарыстоўваць адвольна. Гэтая ж назва — сьведчаньне прыналежнасьці Беларусі да ўсясьветнай адукацыйна-культурнай прасторы.

 

Ці неабходны нацыянальны ўнівэрсытэт у 21 стагодзьдзі? У аргкамітэце перакананыя, што неабходны. Толькі чатыры дзяржавы ў сьвеце ня маюць унівэрсытэта з нацыянальнай мовай адукацыі: Кіпр, Мальта, Ірляндыя і Беларусь. У сусьветнай адукацыйнай прасторы ангельская мова пашырае свой уплыў, расейская мова — страчвае. Беларуская мова — візытоўка «Альбарутэніі».

 

Акадэмічны профіль «Альбарутэніі», паводле аргкамітэту, такі:

 

Дасьледаваньне гісторыка-культурнай спадчыны.

Міжнароднае краіназнаўства.

Журналістыка электронных мэдыяў, літаратурная праца.

Інфарматыка.

Урбаністыка.

Бізнэс-мэнэджмэнт.

Канфэрэнцыя «Нацыянальны ўнівэрсытэт у 21 стагодзьдзі» працягвае працу. Завершыцца працай у сэкцыях і падвядзеньнем вынікаў у нядзелю, 26 лістапада.

 

«Канфэрэнцыя рыхтавалася толькі дзесяць дзён, а заля тут поўная і значная частка прысутных — прафэсары і дактары навук, — кажа Трусаў. — Сярэдняя адукацыя ў Беларусі абвалілася, на чарзе — вышэйшая. Як стаяць чэргі ў ліцэй Якуба Коласа, так будуць стаяць чэргі ў беларускі ўнівэрсытэт».

па інф. радыё Свабода



Дата стварэння навіны 26.11.2017

Возврат к списку

cashback