АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

За 25 гадоў незалежнасці ў Беларусі так і не з'явіўся універсітэт з роднай мовай выкладання

За 25 гадоў незалежнасці ў Беларусі так і не з'явіўся універсітэт з роднай мовай выкладання
23.11.2017
25-26 лістапада ў Мінску пройдзе навукова-практычная канфэрэнцыя, прысвечаная неабходнасці арганізацыі ў Беларусі першага нацыянальнага ўнівэрсытэту.

  

Арганізатары — Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і аргкамітэт ўнівэрсытэту «Альбарутэнія». Працоўная назва імпрэзы — «Нацыянальны ўнівэрсытэт у ХХІ стагодзьдзі: місія і выклікі».

 

Да ўдзелу ў дыскусіі запрасілі экспэртаў у галіне адукацыі, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і афіцыйных структураў, ініцыятыўных студэнтаў, выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў. Усіх, хто зацікаўлены ў стварэньні сучаснай навучальнай установы эўрапейскага ўзроўню.

 

Яшчэ ёсць магчымасьць выправіць хібы ў адукацыі

​На парадку дня канфэрэнцыі — пытаньні, якімі сьвядомая частка беларускага грамадзтва задаецца апошнія чвэрць стагодзьдзя. Чаму сыстэма адукацыі замарожаная ў «недабудаваным» выглядзе? Куды падацца выпускнікам беларускамоўных школаў і гімназій пры адсутнасьці беларускамоўнай вышэйшай навучальнай установы?

 

«Яшчэ ня позна выпраўляць хібы, — перакананы сябра аргкамітэту па стварэньні нацыянальнага ўнівэрсытэту, экспэрт грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсар-этноляг Павал Церашковіч. — На жаль, сыстэма адукацыі на беларускай мове недабудаваная. Хай і не на ўсю моц, але працуе пачатковая і сярэдняя школа, але няма працягу ў выглядзе вышэйшай адукацыі. Гэта пазбаўляе пэрспэктываў перадусім беларускамоўных выпускнікоў. А стварэньне нацыянальнага ўнівэрсытэту дапаможа такую сыстэму зрабіць завершанай».

 

Якім павінен быць нацыянальны ўнівэрсытэт сёньня і ў чым яго галоўнае прызначэньне? Як рэалізаваць прынцыпы аўтаноміі вышэйшай школы ў сучаснай Беларусі? І галоўнае, калі насамрэч паўстане Нацыянальны ўнівэрсытэт? Гэтыя пытаньні і пошук адказаў на іх стануць стрыжнёвымі ў часе працы канфэрэнцыі.

 

Як паведамляла Свабода, у канцы верасьня менскія ўлады зарэгістравалі юрыдычны адрас унівэрсытэту «Альбарутэнія». Офіс месьціцца ў камунальным будынку Партызанскага раёну сталіцы на вуліцы Шчарбакова, 32. Функцыі рэктара выконвае Алег Трусаў — шматгадовы старшыня ТБМ, якога на гэтай пасадзе замяніла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Пад кіраўніцтвам спадара Трусава чальцы рады засяродзяцца на арганізацыйных пытаньнях, зьвязаных зь дзейнасьцю «Альбарутэніі».

 


Алег Трусаў і Алена Анісім

«Падчас канфэрэнцыі будзем абмяркоўваць, што рэальна рабіць далей, — адзначае Павал Церашковіч. — Што тычыцца акрэсьленых пэрспэктываў, то ўсё будзе залежаць ад таго, як шпарка пойдзе працэдура рэгістрацыі. Загадзя пра нешта казаць досыць цяжка, але якраз у гэты момант мы разам зь юрыстамі перапрацоўваем статут, каб усё было бездакорна. Пасьля гэтага будзем спрабаваць зарэгістраваць юрыдычную асобу — унівэрсытэт „Альбарутэнія“. І калі гэта будзе зроблена, тады адбудуцца наступныя крокі».

 

Талакой за аднаўленне гістарычнай справядлівасці

 

Асноўныя тэмы маючай адбыцца канфэрэнцыі, прысьвечанай вышэйшай адукацыі па-беларуску, наступныя.

 

Місія нацыянальнага ўнівэрсытэту: case Беларусі


Мова, ідэнтычнасьць і вышэйшая адукацыя ў сучаснай Беларусі


Інтэрнацыяналізацыя і нацыянальны ўнівэрсытэт: пазытыўны досьвед Польшчы, Украіны ды іншых


Нацыянальны ўнівэрсытэт і Балёнскі працэс: каштоўнасьці і інструмэнты


Нацыянальны ўнівэрсытэт і найноўшыя навучальныя тэхналёгіі.


Паводле арганізатараў, кожнаму ўдзельніку будзе дадзена магчымасьць прэзэнтаваць даклад або паведамленьне пра акрэсленыя праблемы.

 «Значная ўвага да імпрэзы, пададзена больш за 60 заявак, — кажа Павал Церашковіч. — З улікам, што канфэрэнцыя нарадзілася імправізацыйна, вельмі прыемна, што шмат людзей адгукнулася. Гэта найлепшае сьведчаньне, што цікавасьць да тэмы нацыянальнага ўнівэрсытэту сур’ёзная. Асноўнымі выступоўцамі будуць беларусы: каб належным чынам падрыхтаваць міжнародную канфэрэнцыю, трэба як мінімум паўгода. Тут жа ўсё адбывалася, паўтаруся, у імправізацыйным ключы, таму пакуль фармат такі».

 

Нягледзячы на высілкі грамадзкасьці, у Беларусі за 25 гадоў незалежнасьці так і не зьявілася вышэйшая навучальная ўстанова з роднай мовай выкладаньня.

 «Калі ўлада ня хоча ствараць дзяржаўныя ўстановы, трэба ствараць прыватныя», — гэта была асноўная ідэя новага адукацыйнага праекту, ініцыяванага групай аднадумцаў.

 Калектыўныя высілкі атрымалі першы плён: 11 верасня Мінскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб рэгістрацыі структурнага падраздзялення ТБМ «Унівэрсытэт „Альбарутэнія“».

 

Менавіта гэтую дату Анатоль Трусаў і ягоныя паплечнікі прапануюць лічыць пачаткам першага беларускамоўнага ўнівэрсытэту ў найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі.



Дата стварэння навіны 23.11.2017

Возврат к списку

cashback