АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Пракацілі: Давыдзьку не ўключылі ў камісію па інфармацыйнай бяспецы

Пракацілі: Давыдзьку не ўключылі ў камісію па інфармацыйнай бяспецы
20.11.2017
Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада зацвердзіў указ «Аб міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы».

Станіслаў Зась. Фота Belta.by.

Кіраўнік камісіі, дзяржсакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась у інтэрв’ю аб стварэнні падобнага органа даў зубадрабільныя тлумачэнні.

 «Стварэнне Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы абумоўлена інтэнсіўным нарошчваннем небяспечных тэндэнцый у глабальнай і нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, неабходнасцю павышэння эфектыўнасці дзейнасці суб'ектаў, якія вырашаюць разнапланавыя задачы па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі», — сказаў Зась.

  Найбольш цікавым бачыцца склад гэтай камісіі. Што за людзі будуць вырашаць пытанні інфармацыйнай бяспекі?

 Найперш гэта кіраўніцтва Рады бяспекі. Апроч самога Станіслава Зася, сюды ўвайшлі два ягоныя намеснікі — Уладзімір Арчакаў і Алег Макараў, піша Наша ніва.

 

Адміністрацыю прэзідэнта прадставіць Максім Рыжанкоў, у абавязкага якога цяпер значацца і ідэалагічныя пытанні. Таксама ў камісіі прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант і начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Ільясевіч.

Вялікі блок сілавікоў: гэта і старшыня КДБ Валерый Вакульчык, і міністр абароны Андрэй Раўкоў, і кіраўнік МУС Ігар Шуневіч. Звяртае ўвагу, што асабіста не прадстаўлены начальнік Следчага камітэта Іван Наскевіч, яго ведамства ў камісіі прадстаўляе намеснік Сяргей Аземша.

 

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка зладзіў публічны разгон Аператыўна-аналітычнага цэнтра. Першапачаткова была інфармацыя, што ад пасадаў адхіленае ўсё кіраўніцтва ААЦ. Потым фармулёўкі падкарэктавалі, абазначыўшы, што адхіленыя толькі «некаторыя». Бачым, што ў складзе камісіі намеснік начальніка ААЦ Канстанцін Шульган.

Журналісцкі блок прадстаўляюць галоўны рэдактар «СБ» Павел Якубовіч, кіраўнік АНТ Марат Маркаў і міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

 

Звяртае ўвагу, што ў камісію не ўвайшоў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Гэта выглядае парадаксальна, бо БТ з’яўляецца найбуйнейшай медыйнай адзінкай у краіне. Нідзе няма столькі супрацоўнікаў і такога фінансавання, як у Белтэлерадыёкампаніі. Тым не менш, Давыдзька апынуўся па-за спісам.

Затое ёсць у ім дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк. Яшчэ ў пачатку 2000-х Марзалюк сімпатызаваў апазіцыі, быў сябрам сацыял-дэмакратаў. Аднак потым стаў прыхільнікам дзейнай улады. Спачатку спадар Марзалюк быў членам Савета Рэспублікі, а цяпер з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Пры гэтым прынцыпова карыстаецца беларускай мовай.

 

На думку вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, гэта адна з рэакцый на шэраг інфармацыйных правалаў падчас вучэнняў «Захад-2017».

«Падзеі падчас вучэнняў паказалі, што нашыя пазіцыі не вельмі моцныя, — лічыць Алесін. — І як бы сябе не хваліла Міністэрства абароны, да кіраўніцтва краіны ўсё ж дайшло, што нешта трэба рабіць: гэта і новая камісія, і змена міністра інфармацыі. Гляньце: новы міністр [Карлюкевіч] па адукацыі ваенны журналіст, гэта выразна паказвае вектар яго работы. Ідзе рэарганізацыя інфармацыйнай работы. Тут жа і гісторыя з ААЦ: падчас яго стварэння не была ацэненая веліч пагроз у інфармацыйнай сферы. Бо сёння інфармацыйная вайна — гэта хіба не большы, чым вайсковы, складнік гібрыднай вайны. Я думаю, што патрэба дзяржавы ў аналітыках у гэтай сферы будзе толькі павялічвацца. А ўвогуле, нам патрэбна ўцямная стратэгія кібернетычнай вайны як дадатак да вайсковай дактрыны».



Дата стварэння навіны 20.11.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку