АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнка пра Коржыча: Гэта катастрофа. Не варта забіраць у войска адзінае дзіця ў сям'і

Лукашэнка пра Коржыча: Гэта катастрофа. Не варта забіраць у войска адзінае дзіця ў сям'і
20.11.2017
Уладзіслаў Будзік прызначаны начальнікам 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных Сіл. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў сёння Аляксандр Лукашэнка, піша БелТА.

«Тое, што адбылося ў вашай частцы, — гэта катастрофа. Я не перабольшваю. Усялякае ў войску бывае, але ў беларускім войску гэта катастрофа, бо мы заўсёды ганарыліся, што ў нас адсутнічае дзедаўшчына. Яно, сапраўды, так. Я далёкі ад таго, каб гэтая пляма лягла на ўсё войска, як там некаторыя нашы апаненты папісвалі ў інтэрнэце. Гэта армія. Зразумела, што гэта спецыяльная, суровая служба, і яна заўсёды будзе такой. Але дзедаўшчына непрымальная», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 

Кіраўнік краіны прызнаўся, што вельмі хваравіта рэагуе на падобныя выпадкі ў беларускім войску. «Нам бацькі аддаюць самае дарагое, што ў іх ёсць. А атрымліваюць што?» — задаў ён рытарычнае пытанне.

  

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў структуры МУС выпадкі дзедаўшчыны не адзначаюцца. «Там па-людску ставяцца да хлопцаў, і амапаўцы дай бог падрыхтаваныя. Таму бярыце прыклад там, як трэба з моладдзю размаўляць. Адносіны павінны быць чалавечымі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба баяцца, каб лішні раз бацькі прыехалі, асабліва у гэты перыяд, калі яны [навабранцы] знаходзяцца ў «вучэбцы». Можа быць, нават часцей іх адпускаць. Што здарыцца, калі ён раз у месяц на дзень-два паедзе і дома пабудзе?»

 

Ён нагадаў, што калісьці маладых людзей, калі яны былі адзінымі дзецьмі ў сям'і, маглі і не прызываць у войска. «Трэба прааналізаваць гэтую практыку. Гэта адзіны сын, адзіная апора, надзея», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. З іншага боку, ён канстатаваў, што многія бацькі з задавальненнем адпраўляюць дзяцей служыць, бо армія — добрая школа жыцця. «У мяне дзеці служылі ў спецпадраздзяленнях і поўзалі на мяжы так, як мае быць. Але яны прайшлі праз гэта», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Звяртаючыся да міністра абароны Андрэя Раўкова, Лукашэнка падкрэсліў, што такая закасцянеласць у войску непрымальная. «Я спадзяваўся, што вы з гэтымі пытаннямі справіцеся, а вы іх не бачыце пад бокам, у Барысаве. Гэта катэгарычна непрымальна, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Ніколі не было такой плямы на арміі, як у сувязі з гэтым».

 Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што даручыў праваахоўным органам абавязкова дапусціць маці загінулага ў Печах вайскоўца Святлану Коржыч да следчых мерапрыемстваў. «Калі яна хоча камусьці задаць пытанне, хай задасць. Хаваць не трэба, як бы там сітуацыя ні разгортвалася. І я вас перасцерагаю ад заўчасных высноваў. Усё павінна быць сумленна», — звярнуў увагу ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў моц, з якой жанчына перанесла гэта гора. «Наогул яна малайчына, абсалютна разумны чалавек. Не ведаю, як бы я на гэта рэагаваў. Крый божа камусьці гэта перажыць. Але яна майму прадстаўніку кажа: «Я не хачу, каб нехта быў пакараны несправядліва». Зразумела, калі мы несправядліва кагосьці пакараем, мы паходзім яшчэ адну праблему: пакрыўдзіць чалавека, які не здзяйсняў гэта злачынства. Таму яна павінна быць дапушчана да следчых дзеяннях, хай гэта ў законе не прадугледжана, не важна. гэта надзвычайны выпадак, гэта маё асабістае рашэнне», — сказаў кіраўнік краіны.

 

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, раней ім таксама дадзена было даручэнне генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку і старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку сустрэцца са Святланай Коржыч. «Які б ні быў вынік расследавання, усё павінна быць сумленна, справядліва, каб мама была ў курсе справы», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

 

Ён папярэдзіў, што падобныя здарэнні ў войску больш не павінны паўтарацца.

«Я ўжо потым і разбірацца не буду. Мы і так жорстка паставіліся да камандзіраў і начальнікаў гэтай часці і іншым, хто быў да гэтага датычны. І крымінальную справу мы давядзем да лагічнага завяршэння, гэта дакладна. Я кантралюю яго з трох пазіцый і спецыяльнымі метадамі сачу за тым, як яно расследуецца. Глядзіце, каб яно было расследавана да дробязяў. Але справядліва, нічога не трэба нацягваць, — сказаў ён. — Гэта такі абуральны факт, які падштурхоўвае нас да таго, каб лішні раз паглядзець на нашу армію. Армія павінна быць па-сапраўднаму беларускай, плоць ад плоці нашага народа. Наш народ заўсёды быў лагодным. І не павінна быць у арміі гэтых здзекаў, разбораў у сувязі з гэтым. Каб там быў парадак — гэта датычыцца ўсіх Узброеных сіл».

 

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Уладзіслаў Будзік зможа навесці парадак у Печах. «Я выберу час і пабуду ў вас там. Можа, гэта і мая віна, што я, будучы галоўнакамандуючым, у гэтай галоўнай нашай часці не пабываў. Але я ў вас пабуду абавязкова», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

па інф. nn.by


Дата стварэння навіны 20.11.2017

Возврат к списку