АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Каму беларусамі звацца, або Як з эмігрантаў рабілі ворагаў

Каму беларусамі звацца, або Як з эмігрантаў рабілі ворагаў
20.11.2017
Ліст "Не вам беларусамі звацца", апублікаваны ў кастрычніку 1966 г. у беларускім і маскоўскім друку, быў падпісаны прозвішчамі васьмі маладых пісьменнікаў: Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Васіля Быкава, Анатоля Вярцінскага, Ніла Гілевіча, Івана Пташнікава, Барыса Сачанкі, Івана Чыгрынава.

У гэтым лісце быў пратэст супраць выказванняў пісьменнікаў-эмігрантаў у друку і на радыё “Свабодa” пра тагачасную беларускую літаратуру ды выстаўляліся абвінавачанні ў калабаранцтве з фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны і ў амерыканскім імперыялізме. “Не называйцеся беларусамі — вы гэтага не заслужылі” (Звязда. 15 кастрычніка 1966 г.), — гаварылася ў лісце.


У лістападзе таго ж года з’явіўся “Наш адказ”, падпісаны імёнамі эміграцыйных пісьменнікаў Кастуся Акулы, Юркі Віцьбіча, Рыгора Крушыны і Станіслава Станкевіча, дзе, сярод іншага, пісалася наступнае:

“Артыкул гэты нас ані чуць не зьдзівіў, бо ў гарце савецкай прапагандавай кампаніі супраць беларускай палітычнай эміграцыі ў Вольным Сьвеце да падобных выступленьняў у савецкім друку, радыё ды на розных сходах мы ўжо прывыклі. Дасюль падобныя артыкулы былі звычайна або ананімныя, або падпісаныя прозьвішчамі ведамых прафэсіянальных паклёпнікаў тыпу Леаніда Прокшы й падобных, а затым мы ня бачылі патрэбы наагул рэагаваць на іх. У гэтым жа выпадку пад артыкулам стаяць прозьвішчы групы пісьменьнікаў, і то аўтарытэтных і вядучых сярод маладога літаратурнага пакаленьня, пры гэтым не абцяжараных ніякім калябаранцтвам із сталіншчынай. Затым вось уважаем за патрэбнае даць адказ на гэты артыкул.

 

Нам добра ведама, што ў савецкіх абставінах падобныя артыкулы звычайна ініцыююцца й рэдагуюцца, а нярэдка й пішуцца адпаведнымі ворганамі, а ня тымі, чые прозьвішчы пад гэтымі дакумэнтамі стаяць. Гэтак магло быць і ў выпадку з артыкулам “Ня вам Беларусамі звацца!”. Ужо тое, што артыкул спачатку зьявіўся ў органе ЦК КПБ — газэце “Зьвязда”, а толькі пасьля быў перадрукаваны з гэтае газэты — разам з уступнай зацемкай да яго — у органе пісьменьніцкай арганізацыі — газэце “Літаратура і Мастацтва”, наводзіць на думку, што ён мог быць і зрэдагаваны дзесь у ЦК партыі. Пісьменьнікам магло быць адно “запрапанавана” падпісацца пад артыкулам ды хіба перакласьці яго ў беларускую мову, бо, як добра ведама, беларуская мова ня толькі ў ЦК, але й бадай што ўва ўсіх іншых установах Беларусі, за выняткам Саюзу пісьменьнікаў БССР, ужытку ня мае. Дый у самым артыкуле знаходзім пацьверджаньне таго, што ён быў інсьпіраваны нейкімі органамі. Паміж густых радкоў артыкулу неяк прасьлізнуўся й наступны радок: “Асабліва актыўнічае, кажуць, Станіслаў Станкевіч” (вылучана намі). Дык хто-ж кажа? Звычайна “кажуць” тыя, што маюць больш інфармацыяў, у дадзеным выпадку тыя органы, што хвабрыкавалі й сам артыкул. Ды ўрэшце незалежна ад таго, дзе гэты артыкул пісаўся й кім падпісаны, у ім выказаныя перш-наперш думкі гэных органаў, пагляды партыі”.

 

Ліст заканчваўся парафразаю Купалаўскага “людзьмі звацца”: “Мы, у моц гістарычных абставінаў апынуўшыся ў вольным сьвеце, уважаем сябе за неадлучную частку ўсяго беларускага народу, дарма што ўспомнены артыкул намагаецца адмовіць нам права “Беларусамі звацца”.

Як бачна, у пісьменнікаў-эмігрантаў не было сумневу ў сапраўдным аўтарстве ліста з бацькаўшчыны: там былі скарыстаныя ўжо вядомыя па іншых публікацыях сродкі. Сродкі па стварэнні з эмігрантаў ворагаў.

 

Вобраз іншага (вузей — чужога, яшчэ вузей — ворага) можна разглядаць як штосьці супрацьлеглае вобразу сябе, у якім прысутнічае набор характарыстык — рэальных ці ўяўных, — што і ўтвараюць, фармуюць гэты вобраз. Зразумела, гэтыя характарыстыкі залежаць ад шэрагу фактараў — тэрытарыяльна-этнаграфічных, канфесійных, этнакультурных, інфармацыйных, палітычных etc.

Якім жа быў механізм стварэння ворагаў з беларусаў-эмігрантаў у вачах метрапольнага беларуса? Бадай, тут можна казаць пра суплёт адначасна цэлага шэрагу фактараў.

 

Перш-наперш, зразумела, тэрытарыяльны. Значная частка актыўных эмігрантаў жыла не абы-дзе, а ў ЗША. Стаўленне да гэтае краіны ў савецкія часы шыкоўна дэманструе ўрывак з кнігі класіка жанру Уладзіміра Бегуна “Ярмарка предателей” (1983): “В Заире, недалеко от Киншасы, в одной из деревушек в свое время произошел “государственный переворот”. Деревней управлял племенной вождь, царек, на местном наречии именуемый макоко. Как-то раз все мужчины ушли на охоту в джунгли, а он остался дома. Остался и еще один человек — заговорщик. Он вошел в хижину вождя, поколотил его хорошенько, отобрал “царские” регалии и вытолкал из “дворца”. Старый макоко был низвержен, новый воцарился.

Дотошные западные корреспонденты пронюхали сенсацию и помчались в деревню. Они, потехи ради, взяли интервью у нового самодержца. Спросили:

 

— Почему вы, ваше высочество, свергли прежнего вождя?

 

Самозванец не стал говорить, как в таких случаях делают латиноамериканские генералы, о демократии, интересах народа, коммунистической опасности и т. д. Безо всякой такой демагогии он ответил откровенно и просто:

 

— Мне самому захотелось стать макоко.

 

Те подпустили ехидный вопрос:

— А если и вас кто-нибудь отлупит и свергнет? Что тогда?

 

— Попрошу убежища в Америке. Там принимают свергнутых макоко, — не моргнув глазом, ответил он.

Оказывается, прохиндей кое-что смыслил в политике. Жил в глуши, в джунглях, а каким-то образом знал, что в Соединенных Штатах Америки дают приют тем, кого ждет наказание дома. И был, конечно, прав.

 

Как известно, свергнутые народом эксплуататоры испокон веков искали убежища за границей. В прошлом, однако, они на новом месте или скрывались, или оставались на задворках политической жизни. Не было случаев, чтобы, например, какой-нибудь король давал аудиенцию уголовнику. Даже мысль такую сочли бы неприличной! Стражники бросили бы в темницу наглеца, дерзнувшего предстать пред ясные очи короля.

Времена, однако, изменились. Ныне президент Соединенных Штатов отщепенцам руку подает…”.

Нягледзячы на тое, што абсалютная большасць эмігрантаў была праваслаўнага веравызнання, канфесійны фактар — менавіта каталіцтва — актыўна выкарыстоўваўся ў стварэнні вобраза ворага: Ватыкан — жупел не меншы за ЗША:

“У 1949 годзе Рагуля і Абрамчык стварылі ў Лювене так званае “аб’яднанне беларускіх студэнтаў у эміграцыі”. Пасля гэтага ім стала лягчэй адурманьваць і ўцягваць у шпіёнскія сеткі моладзь з асяроддзя беларускіх эмігрантаў. Фінансавалася гэтая арганізацыя амерыканскай разведкай і Ватыканам. А яны не трацяць грошы дарэмна і патрабуюць ад сваіх падапечных доказаў безумоўнай адданасці. […] Пад паглядам клопатаў аб католіках Ватыкан стварае ўсе ўмовы для падрыхтоўкі кадраў шпіёнаў у сваіх шматлікіх установах. І як бы кардыналы ні спрабавалі захаваць у сакрэце сапраўднае прызначэнне такіх установаў, яны не ў сілах гэтага зрабіць” (Раманоўскі, Васіль. Саўдзельнікі ў злачынствах. Мінск, 1964).

 

Найменш цікавы, хоць мо і найбольш шырока ўжываны, лінгвістычны фактар — назавем яго так. Тут нават не патрабавалася штосьці даводзіць ці прыводзіць хоць якія факты; дастаткова было проста нанізваць адно за адным: мерцвякі, вылюдкі, прыслужнікі, марыянеткі, падонкі, пісакі, лёкаі, дэгенераты ды бясконцыя двукоссі: “твор”, “гісторыя”, “дзеячы”, “абараняў”, “патрыёты”.

 

Вельмі важным складнікам быў фактар ідэалагічны, які выкарыстоўваўся абсалютна па-езуіцку (хай даруе мне Ватыкан). Сутнасць механізму простая, але дзейсная: бярэцца артыкул эміграцыйнага аўтара, неістотна — па гісторыі ці літаратуры, блізкай ці далёкай, ідэя якога не пераказваецца (натуральна!), нават не крытыкуецца, а механічна дадаецца эпітэт “фашыстоўскі” або “гітлераўскі” — прычым у любым месцы, і маем: “Абвяргаючы фальш гітлераўскіх памагатых аб творчай манеры і эстэтычным вобліку Максіма Багдановіча, Кандрат Крапіва з нянавісцю гаварыў па радыё: “І вось імя такога паэта, паэта-гуманіста і гарачага патрыёта сваёй радзімы, фашысцкія ідыёты задумалі скарыстаць для сваёй подлай мэты. Яны не ведаюць таго, што адно датыканне іх крывавых лап да чыстай паэзіі Максіма Багдановіча з’яўляецца абразай для беларускага народа і выклікае ў яго сэрцы гарачую нянавісць да подлых фашысцкіх вырадкаў. Беларускі народ зробіць усё магчымае, каб рукі гітлераўскіх бандытаў, на якіх запяклася кроў беларускіх жанчын і дзяцей, не заплямілі светлы вобраз паэта” (Сачанка, Іван. Хто такія беларускія “патрыёты”? Мінск, 1975).

Як вынік вобраз беларуса-эмігранта з фельетонаў, памфлетаў, нарысаў паўставаў у выглядзе ваеннага злачынца, хоць нібыта канкрэтныя абвінавачанні і не высоўваліся, каб хоць адказаць на іх, прынамсі мець шанец апраўдацца. Адзін з падпісантаў ліста-адказу эмігрантаў, Кастусь Акула, спрабуючы ў сярэдзіне 1960-х уладкавацца на працу на радыё “Свабода”, прапаноўваў сваю тэму: “Як адносна нарысаў аб асобных людзях? Ці такія маюць попыт? Прыклад: чалавек, што пасяліўся ў Канадзе ў 1947 годзе, сяньня добры, багаты й ведамы фармар, уласьнік вялікай гаспадаркі. Іншы стаў шэфам у хвабрыцы, трэці там яшчэ нешта. Як яны гэтага дабіліся? Вось аб такіх можна напісаць нарысы” (ліст ад 20.10.1963). “Беларускі “радавы” рэлігійна-грамадзкі працаўнік. Тэму гэту я абмяркоўваў раней. Варта, каб слухачы якраз во пачулі пра працу й жыцьцё такога звычайнага працаўніка на царкоўна-нацыянальнай ніве. Няхай ведаюць, што тутака няма “буржуазных нацыяналістаў” з рагамі, а звычайныя, старанныя добрыя людзі” (ліст ад 11.05.1967).

 

З працай у Мюнхене ў Кастуся Акулы нічога не атрымалася, і да вобразу “звычайнага працаўніка” пісьменнік дайшоў толькі ў рамане “За волю”: “Пасьля тае даўгое гутаркі з Капшуном Вера ці раз намагалася ўявіць Алеся вылюдкам, забойцам нявінных людзей, з рукамі ў іхнай крыві. Казаў яшчэ Грыша, што ён і цяпер быццам браў удзел у нейкіх кансьпірацыйных апэрацыях. Што за загадка? Тут ці ня сам чорт рогі мог паламаць. Намаляваны Капшуном злачынца ніяк не нагадваў таго дзецюка, — ветлівага, талерантнага, зычлівага, добра адукаванага, сумленнага, — якога Веры ўжо ўдалося пазнаць з бліжэйшае адлегласьці”.

Наўрад ці гэты вобраз дый увесь раман цалкам мог паспрыяць разбурэнню вобразу эмігранта-ворага ў Беларусі, але тут важна адзначыць наступнае: межы паміж сваімі й чужымі (ворагамі) не з’яўляюцца аднойчы і назаўсёды дадзенымі, непераадольнымі, паколькі залежаць ад канкрэтна-гістарычных, кан’юнктурных умоваў. Яны рухавыя. Ідзе час, змяняюцца тыя ўмовы — і вось адзін з падпісантаў таго ганебнага ліста, Барыс Сачанка, стварае першы нарыс пра беларускую эміграцыю; другі, Генадзь Бураўкін, працуе ў якасці пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН, жыве ў Нью-Ёрку, знаёміцца з дыяспарай і прысвячае ёй вершы; Васіль Быкаў, сам ужо эмігрант, прагна чытае выдадзенае ў Амерыцы і піша ў лісце да цяпер ужо добра знаёмых Кіпеляў: “Шаноўная спадарыня Зора, шаноўны спадар Вітаўт! Дзякуй Вам вялікі за “Беларускую мемуарыстыку”, якую я атрымаў і адразу ж прачытаў. Кніга вельмі цікавая, добра надрукаваная і чытаецца з захапленьнем. Каб такіх кніг было болей! Беларусь павінна ведаць лёсы і справы сваіх апосталаў. У тым ліку і на эміграцыі”).

 

Яшчэ адзін з былых падпісантаў, Ніл Гілевіч, падцвярджаючы слушнасць заакеанскіх калегаў што да сапраўднага аўтарства таго ліста, зазначыў: “Беларускім чытачам на Беларусі ніхто з пісьменнікаў-эмігрантаў ніводным радком і нават па імені ажно да пачатку 90-х гадоў не быў вядомы. Бо ўсе яны заклеймлены як беларускія буржуазныя нацыяналісты, а страшней за беларускі нацыяналізм, як вядома, няма нічога ў свеце. […] І таму мы нічога не маглі ведаць і чуць пра беларускую эмігранцкую літаратуру. А яна існавала, і даволі значная, асабліва ў жанрах паэзіі і эсэістыкі. Цяпер яна, хоць далёка не ўся, прыйшла да нас, уз’ядналася — лёгка і натуральна — з мацерыком беларускага літаратурнага слова” (ЛіМ. 13 лістапада 1998 г.).

 

Уз’ядналася беларуская літаратура, уз’ядналіся і самі беларусы. І калі сёння зрэдзьчасу дзе-нідзе пытаюцца, каму ж беларусамі звацца (“а ты хто такі на беларускім полі?”), варта памятаць пра тыя механізмы, што стаяць за гэтымі пытаннямі.

Лявон Юрэвіч, budzma.by на здымку Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч і Ніл Гілевіч. Фота з адкрытых крыніц. 



Дата стварэння навіны 20.11.2017

Возврат к списку

cashback