АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Уладзімір Даўжэнка: "Жыву ў рэжыме ўнутранай эміграцыі…"

Уладзімір Даўжэнка: "Жыву ў рэжыме ўнутранай эміграцыі…"
18.11.2017
У свой час спартыўны журналіст Уладзімір Даўжэнка, можна сказаць, не сыходзіў з экранаў айчыннага тэлебачання. Яго аўтарская перадача "Асілак" біла рэкорды глядацкай цікавасці.

 Даўжэнка карыстаўся шалёнай папулярнасцю і вялікай любоўю гледачоў, быў жаданым госцем на многіх спартыўных мерапрыемствах, на прыёмах з удзелам высокіх чыноўнікаў… У сярэдзіне 1990-х сітуацыя ў Беларусі змянілася. А Уладзімір Даўжэнка застаўся такім жа шчырым, адкрытым, смелым чалавекам, які не баяўся ўслых казаць пра негатыўныя з’явы нашага жыцця. І не толькі спартыўнага.

 

Паціху “нязручнага” Даўжэнку выціснулі з эфіру, вымусілі звольніцца з БТ. Пазней журналіст працаваў у шэрагу беларускіх друкаваных СМІ, а потым знік з поля зроку.

 

“Народная Воля” расшукала журналіста, каб даведацца, чым ён жыве зараз.

 

– Чым я зараз заняты? – перапытвае Уладзімір Іванавіч. – Знаходжуся ў статусе класічнага беларускага пенсіянера – даядаю, даношваю, дажываю.

 

– Неяк зусім сумна…

 

– Як ёсць. Апошнія гады я жыву ў стане “ўнутранай эміграцыі” – гэта калі жывеш у краіне, якой няма чым дапамагчы, бо гэтай краіне бессэнсоўна дапамагаць. У гэтай краіне калі б і хацеў, нельга нічога змяніць да лепшага. І, напэўна, мяняць павінны маладыя, а калі табе 65 (дарэчы, да гэтага ўзросту не дажывае значны працэнт беларускіх мужчын), то застаецца адно – дажываць, бо з’язджаць ужо позна.

 

– Я так разумею, што ад спартыўнай журналістыкі вы зусім адышлі?

 

– Так, у мяне зараз няма ніякіх праектаў. Жыву на сціплую пенсію – у 345 рублёў. Ці задаволены такім яе памерам? Вы што, здзекуецеся? Я не скарджуся і не прашу мне дапамагчы фінансава, я проста кажу, што такія пенсіі – плявок у твар усёй нацыі.

 

Нядаўна ехаў у аўтобусе і бачыў такую карціну: малады чалавек, выйшаўшы на сваім прыпынку, аддаў талон на праезд такому ж маладому хлопцу, які ў гэты аўтобус заходзіў… Дзікунства, такога раней у Беларусі і блізка не было! Народ ператвораны ў жабракоў…

 

– І ўсё ж вярнуцца да актыўнай дзейнасці плануеце?

 

–Яшчэ пару гадоў таму нешта пісаў, нешта рабіў… Але раптоўная смерць дачкі, якой было ўсяго 37 гадоў, канчаткова выбіла глебу з-пад ног. Вы не ўяўляеце, як гэта – перажыць сваіх дзяцей. Мая адзіная дачка цяжка хварэла – перанесла дзве няўдалыя аперацыі па перасадцы ныркі, а забраў яе інсульт. Паверце, пасля такога не думаеш, як вярнуцца ў прафесію…

 

– За спартыўнымі падзеямі ў краіне сочыце?

 

– Так, але хутчэй на аматарскім узроўні. Плачу разам з балельшчыкамі ад бязвольнай гульні беларускіх футбалістаў, шчыра не разумеючы, чаму кіраўніцтва федэрацыі пры такіх выніках дагэтуль застаецца на сваіх пасадах, радуюся за беларускіх тэнісістак.

 

А так мяне нікуды не запрашаюць. Нікому я асабліва не патрэбны. Ёсць такая цытата: “Кожны памірае ў адзіночку”. Гэта пра мяне. Так склалася жыццё, што калі я быў на піку сваёй папулярнасці – адбою ад “сяброў” не было, а потым, калі трапіў у спіс “неблаганадзейных”, людзей побач значна паменела. Рэгулярна тэлефануюць толькі некалькі чалавек. Напрыклад, Анатоль Ліхадзіеўскі, наш славуты таэквандыст, ды гіравік Вячаслаў Харанека, з якім мы калісьці распачыналі “Асілак”.

 

– А за працай калег сочыце?

 

– Я не скажу, што ў тэлевізійнай спартыўнай журналістыцы за апошнія 20 гадоў успыхнулі нейкія новыя зоркі. Па-ранейшаму ў эфіры Уладзімір Навіцкі, некалькі маладых хлопцаў, сярод якіх я вылучыў бы Аляксандра Цвячкоўскага. З калег, якія працуюць у друкаваных выданнях, я адзначыў бы двух Сяргеяў – Шчурко і Новікава, але назваць іх новымі імёнамі ў нашай прафесіі не выпадае.

 

Нікога не хачу пакрыўдзіць, але вельмі ўпаў узровень аўтарскіх перадач на спартыўную тэматыку. Усе яны пабудаваны па прынцыпе “гаворачых галоў”, калі ў кадры чалавек, пра якога распавядаюць, альбо галоўны герой. Некуды знікла рэжысёрскае, аўтарскае бачанне. Відавочна, што цяперашнія журналісты, і не толькі спартыўныя, працуюць у рэжыме жорсткай самацэнзуры.

 

– Уладзімір Іванавіч, апошнім часам ходзяць чуткі пра запуск чыста спартыўнага тэлеканала. Як лічыце: патрэбны ён краіне?

 

– На маю думку, не. У нас ужо ёсць спартыўная “кнопка” – “Беларусь 5”. Нават там забіць увесь эфір арыгінальным кантэнтам не могуць, паўтараючы матчы па пяць разоў. Навошта марнаваць грошы на стварэнне яшчэ аднаго канала?

 

– Калі б вас запрасілі вярнуцца на тэлебачанне – пагадзіліся б?

 

– Пачнём з таго, што ніхто мне такую прапанову не зробіць. Гэта першае. А па-другое, напэўна, я і не вярнуўся б, бо працаваць пад наглядам цэнзараў і дагаджаць начальству не прывык.


Дата стварэння навіны 18.11.2017

Возврат к списку