АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Ці паедуць беларусы на Данбас?

Ці паедуць беларусы на Данбас?
15.11.2017
Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь гатовая адправіць сваіх вайскоўцаў-міратворцаў на Данбас, калі гэта падтрымаюць усе зацікаўленыя бакі.


Але хто ж такія беларускія міратворцы?

 

 

«Міратворчы кантынгент рыхтуюць у беларускім войску з 2000-х. Гэта толькі кантрактнікі. Салдаты тэрміновай службы ані ў якім выпадку не могуць удзельнічаць у падобных місіях», — патлумачыў «Нашай Ніве» прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў.

Дакладная колькасць вайскоўцаў-міратворцаў невядомая. Але асобная міратворчая рота існуе ў 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, якая месціцца ў Віцебску. Яна была створана ў 2005 годзе. Агулам міратворцаў каля 250 чалавек.

 

 Каля 40-50 чалавек — гэта упраўленне і два ўзводы, навучальны і міратворчы. У складзе кожнага ўзвода маюцца штатныя інструктары. Плюс каля 200 чалавек у пераменным складзе — гэта вайскоўцы-кандыдаты ў падраздзяленні міратворцаў. Яны ўжо прайшлі адпаведную падрыхтоўку, але служаць у розных часцях па ўсёй краіне і час ад часу ўдзельнічаюць у адпаведных зборах.

  

Каб трапіць у міратворчую роту, трэба адпавядаць наступным крытэрам: мець выслугу не менш за тры гады, свабодна валодаць замежнай мовай, у тым ліку чытаць і пісаць, па стане здароўя пасаваць для службы ў сілах спецыяльных аперацый, ведаць тапаграфію і ўмець аказваць першую медыцынскую дапамогу. Плюс — прайсці адпаведныя псіхалагічныя тэсты.

Праўда, самі вайскоўцы прызнаюцца: кандыдатаў адбірае непасрэдна камандзір роты, калі ён палічыць прэтэндэнта вартым, то возьме, а праблемы, напрыклад, з замежнай мовай можна вырашыць і пазней. Пасля вайсковец праходзіць курсы ў Вайсковай акадэміі.

 

Пасля залічэння міратворцы вывучаюць не толькі агнявую і тактычную падрыхтоўку, але і міжнароднае гуманітарнае права, дадатковыя замежныя мовы. А з 2007 года яшчэ і абавязкова вучацца скакаць з парашутам. Перад працай у міратворчай місіі вайскоўцы абавязкова вывучаюць краіну, у якую накіроўваюцца, мясцовыя звычкі і асаблівасці. Пры гэтым перад непасрэднай адпраўкай на місію, міратворцы пішуць заявы на імя Аляксандра Лукашэнкі, якія падпісвае асабіста ён.

 

Акрамя міратворчай роты, ад Беларусі ў рамках планавання і ацэнкі сіл праграмы НАТА «Партнёрства дзеля міру» раней быў таксама заяўлены патрульны ўзвод (ад ваенных камендатур Узброеных Сіл); ваенна-транспартны самалёт Іл-76 МД з двума экіпажамі лётнага складу і двума групамі наземных спецыялістаў па абслугоўванні паветранага судна (ад 50-й змяшанай авіяцыйнай базы Ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны); афіцэры Узброеных Сіл для працы ў складзе шматнацыянальных штабоў (да 15 чалавек); група спецыялістаў-медыкаў (да 7 чалавек); мабільны шпіталь.

 

Таксама існуюць і міратворцы, якія рыхтуюцца ў межах супрацоўніцтва АДКБ. Па словах аналітыка Аляксандра Алесіна, гэта дзве брыгады — сіл спецыяльных аперацый і брыгада спецназа МУС. Яны служаць у Беларусі, але ж перыядычна праходзяць адпаведную падрыхтоўку на вучэннях.

Сёлета ў ліпені камандуючы сіламі спэцыяльных апэрацый узброеных сіл Беларусі Вадзім Дзенісенка распавядаў, што адзін узвод ужо цалкам гатовы ўдзельнічаць у міратворчых аперацыях пад эгідай ААН.

 

«Цягам гэтага году ў нас вельмі сур'ёзна адпрацавалі дэлегацыі з Італіі, Велікабрытаніі, дзве дэлегацыі з Польшчы. Сваё тэставанне хутка будуць праводзіць інструктары з ЗША. Мы выйшлі на нармальны ўзровень у падрыхтоўцы міратворчай роты», — казаў Дзенісенка.

 

Акрамя падрыхтоўкі ў Беларусі, нашы міратворцы рэгулярна прымаюць удзел у адпаведных міжнародных вучэннях. Апошнія з іх — ад АДКБ — прайшлі зусім нядаўна, у канцы кастрычніка ў Казахстане, там адпрацоўвалі дзеянні ва ўмовах масавага прыбыцця бежанцаў.

 Што тычыцца практыкі, то беларускія медыкі прымалі ўдзел у міратворчай місіі ў Ліване ў 2010 годзе. Кантынгент быў нешматлікі — афіцэр і чацвёра медыкаў. Хірург, анестэзіёлаг, аперацыйная сястра і сястра-анэстэзіст працавалі ў ваенным шпіталі Часовых сіл ААН у Ліване, афіцэр штаба адказваў за ўзаемадзеянне камандавання місіі з мясцовымі сілавікамі. Акрамя Лівана, беларускі эксперт накіроўваўся ў Паўднёвы Судан.

Прапановы Лукашэнкі пра накіроўванне беларускіх міратворцаў на Данбас ішлі з 2015 года. Але якая імавернасць таго, што беларусы ўсё ж паедуць туды пасля заявы Макея?

 

У Мінабароны пакуль не змаглі пракаментаваць гэтае пытанне. Аляксандр Алесін мяркуе, што пакуль адпраўка беларусаў малаверагодная.

 

«Лукашэнка прапаноўваў неаднаразова. Але тады ініцыятыва не знайшла падтрымкі ані ва Украіне, ані ў Расіі. Яны думалі, што разбяруцца сваімі сіламі. Але сёння канфлікт зайшоў у тупік, ваеннага рашэння яго не бачна. І цяпер па прапанове Пуціна вырашылі абапірацца на міратворцаў. Аднак не вызначанае галоўнае пытанне — дзе міратворцы будуць размяшчацца? — кажа Алесін. — Бо на думку Пуціна, міратворцы мусяць размяжоўваць украінскія войскі і войскі самаабвешчаных рэспублік. На думку Украіны, міратворцы павінны знаходзіцца на мяжы з Расіяй, каб адтуль не паступала зброя і не ехалі так званыя «добраахвотнікі».

Алесін падкрэсліў, што варыянт Пуціна прывядзе да таго, што сітуацыя на Данбасе ператворыцца ў замарожаны канфлікт, аналагічны сітуацыі ў Прыднястроўі.

 

«То бок Украіна фактычна пагодзіцца, што частка тэрыторыі адабраная на нявызначаны час, а можа, і назаўсёды, — падкрэсліў аналітык. — Калі ж міратворцы будуць знаходзіцца на мяжы з Расіяй, то не будзе дапамогі адтуль, і у будучыні «ДНР» і «ЛНР» могуць не даць рады ўкраінскім войскам. То бок, Украіна тэарэтычна зможа вярнуць тэрыторыі. І гэты варыянт не вельмі падабаецца Пуціну і кіраўнікам непрызнаных рэспублік. Таму нават калі афіцыйна пагодзяцца на ўдзел міратворцаў, то неафіцыйна могуць ім перашкодзіць. У «ДНР» і «ЛНР» хопіць моцы не пусціць міратворцаў на мяжу з Расіяй.

 

Таму пакуль няма пагаднення бакоў, варыянт адпраўкі нашых міратворцаў бачыцца мне малаімаверным».

 Прычым, адзначае Алесін, удзел беларускіх міратворцаў ва ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе будзе карысны ў першую чаргу для самой Беларусі.

 

«Мы і так аб’явілі сябе міратворцамі, калі прадастаўлялі пляцоўкі для перамоваў. А цяпер, калі Рада бяспекі дазволіць удзел беларусаў ва ўрэгуляванні канфлікту, то, значыцца, сусветная супольнасць афіцыйна прызнала Беларусь міратворцам. А гэта павышае аўтарытэт нашай краіны», — адзначыў Аляксандр Алесін.

па інф. НН


Дата стварэння навіны 15.11.2017

Возврат к списку