АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Пераможца Нацыянальнага конкурсу на "Лістападзе" пра сябе і беларускае кіно

Пераможца Нацыянальнага конкурсу на "Лістападзе" пра сябе і беларускае кіно
14.11.2017
Свой фільм Юлія Шатун зняла на фотаапарат у Мазыры, дзе нарадзілася і жыла да пераезду ў Мінск. А ў галоўных ролях выступілі яе бацькі і брат.

Юлія Шатун. Фота з сацыяльных сетак

На Нацыянальным конкурсе сёлетняга кінафестывалю "Лістапад" лепшым гульнявым фільмам стала стужка "Заўтра" Юліі Шатун. Юлія — маладая і невядомая рэжысёрка. 

"Заўтра" — кіно пра сённяшніх беларусаў: былы настаўнік англійскай жыве ў невялікім гарадку. Часова беспрацоўны, разносіць рэкламкі па паштовых скрынях, каб пракарміць сям'ю. У яго ёсць жонка, сын-студэнт, няскончаны рамонт і латарэйны квіток.

У эфіры Еўрарадыё Юлія распавядае пра цікавасць да беларускай паўсядзённасці, недавер фільмам пра вайну і стаўленне да перамогі на конкурсе.

"Мне цікава менавіта тое, што адбываецца тут, і цікава рабіць нешта тут"

У цэнтры фільма "Заўтра" — тыповая беларуская сям'я. Чаму менавіта сацыяльная тэма? Як яна нарадзілася?

 

Юлія Шатун: Я ўзнаўляла падзеі, якія бачыла вакол сябе, жывучы ў Мазыры, — у сваёй сям'і, у суседзяў, сваякоў.  Не было мэты зрабіць нешта вострасацыяльнае. Проста хацелася зняць фільм пра жыццё.

 

Як вы лічыце, што цікава цяпер беларускаму гледачу?

 

Юлія Шатун: Гледачы вельмі розныя. Некаму цікава больш рэалістычнае жыццё,  некаму, наадварот, тое, што не падобна на звычайнасць, некаму — фантастыка. Не варта абагульняць. Асабіста мне цікавая паўсядзённасць і сённяшні дзень.

 

Нейкія рэальныя людзі могуць пазнаць сябе ў гэтым фільме?

 Юлія Шатун: Думаю, што так. Бо ўсё, што там адбываецца, — гэта праўда. Я не выдумляла нічога, апроч гісторыі з латарэйным білетам — гэта з'яўляецца фабулай фільма. Але ў любым выпадку людзі могуць пазнаць сябе ці тых, хто вакол іх.

 

Вы бачыце для сябе як для рэжысёра перспектывы ў Беларусі, ці фільмы — гэта стартавая пляцоўка для таго, каб з'ехаць працаваць за мяжу?

 

Юлія Шатун: Мне цікава менавіта тое, што адбываецца тут, і цікава рабіць нешта тут. Не ведаю, што будзе потым, але на дадзены момант і цяпер, і ў будучыні я бачу сябе тут.

  

"Як і многія дзяўчынкі, марыла стаць актрысай, спявачкай, археолагам"

Хто вашы куміры ў кінематаграфіі? Хто вас натхняе?

 

Юлія Шатун: Мне падабаецца турэцкі рэжысёр Нуры Білье Джэйлан, раннія фільмы фіна Акі Каурысмякі, падабаецца Рой Андэрсен, Ульрых Зайдль. Адзін з маіх любімых дакументальных фільмаў — "З Усходу" Шанталь Акерман.

 

Кім вы марылі стаць у дзяцінстве? Чым захапляліся?

 

Юлія Шатун: Як і многія дзяўчынкі, марыла стаць актрысай, спявачкай, археолагам. Мары часта змяняліся, але ўсе яны былі звязаныя з нечым творчым і загадкавым.

 

Вы скончылі ўніверсітэт культуры. Працуеце па размеркаванні? Кім?

 

Юлія Шатун: Ужо адпрацавала. Цяпер працую ў рэкламным агенцтве.

 

Як вашы бацькі паставіліся да прапановы зняцца ў фільме і як успрынялі навіну пра перамогу?

 

Юлія Шатун: Яны адразу пагадзіліся, бо я не апісвала гэта як нешта грандыёзнае. Проста папрасіла іх мне дапамагчы — яны ведаюць пра захапленне. А потым вельмі здзівілася перамозе, бо я ж здымаю для таго, каб паглядзець, як атрымаецца, каб павучыцца.

 

 Ці ёсць у вас хлопец? Як ён ставіцца да вашага захаплення кіно, як дапамагае?

 

Юлія Шатун: Ёсць. Ён таксама любіць кіно і разбіраецца ў ім лепш, чым я. Магчыма, дзякуючы гэтай тэме мы пазнаёміліся і зацікавіліся адзін адным. Ён мяне падтрымлівае.


"Не вельмі люблю фільмы пра вайну... Гэта спекуляцыя і няшчырасць"

 Калі б у вас было 5 мільёнаў долараў, пра што б вы знялі кіно?

 

Юлія Шатун: Гэта таксама было б кіно пра тутэйшае, сучаснае жыццё. Магчыма, я змагла б рэалізаваць ідэі, якія немагчыма ўвасобіць без фінансавых магчымасцяў.

 

 Як вы лічыце, можа будучы рэжысёрам, зарабляць грошы ў Беларусі?

 

Юлія Шатун: Калі рабіць нейкія камерцыйныя праекты, то так. Калі зарабляць менавіта сваім кіно — то не бачу такой магчымасці.

 

 Чаму цяпер цікава тое, што блізкае, а не партызаны, вайна і міліцыя?

 

Юлія Шатун: Тое, што побач, — гэта нам знаёма, мы пра гэта можам расказаць. А пра тое, што не знаёма — не можам распавесці. Гэта лагічная рэч. Таму я не вельмі люблю фільмы пра вайну, мне заўсёды падавалася дзіўным здымаць мастацкія фільмы пра вайну, я іх ніколі не гляджу. Гэта спекуляцыя і няшчырасць. А рэжысёры, якія здымаюць пра сучаснасць, не будуць падманваць гледача.

 

Што асабіста вам дала перамога на Нацыянальным конкурсе "Лістапада"? Што вы зразумелі пра сябе як пра творцу?

 

Юлія Шатун: Перамога надала больш упэўненасці, але больш каштоўная — зваротная сувязь, якую я атрымала ад людзей пра сваю працу. Многія меркаванні грэлі душу, бо я не хацела, каб пра гэты фільм усе думалі аднолькава. Мне было цікава пачуць розныя думкі, нават калі яны былі не падобныя да маіх першапачатковых задумак. Усё было карысна, цікава і вельмі важна для мяне.



Дата стварэння навіны 14.11.2017

Возврат к списку

cashback