АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Горш за іншых? У рэйтынгу самых «разумных» гарадоў свету няма беларускіх

Горш за іншых? У рэйтынгу самых «разумных» гарадоў свету няма беларускіх
11.11.2017
Шведская арганізацыя EasyPark, якая праводзіць даследаванні ў галіне ўрбаністыкі, склала рэйтынг «Разумны горад».


У першую пяцёрку самых «прасунутых» гарадоў свету паодле рэйтынгу Smart Cities Index трапілі Капэнгаген, Сынгапур, Стакгольм, Цюрых, Бостан. На 73-м месцы — Вільня, на 75-м Рыга, за ёю Талін і Масква. Мінску ў гэтай сотні няма, паведамляе Свабода.

 

EasyPark лічыць сваёй місіяй рабіць жыццё ў гарадах лягчэйшым, прасьцейшым, зручнейшым:

 

«Мы правялі гэтае дасьледаваньне ня толькі дзеля таго, каб адзначыць мэгаполісы на пярэднім краі разумнага эканамічнага росту, але і каб вучыцца ў гарадоў, якія дэманструюць паскарэньне ў інфарматызацыі ўсіх сфэраў жыцьця», — тлумачаць складальнікі рэйтынгу «Разумны горад».

 

Крытэры і фактары, якія, паводле EasyPark, вызначаюць «разумны горад», наступныя.

 

Па-першае, горад павінен быць «аблічбаваны»: мець 4G, мноства пунктаў Wi-Fi, высокі працэнт смартфонаў.

 

Транспарт і мабільнасьць мусяць грунтавацца на ведах: горад мае разумныя і зручныя паркоўкі, сэнсары руху і праграмныя дадаткі для аўтамабілістаў.

 

Разумны горад павінен быць экалягічна чысты, з акцэнтам на адпаведную энэргетыку. У «разумным горадзе» выдатны онлайн-доступ да дзяржаўных паслугаў і высокі ўзровень ўдзелу грамадзянаў у разьвіцьці гарадзкой інфраструктуры.

 

EasyPark прааналізаваў больш за 500 гарадоў сьвету і вызначыў 100 найлепшых з індэксам Smart City. Улічвалі і экспэртныя меркаваньні журналістаў з тых гарадоў — як яны ацэньваюць «аблічбаваньне» месца, дзе жывуць. Беларускія гарады ня трапілі ў рэйтынг, хаця Беларусь лічыцца даволі разьвітай краінай у ІТ-сфэры. Чаму ў Беларусі няма «разумных гарадоў»?

 

Заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер выказаў сумнеў што да рэйтынгу Smart City:


«Я мяркую, пра Беларусь проста забыліся. Я лічу, што мы на добрым узроўні, але выпадкова нас не ўлічылі. Памятаю, яшчэ 10 гадоў таму нас не было ў сьпісе краінаў для выбару з мэню інтэрнэт-сэрвісаў. І не было нават беларускай валюты. Цяпер таксама пра нас забываюцца. Калі на сэрвісе booking.com шукаць гатэлі ў Беларусі, дык сума пазначаная ў тысячах-мільёнах — яшчэ да дэнамінацыі. Яны ня ведаюць, што паўтара году таму адбылася дэнамінацыя. Нічога дзіўнага ў тым, што мала нас ведаюць. Нічога страшнага, даведаюцца. Ёсьць да чаго імкнуцца. У нас зь „лічбавай пісьменнасьцю“, доступам у інтэрнэт, разьвіцьцём сучасных тэхналёгіяў нядрэнна. І, дакладна, Менск ня горшы за Вільню ці Маскву, якія ўвайшлі ў рэйтынг.

 

Вядома, у Стакгольме, Капэнгагене прасьцей зрабіць некаторыя рэчы. Да прыкладу, калі ты прылятаеш, то ў чаканьні багажу можаш купіць сімку — і ты ўжо на сувязі з усім сьветам у інтэрнэце. У нас пакуль такога няма. Але ў сталіцах дзяржаваў СНД дакладна горш з усім гэтым, чым у Мінску».

 

Дырэктар школы маладых мэнэджэраў публічнага адміністраваньня (SYMPA) Наталля Рабава таксама лічыць, што Мінск ня трапіў у рэйтынг найлепшых гарадоў з індэксам Smart City не таму, што мае дрэнныя паказнікі дыгіталізацыі, а таму, што складальнікі многіх рэйтынгаў не бяруць усе гарады запар:


«У Беларусі нядрэнны індэкс гатоўнасьці да лічбавага грамадзтва, і паводле шматлікіх паказьнікаў інтэрнэт-індэксаў мы дакладна апярэджваем іншыя краіны. У нас добра разьвітая інфраструктура, хуткі і якасны доступ да інтэрнэту. Таму я не рабіла б выснову, што Мінск ня трапіў праз кепскія паказьнікі. Так бывае, што невялікія краіны не трапляюць у міжнародныя рэйтынгі. Шмат у якіх рэйтынгах Беларусь не фігуруе менавіта з гэтай прычыны».

 

На канкрэтнае пытаньне, чаго ўсё ж такі бракуе Беларусі, Натальля Рабава адказала так:

 

«На мой погляд, Беларусі бракуе (і гэта добра відаць з многіх дзяржаўных праграмаў) такога чыньніку, як далучэньне грамадзянаў. Бо ў нас з „жалезам“, з інфраструктурай у прынцыпе ўсё добра, паўсюль оптавалакно, краіна пакрытая мабільнай сувязьзю, ёсьць мабільны інтэрнэт, прысутнічаюць самыя розныя онлайн-сэрвісы. Але ўсё, што тычыцца ўдзелу грамадзянаў у кіраваньні горадам ці дзяржавай — тут, безумоўна, працы непачаты край. І гэта зьвязана ня столькі зь інтэрнэтам, колькі з самой гэтай сыстэмай. Бо Міністэрства сувязі, якое адказвае за ўсю „дыгіталізацыю“, дый іншыя структуры разумеюць яе вузка — як „жалеза“, як сеткі, кампутары. А каб зладзіць, да прыкладу, электроннае галасаваньне альбо высьветліць праз інтэрнэт-апытаньне погляд грамадзянаў на тую ці іншую праблему, запытвацца пра іхную думку да вынясеньня нейкіх рашэньняў, а не інфармаваць ужо пасьля, постфактум — вось гэтая частка, звязаная з далучэннем грамадзян, яшчэ слабая.

 

Зноў жа, калі паглядзець на дзяржаўныя праграмы, якія называюцца „Лічбавая эканоміка“ і іншыя, там усё будзе выключна пра „жалеза“ і крыху пра сэрвісы для грамадзянаў і бізнэсу. А пра тое, што ў грамадзянаў і бізнэсу можна было запытацца пра штосці, даць ім магчымасць паўплываць на штосці — там пра гэта проста нічога няма».


Дата стварэння навіны 11.11.2017

Возврат к списку