АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

У фігурантаў справы «банды Молнара» могуць канфіскаваць грошы, золата і брыльянты

У фігурантаў справы «банды Молнара» могуць канфіскаваць грошы, золата і брыльянты
11.11.2017
10 лістапада ў Вярхоўным судзе Беларусі ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд скаргі на прысуд па справе "банды Молнара".


Па справе аб арганізаванай злачыннай групе на чале з 53-гадовым крымінальным аўтарытэтам з Бабруйска Сяргеем Молнарам праходзіць 30 абвінавачаных, ключавыя фігуранты мелі сувязь з крымінальным светам.

 

Слуханні па справе праходзілі ў магілёўскай турме больш за год у закрытым рэжыме. Молнар прыгавораны на 18 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Дзяніс Макс, які, па версіі следства, быў «смотрящим» за Беларуссю, — да 7 гадоў. Руслан Алейнікаў, які фігуруе ў матэрыялах справы як трымальнік «касы», — да 7 гадоў. Кіраўнікі «банды баксёраў», якія, як лічыць абвінавачанне, забяспечвалі сілавую падтрымку нелегальнага бізнесу, прыгавораныя: Яўген Абдурзакаў — да 14 гадоў пазбаўлення волі, Павел Бялушкін — да 13 гадоў, Міраслаў Расаян — да 15 гадоў.

 

Паводле версіі следства, абвінавачаныя на працягу пяці гадоў вымагалі грошы ў жыхароў Бабруйска і праводзілі незаконныя здзелкі з нерухомасцю. Атрыманыя грошы яны часткова аддавалі Молнару для ўтрымання «касы».

 

Дужыя хлопцы, якія прафесійна займаліся боксам, падпільноўвалі ахвяраў, збівалі іх, калі тыя адмаўляліся добраахвотна даць грошы. Сумы былі розныя — ад 100 да 500 долараў. Часам прымушалі купляць тэхніку ў растэрміноўку. Незгаворлівых везлі на машыне і зноў збівалі. Паралельна працавала дзве групы зламыснікаў, якія прадстаўляліся рыэлтарамі.

 

Калі ў магілёўскай турме пачынаўся працэс, тэлеканал ОНТ са спасылкай на праваахоўнікаў паведамляў, што падчас следства быў накладзены арышт на маёмасць абвінавачаных у памеры 5 млн долараў. Сваякі асуджаных настойваюць, што гэтая сума істотна завышаная.

 

«Канфіскаваныя дарагія аўтамабілі, нерухомасць, вельмі шмат залатых вырабаў, алмазаў, сапфіраў, — сумы каласальныя», — заяўляў намеснік начальніка аддзела ГУБАЗ Валерый Мазураў, які працаваў па гэтай справе.

 

У большасці абвінавачаных забралі толькі мабільныя тэлефоны, бытавую тэхніку, бо іншай маёмасці ў іх няма.

 

Самая вялікая сума арыштаванага прыпадае на ключавога фігуранта Сяргея Молнара: у яго канфіскавалі 12,5 тысячы долараў, 1,5 тысячы еўра, гадзіннік Versace, 10 мабільных тэлефонаў, 25 брыльянтаў (маса ад 0,01 да 1,23 карата), тры сапфіры (масай ад 0,13 да 0,19 карата), 18 залатых вырабаў (кольцы, кулоны, ланцужкі, манеты — масай ад 1,81 да 50,07 грама), а таксама два аўтамабілі — БМВ Х6 2008 года выпуску і «Мерсэдэс- Бенц CLS 350» 2005 года. Паводле слоў блізкіх, другую машыну сястра Молнара на момант следства год як прадала іншаму чалавеку, але нягледзячы на гэта, аўто ў новага ўладальніка забралі.

 

У абвінавачанага Паўла Рыжніцына, які, па версіі следства, займаўся незаконнымі здзелкамі з нерухомасцю, пад арышт патрапіла кватэра ў Мінску, машына «Хонда-Цывік» 2008 года і 17 тысяч долараў.

 

У Міраслава Расаяна, які, паводле абвінавачання, уваходзіў у «сілавы блок» злачыннай групы, хочуць канфіскаваць аўтамабіль «Мазда 3» 2004 года, які, паводле слоў родных, ацанілі прыкладна ў 5 тысяч долараў.

 

У фігурантаў па эпізодах «чорнага рыэлтарства» Уладзіміра Грабеніка могуць канфіскаваць каля 2 тысяч долараў; у Аляксея Нікалаёнка (за супрацоўніцтва са следствам праходзіў як сведка) — таксама каля 2 тысяч долараў і кватэру ў Бабруйску, у Аляксея Лядзяна — больш за 40 тысяч долараў і кватэру ў Бабруйску — у кошт пагашэння нанесенай шкоды.

 

Большасць абвінавачаных віну не прызналі. Праз сваякоў яны паведамлялі пра шматлікія парушэнні падчас расследавання і судовага следства.

 

Чакаецца, што рашэнне Вярхоўнага суда будзе абвешчанае праз некалькі дзён. Нягледзячы на хадайніцтва, у залу суда не быў дастаўлены ні адзін з абвінавачаных.

Автор:  "Беларускі партызан"

Дата стварэння навіны 11.11.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку