АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Ляжу ў Бараўлянах, вакол — акіян трасянкі. Гэта тое, што ёсць Беларуссю»

  «Ляжу ў Бараўлянах, вакол — акіян трасянкі. Гэта тое, што ёсць Беларуссю»
11.11.2017
Сяргей Салаш пра свае 22 дні і 23 ночы ў абласной бальніцы: рэабілітацыя пасля аперацыі на мяккіх тканках (выдаленне ўнутранага абсцэсу).

 Дырэктар культурна-асветніцкай установы «Садзейнічанне культурнаму развіццю гарадоў» грамадскі актывіст 

Цяпер Сяргей адчувае сябе добра і з Новага года плануе вярнуцца да свайго любімага хобі — бегу на вялікія дыстанцыі, піша НН.

 

Усе 22 дні ён фіксаваў асаблівасці ўнутранай «кухні» бальніцы і яе адметнасці ў нататках. У выніку атрымаўся цікавы дзённік — міні-праекцыя Беларусі, за жыццём якой мы і прапаноўваем вам паназіраць, бо, як ні круці, чытаць пра бальніцы прыемней, чым там знаходзіцца.

Пра трасянку і беларускую мову

 

Ляжу ў Бараўлянах, вакол — мора, не, акіян трасянкі. Гэта тое, што ёсць Беларуссю. У родным Барысаве ўсё зусім інакш, нават трасянку часам трэба шукаць, а як ухопіш дзе нечакана — радуешся.

У палаце са мной прыемныя і душэўныя людзі. Маці даглядае 16-гадовага сына, начуе на суседнім ложку са мной. Сын паступіў у Барысаве на аўтаслесара, марыць працаваць на «БелДжы».

 

Маці — настаўніца беларускай мовы. Прапанаваў ёй перайсці на беларускую. «Ай, дайце вы хоць тут аддыхнуць». Але пераходзіць на трасянку.

З нейкай прычыны пачынае распавядаць мне пра знаёмую ўкраінку (называе яе хахлушкай), якая жыве ў Беларусі ўжо 20 гадоў і з дачкой заўсёды размаўляе «па-хахляцку». Ля выхада ляжыць 69-гадовы дзядзька, узлаваны на 27-гадовага спартоўца з Барысава, з зэкаўскімі зорамі на каленях і Дзевай Марыяй на лытцы. Той быў звярнуўся да яго «дзед». «Какой я цебе дзед?»

 

Дзядзька родам з барысаўскіх Забашавічаў, гаворыць па-руску, але з заўважным беларускім ціпуном. Ненавідзіць Капскага: «Эта Бусел создаў БАТЭ. Эта его заслуга». На беларускую не рэагуе. Аж раптам бачу: чытае кніжку на мове, а на вокладцы — «Пагоня». Спартовец слухае ў навушніках нешта вельмі патрыятычнае: пра вайну, кроў і перамогу. З ягоных вушэй грыміць так, што ўжо нічога не разумею на старонках часопіса «Архэ». З ютуба татуяваны заліпае на нейкія ролікі пра брацішу на аўтамабілях. Пра трагічны выпадак з салдатам у Печах ніхто нічога не чуў.

 

Пра ўнутраны этыкет

 19.10.2017 г.

 

Паводле няпісанага (альбо невядомага мне пісанага правіла) прыём ежы пацыентамі адбываецца толькі лыжкай (адзінкі ў дадатак маюць відэльцы). Нажамі не карыстаецца ніхто. Лыжкай у суп, лыжкай у салат, лыжкай у катлеціну, рыбіну, кураціну, каўбасу. Лыжкай нашмароўваецца масла на лусту. Спачатку квэцаеш лыжкай у вадкае, затым у цвёрдае ці мяккае, аблізваеш. Неяк так сталася, што поўны сталовы набор з дому прывёз толькі я. Адпаведна, і актыўна ім карыстаюся. Лаўлю цікаўныя і смяшлівыя позіркі. Так і жывём.

 

Адзін пацыент неяк спытаўся: «А чаго гэта ты з нажом і відэльцам ясі? Трэба лыжкай. Трэба ж рыхтавацца да горшага». Кажу, што масла на акраец лягчэй нашмароўваць, запяканку краіць ямчэй, падхопліваць кавалак мяса прасцей. «Ну, так, але ўсё роўна трэба рыхтавацца да горшага».


І што чалавек меў на ўвазе, я так і не даведаўся, не змог, не схацеў…

20.10.2017 г.

 

Як ляжыш у шпіталі ў пасляаперацыйны перыяд, дык дні мінаюць аднолькава. Кілаграмы чытання, інтэрнэт, працэдуры, перавязкі, сталаванне тройчы на дзень плюс асобна кефір ці салодкая булачка. Быццам нічым не займаешся, але часу проста паглядзець на невялікі падцёк на столі няма.

Вось ізноў пра сталаванне (не пра перавязкі ж пісаць!). Ведаеце, люблю, калі гарачае асобна ад халоднага. Маю такі цывілізацыйны бзік. Тут жа ў наяўнасці нялюбая мне практыка: усё ў адну місу. Каша, з якой курыцца пара (няўдала хапанеш — паднябенне палае), кашу падпірае салатная струганіна першапачаткова пакаёвай тэмпературы і шайбачка масла. У такой кампаніі маслу дастаецца найбольш. Законы фізікі і хіміі ніхто яшчэ не скасаваў, таму ўсё гэта актыўна пачынае раставаць, расплывацца і ўзаемапранікацца. Есці можна, не наракаю, нават лыжкай. Але тое, што не прадугледжваецца асобная падача, на мой погляд, безумоўны недахоп.

 

Пра веру

 22.10.2017 г.

Па бараўлянскіх палатах ходзіць акуратны невысокі мужычок. Тонкія сівыя вусікі, пінжачок, значок на штрыфлi. Прапаведнік. Раздае Новы Запавет, пераконвае чытаць, прасякацца, верыць: «Асабліва ў вашым становішчы». Папрасіў у яго кніжку на беларускай. «Ну так, на беларускай трэба, але ж вы самі разумееце: на гэта грошы патрэбныя», — ніякавее мужычок, характэрна пераціраючы падушачкі вялікага і ўказальнага пальцаў. Ці зайшоў ён у бахілах, увагі не звярнуў.

 

Пра кніжкі

25.10.2017 г.

У Бараўлянах найбольш чытаюць жанчыны: покет-фармат, квяцістыя вокладкі. Крыху чытаюць мужыкі-пенсіянеры: газеты, назвы якіх я не ведаю, ці пульхныя раманы на ўжо даўно зжаўцелых аркушах. Моладзь не чытае нічога — усе пагалоўна ў Ютубе.

Часам стос майго чытання прыцягвае ўвагу медсёстраў, санітарак, маладых пацыентаў. Тых, хто завісае на ютубах, альбо нават не ведае, што гэта такое. «А-а-арчэ (Arche)… Вы нешта цікавае чытаеце. Мабыць, інтэлектуал»; «У вас цэлы арсенал кніг. Сёння раніцай чыталі іншую, а ўжо другую»; «Ён ужо ўсю бібліятэку прачытаў» (смех з-пад ютубаў); «Я б таксама чытаў, каб зрок быў» (не адрываючыся ад ролікаў з нарэзкай аўтакатастроф). Мне пакуль яшчэ не сорамна.

 

Пра спартыўныя нагавіцы

 26.10.2017 г.

Спартыўныя штаны ў Бараўлянах — гэта самы ўніверсальны від вопраткі сярод пацыентаў. Раніцай нацягваюцца на сінія ногі, а сцягваюцца толькі познім вечарам, перад начным сном. Дзе яны толькі не бываюць і што толькі не бачаць за дзень! Спадаюць на падлогу ў перавязачнай, ссучваюцца на нагах пад унітазам, аціраюцца ў магілёўліфтмашаўскай кабінцы, ловяць попел ад цыгарэт, набрыньваюць вільгаццю ў душавых, напоўненых грыбком і потам пасля няпростых перасоўванняў…

А таксама гадзінамі шаруюцца на пасцельнай бялізне. Не магу зразумець, чаму іх не здымаюць перад тым, як прылегчы? Лянота? Сорам? Майткі? Што замінае даць магчымасць спартыўным штанам адпачыць пасярод дня?

 

Пра сон

27.11.2017 г.

 

Што трэба чалавеку для паўнавартаснага аднаўлення сілаў? Канечне ж, добры, якасны сон. Сон у Бараўлянах — з'ява ўмоўная. З учарашняга дня я ўжо ў іншай палаце. Папярэднюю перафарматавалі ў жаночую. У кожнай палаце знаходзіцца нехта той адзіны, хто суправаджае аднаўленне сваіх сілаў храпам ці шчыльным сапам. Альбо бясконцым ёрзаннем у нязручным, зляжалым ложку. У першай палаце храп перарывалі ярасным плясканнем у ладкі, свістам.

 

Кожную ноч чакаеш з трывогай і надзеяй: мо будзе цішэй? І ўжо кожнага новага падсяленца пачынаеш на ўваходзе ацэньваць з псіхафізічнага пункту гледжання. З брушкам? З пакамечаным тварам і мяхамі пад вачыма? Цяжкавата дыхае? Валасы сівеюць? І адразу напружваешся: будзе храпці!

Калі я перасяляўся ў новы пакой, мяне адразу спынілі: «Ля дзвярэй не кладзіся, тут толькі вярблюд засне. Лепей пад акно». Удзень пад акном было зручна: цёпла ад батарэі і светла. Ляжалася. Але надышла ноч… Пачаў торгаць за нервы гул храпу і густыя плыні сапення. Давялося прагледзець пластмасавыя адказы Сабчак на пластмасавыя пытанні Дудзя (дзякуй, беларускі фэйсбук!). Бо час уначы так проста не заб'еш. Найцяжэйшы рокат быў пад нагамі. Спрабаваў заснуць. Спрабаваў уставаць і тузаць суседа за валасатае плячо (фу!): «Дзядзька, перавярніцеся, надта моцна вы храпяце». Не чуе. Не варушыцца. Зноў кладуся, гвалтам змыкаю вейкі. Ужо праз змучаную гадзіну разумею, што бясконца ёрзаю, падцягваю пад сябе ногі, падскокваю, выпростваю, заламваю. Адзервянелі!

Адчуваю кожны выгін матраца, збітага дзе ў камень, а дзе ў дошку. А другой ночы ахоплівае ледзь кантраляваная злосць — з майго звялага цела вылузваецца цень, хапае падушку і пачынае душыць таго самага дзядзьку: «Дзядзька, павярніцеся, надта моцна вы храпяце».

А чацвёртай ізноў стаю на нагах, падсвечваючы мабільнікам, скручваю ў рулон матрац, аглядаю металічную рамку і каркас ложка, бачу правалы, затыкаю іх пледам, засцілаю, зноў кладуся. Нарэшце з левага краю схопліваю больш-менш роўную паласу, выцягваюся на ёй, спрабую не варушыцца, стамляюся, перакочваюся на іншы бок — не так гладка.

Трэба назад. І не чапляе мяне ўжо той храп, бо ў мяне ёсць адна, хай сабе і вузкая, паласа, на якой не дзервянею і на якой у наступную ноч я, магчыма, засну.

 

Пра трактарыстаў, простых беларускіх мужыкоў

30.10.2017 г.

Спачатку на ложку, дзе «можа спаць толькі вярблюд», мучыўся трактарыст з-пад Івянца. Сёння яго выпісалі. Ён меў цікавую звычку. Моўчкі падыходзіў да майго ложка, зморшчваўся, моўчкі навісаў нада мною, упрытык набліжаўся вачыма да цыферблата маіх гадзіннікаў, моўчкі разварочваўся і сыходзіў. На яго месца чамусьці ізноў засялілі трактарыста. Цяпер з Бярэзінскага раёна. Гэты больш гаваркі. Маладзенькая доктарка пытае, чым хварэў раней, якія аперацыі перажываў. «Жаўтухай… і кісту выразалі». — «Дзе выразалі?» — (маўчыць, словы падбірае). — «Ну… на яйцах…» — «На машонцы?» — «Ну, так…» Працягваю вывучаць сацыяльныя-прафесійныя супольнасці.

 

Пра КДБ

 01.11.2017 г.

Ляжу-чытаю-бараўляню, бачу бакавым зрокам: набліжаецца да мяне трактарыст. Падыходзіць, маўчыць. Адрываю на яго позірк.

 

— Што чытаем? — пытае.

— Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага.

— Ого!.. А пачытайце во гэта, — і з-за спіны дастае пажоўклую выразку з «Народнай волі». — «Што ж гэта са школай нашай робіцца, што ж яны вытвараюць?» — спрабуе адарваць трактарыст мяне ад «пазашлюбных стасункаў».

— А Вы газету гэтую выпісваеце? — вывуджваю, вывучаючы візіцёра.

 

 — Даўно ўжо. Я ж першы бэнээфавец на сяле! — смяецца.

— І з якога вы сяла? — даціскаю трактарыста.

— Ага, так я і сказаў. Можа, вы з кагэбэ.

— Дык яны ж па-беларуску не гавораць.

 

— Гавораць.

Пасля таго, як я вярнуў яму выразку з артыкулам Любові Лунёвай, трактарыст яшчэ доўга разважаў на гістарычную тэматыку, пазіраючы на столь: «Ну пра вайну з Фінляндыяй я знаў, а вось тое, што Сталін у Іране…»


«Жыве Беларусь!»

03.11.2017 г.

 

Спусціўся ў скляпенні бараўлянскай хірургіі, забраў верхнюю вопратку і ўжо з’ехаў. Выпісалі. 22 дні і 23 ночы пераважнага ляжання, чытання і назірання. Праз месяц на праверку: «Можаце ўжо жыць у звычайным рэжыме, толькі пакуль марафоны не бегайце. Пачакайце, хай падзагоіцца».

Больш не будзе бясконцых размоў пра нізкія заробкі, Колю, лядовыя палацы і кепскую медыцыну ў раёнах. Больш не будзе такой прыгожай трасянкі і беларускамоўнага вітання ад доктара: «Добрай раніцы!». Больш не будзе замалёвак з бальнічнага жыцця і нечаканых паваротаў падчас трывіяльных гутарак.

Вось, напрыклад, як гэты.

«Пенсіянеры «Roshen» не бяруць. Баяцца Украіны. Моладзь бярэ», — спакойна тлумачыць мне маладзенькая прадаўшчыца з фіялетавымі валасамі ў хірургічнай кавярні. — «Дык дзядзька не сабе бярэ шакалад», — кажу. «Ён медсястрычцы сваёй хоча аддзячыць. Папрасіў знайсці за рубель-дваццаць — рубель-пяцьдзесят». — «За такі кошт няма ж нічога (здзіўляецца). Ну, хіба «Алёнка», але яна ўжо папярок горла мядсёстрам стаіць, вазьміце лепей «Roshen» з ляснымі арэхамі за тры». — «Ок, але чаму пенсіянеры Украіны баяцца?» — закошваю пад ёлупня. — «Дык рэвалюцыя ж там». — «Нам бы, — кажу, — такую рэвалюцыю не зашкодзіла таксама правесці. Толькі акуратненькую, каб з галавы на ногі ўсё паставіць…» Дзяўчына дзервянее, глядзіць на мяне, напэўна, ужо як на сапраўднага ёлупня: «Не, не трэба нам рэвалюцый. Мне рэвалюцый са сваёй машынай хапае, увесь час у рамонце…» Пасмяяліся.

Дарэчы, усе пытанні ў Бараўлянах вырашаюцца проста. Хочаш утрая больш усмешак ад медперсаналу — зрабі адпаведныя «крокі» насустрач. Канечне, я іх рабіў. Такая сітуацыя. Ціха і непрыкметна. І ніхто ад гэтых «крокаў» не адмаўляўся, бо жыць трэба ўсім: і тым, хто на гэты момант здаровы, і тым, хто на той самы момант яшчэ хворы. Бо лішняя ўсмешка і лішняя ўвага для пацыента не можа быць залішняй. І, шчыра, я не шкадаваў на гэта і не пашкадаваў пра гэта ні разу.

 

На развітанне паціснуў усім рукі і пачуў ад бярэзінскага трактарыста: «Жыве Беларусь!»


Дата стварэння навіны 11.11.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку