АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Жыхары раёнаў «пад знос» дзесяцігоддзямі жывуць у стрэсе. Дакуль?

Жыхары раёнаў «пад знос» дзесяцігоддзямі жывуць у стрэсе. Дакуль?
09.11.2017
Жыхары прыватных дамоў, што плануюць зносіць, ніяк не ўладкоўваюць сваё жытло і прысядзібную тэрыторыю. Навошта? Калі праз год ці два іх могуць проста выселіць.

Жыхарка прыватнага сектару напісала зварот да Лукашэнкі пра знос дамоў: «гэта злачынства супраць чалавечнасці».

Валянціна Аляксеева, жыхарка Мінску, даслала ліст кіраўніку краіны з патрабаваннем спыніць дыскрымінацыю жыхароў прыватных дамоў у Мінску. Спадарыня Валянціна параўноўвае палітыку зносу аднапавярховых дамоў са злачынствамі супраць чалавечнасці.

 У лісце да Лукашэнкі Валянціна Аляксеева паведамляе, што нядаўна даведалася пра планы зносу аднапавярховых дамоў у сваім раёне і пачала ўласнае даследаванне. Яна паразмаўляла з жыхарамі прыватнага сектару і пабывала ў розных раёнах Мінску.


Жанчына скардзіцца, што прыватны сектар, які пастаянна пагражаюць знесці, прыходзіць у занядбанасць, у адрозненне ад раёнаў, якім знос не пагражае.

 Справа ў тым, што згодна з Указам Лукашэнкі № 165, на тэрыторыях, якія падлягаюць пад гарадское планаванне, будаўніцтва або перапланіроўка могуць праводзіцца толькі па дазволе суду. То бок уласнік фактычна мае права толькі падрамантаваць жыллё і падтрымліваць яго мінімальнае прыдатнае для жыцця становішча. Але не можа сам ні перабудоўваць, ні рэканструяваць, ні рабіць забудоваў на ўласным двары.

 

«Вы падпісалі гэты ўказ, не гледзячы на тое, што арт.190 Крымінальнага кодэксу РБ – абмежаванне правоў па месцы жыхарства трактуе гэта, як крымінальнае злачынства. Але вы яго здзейснілі», – піша жанчына ў звароце да Лукашэнкі.

 

Валянціна Аляксеева нагадвае кіраўніку краіны, што жыхары раёнаў «пад знос» дзесяцігоддзямі жывуць у стрэсе і не маюць магчымасці планаваць ўласнае жыццё.

 

Яна распавяла belsat.eu, што шмат хто з яе суседзяў мае праблемы са здароўем, с сэрцам на фоне пастаяннага жыцця ў стрэсавым становішчы. Яна сама перажыла гіпертанічны крыз, калі даведалася пра тое, што ў яе могуць забраць маёмасць.

 

Жанчына абураецца стаўленнем уладаў, што ў Беларусі лічыцца нармальным адабраць зямлю і ўласнасць у адных і пабудаваць на іх месцы дамы для іншых, для большай колькасці людзей.

 

«Вы дазваляеце ў Беларусі выганяць людзей з іх жытла ў іншае жытло, не гледзячы на тое, што Канвенцыя па правах чалавека, падпісаная РБ у 1992 годзе, гарантуе кожнаму грамадзяніну права на недатыкальнасць яго жытла. Кіраўніцтва краіны зрабіла шмат для фармавання грамадскай думкі, што зямля дзяржаўная, а таму ў нас можна яе забраць. Але, яны самі добра ведаюць, што гэта не так – зямля ў нас у пажыццёвай уласнасці з правам спадчыны. Ды і што такое дзяржава? Чыноўнікі Менгарвыканкама? Або ўсё ж такі мы?», – абураецца жанчына.

 Валянціна Аляксеева даслала копію ліста ў рэдакцыю belsat.eu і паведаміла, што гэты ліст зараз знаходзіцца на разглядзе ў Савеце міністраў. Гэта ўжо другі ліст да Лукашэнкі, а таксама Валянціна ходзіць на размовы ў адміністрацыю свайго раёну.

 

«Я добра разумею, што абвінавачваю кіраўніцтва краіны ў сур’ёзным злачынстве супраць часткі свайго народу. Але, калі спатрэбіцца, я гатовая і перад судом даказаць, што ўсё, што я пішу – праўда. А мае суседзі могуць распавесці проста жахлівыя гісторыі жыцця, звязаныя з гэтым бязмежжам», – кажа Валянціна Аляксеева.

 Прыватны сектар у Менску, якому не пагражае знос. Фота: Валянціна Аляксеева


Дата стварэння навіны 09.11.2017

Возврат к списку