АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У Празе пачулі мову Францішка Скарыны

У Празе пачулі мову Францішка Скарыны
09.11.2017
Сучасныя замежныя гісторыкі амаль не ўжываюць тэрмін «старабеларуская мова», калі гавораць і пішуць пра дзяржаўную мову Вялікага Княства Літоўскага і пра выданьні Францішка Скарыны.

Пасол Беларусі ў Чэхіі абараніў беларускую мову Бібліі Францішка Скарыны.

 

Фота: Выступае Валерый Курдзюкоў (другі злева)

 

У сераду ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе адкрылася двухдзённая міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Францішак Скарына і яго праская Біблія. Шматмоўная культурная спадчына Вялікага Княства Літоўскага і сучаснасць». На канфэрэнцыю зь Беларусі не прыехаў ніхто, піша Свабода.

У канфэрэнцыі бяруць удзел навукоўцы з Чэхіі, Літвы, Латвіі, Аўстрыі, Нямеччыны і Фінляндыі. З Беларусі не прыехаў ніхто, хаця, паводле інфармацыі арганізатараў, запрашэнні былі дасланыя дактарам гістарычных навук Георгію Галенчанку і Аляксандру Грушу, паведаляе НН.

 

Адзіны беларускі навуковец, які бярэ ўдзел у гэтым прадстаўнічым міжнародным форуме, гэта кандыдат гістарычных навук, былы дацэнт БДУ Вольга Шутава, якая цяпер жыве і працуе ў Францыі. У яе дакладзе закранаюцца тэмы ўплыву Скарынавай Бібліі на выданьні славенскага друкара Прымажа Трубара і згадкі пра «Біблію руску» ў францускай гістарыяграфіі.

  

Сучасныя замежныя гісторыкі амаль не ўжываюць тэрмін «старабеларуская мова», калі гавораць і пішуць пра дзяржаўную мову Вялікага Княства Літоўскага і пра выданьні Францішка Скарыны. І сёньня чэскія і літоўскія навукоўцы на канфэрэнцыі называлі старабеларускую мову «афіцыйнай мовай ВКЛ», «русінскай», «рутэнскай», «руськай», а беларусізмы ў мове выданьняў Скарыны называлі «дэмакратычнымі элемэнтамі».

 

Толькі сумесны даклад вядомага чэскага славіста, прафэсара Іржы Марвана (памёр ў 2016) і яго жонкі Міры Мачэвай-Марванавай «Чэская біблейная традыцыя як кантэкст эпахальнага чыну Францішка Скарыны», агучаны спадарыняй Мачэвай-Марванавай, выкарыстоўваў прывычныя для беларускай гістарыяграфіі тэрміны і заканчваўся недвухсэнсоўнай ацэнкай аўтарамі мовы выданьняў Францішка Скарыны:

 

«Скарынаў эпахальны даробак, натхнёны і асьвечаны чэскай мовай і Прагай, зрабіў Скарыну найвыбітнейшым сынам свайго народу, а беларуская мова Скарыны таго часу стала другой славянскай мовай у гісторыі, на якую было перакладзена і на якой было надрукаванае Сьвятое Пісанне».

 

Апрача чэскай даследчыцы Міры Мачэвай-Марванавай, у беларускай мовы на канфэрэнцыі быў яшчэ адзін абаронца — надзвычайна і паўнамоцны пасол Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы Валеры Курдзюкоў.

 

Падчас адкрыцьця канфэрэнцыі прагучалі чатыры афіцыйныя прамовы-вітанні яе ўдзельнікам ад дэкану Філязофскага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту, а таксама паслоў Беларусі, Літвы і Латвіі. Прамова дэкану была па-чэску і дублявалася на літоўскую, паслы Літвы і Латвіі выступілі па-ангельску.

 

Валеры Курдзюкоў выступіў на добрай беларускай мове і, не зважаючы на тонкасці сучаснай заходняй навуковай тэрміналёгіі, заявіў на пачатку сваёй прамовы:

 

«Я выступлю на той мове, на якой у 1517 годзе тут, у Празе, Францішак Скарына выдаў Біблію і на якой ён годна прадставіў усяму свету свой народ».


Дата стварэння навіны 09.11.2017

Возврат к списку