АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Экскурсія ў ГУЛаг: лёсы беларусаў, амерыканская тушонка ды золата НКВД

Экскурсія ў ГУЛаг: лёсы беларусаў, амерыканская тушонка ды золата НКВД
07.11.2017
«Навокал бязладна валяліся выбеленыя косці і чарапы ды калы, на якіх у той час яшчэ можна было прачытаць высмаленыя гарачым жалезам нумары асабовых справаў пахаваных», – такім лагер «Дняпроўскі» ўбачыў падчас сталінскіх рэпрэсіяў беларускі палітвязень.

«Белсат» даведаўся, як гэтае месца выглядае цяпер.

У перыяд росквіту сталінскага тэрору ГУЛаг кіраваў некалькімі тысячамі лагераў, раскіданых па ўсім Савецкім Саюзе. Усяго сістэма аб’ядноўвала 53 лагерныя ўпраўленні з тысячамі лагерных аддзяленняў і пунктаў. Самыя жахлівыя ўмовы былі ў тых, што месціліся на Калыме.

 «Гнілі пальцы і насы»

 Калымскі край займае 2,5 млн квадратных кіламетраў. Амаль 500 тыс. з іх – гэта Магаданская вобласць. Практычна ўся яе тэрыторыя ўваходзіць у зону вечнай мярзліны. Узімку слупок тэрмометра апускаецца ніжэй за мінус 60. А трывае зіма 9 месяцаў.

 

«Гнілі пальцы на руках і нагах, што іншым разам заканчвалася гангрэнаю. Здаралася, што адвальвалася храстковая частка носа, і чалавек нагадваў сабою сіфілітыка на апошняй стадыі хваробы», – узгадваў пра абмаражэнні ў кнізе «Рысы майго пакалення» беларускі палітвязень Вячаслаў Шыдлоўскі.

 

У 1936-м ён атрымаў 4 гады за «ўдзел у контррэвалюцыйнай групоўцы» і правёў іх у лагерным пункце «Камандзіроўка Чалюскін» на залатым прыіску Хатынах, за 600 км на поўнач ад Магадану.


На мапах Магаданскай вобласці, складзеных мясцовымі гісторыкамі, – больш за 400 лагерных пунктаў. Зямля вакол іх усеяная касцямі тысячаў людзей, сярод якіх мноства нашых суайчыннікаў. Паводле сучасных ацэнак, праз Калыму за гады рэпрэсіяў прайшлі ад 740 тыс. да 870 тыс. зняволеных. З іх памерлі каля 130 тыс. – прыкладна кожны шосты. Сярод найбольш распаўсюджаных прычынаў смяротнасці: запаленне лёгкіх, аліментарная дыстрафія, траўмы на вытворчасці.

Знайсці рэшткі такога лагеру сёння няпроста. Напрыканцы 1950-х вялікую іх частку зачынілі. Разам з імі спынілася жыццё і ў некаторых паселішчах, але большая частка іх засталася. Яны праглынулі закінутую лагерную інфраструктуру, якая месцілася побач. Абсталяванне вывезлі на дзейныя прадпрыемствы або здалі ў металалом, пабудовы перарабілі, разабралі, расцягнулі на дровы, знеслі або спалілі. Лагеры, вязні якіх здабывалі рассыпное золата, часта месціліся проста на радовішчы і знішчаліся пры паўторнай здабычы.

 

Лагеры абносілі калючым дротам, які прысылалі амерыканцы

Лагер «Дняпроўскі» месціцца недалёка ад калымскай трасы, прыкладна пасярэдзіне шляху з Магадану ў паселішча Ягаднае. Дзякуючы гэтаму да яго можна праехаць пазадарожнікам. Лагер ляжаў побач з рудніком «Дняпроўскі», дзе з 1941 да 1955 года (з перапынкам у сярэдзіне 1940-х) здабывалі волава. Спачатку тут працавалі зняволеныя Севвостлагу, пасля – Берлагу.

 

Так лагер «Дняпроўскі» выглядае сёння. Фота Кшыштафа Хэйке, размешчана са згоды аўтара

З лагернай Калымы найлепш захаваліся лагеры і вытворчыя аб’екты, аддаленыя ад калымскай трасы і закрытыя разам з вольнымі паселішчамі-спадарожнікамі ў сярэдзіне 1950-х гадоў. Часцей за ўсё гэта былі руднікі, дзе здабывалі алавяную руду (касітэрыт). Менавіта такі быў «Дняпроўскі».

Дагэтуль стаяць рэшткі драбільнай фабрыкі з вялікімі адваламі руды, лагерныя вышкі, калючы дрот, ліхтары. Празда, самыя каштоўныя аб’екты: баракі і галоўны будынак фабрыкі – згарэлі. Затое вакол яшчэ можна знайсці таблічкі «Запретзона. Стреляют», пражэктары, зробленыя з бляшанак, кавалкі калючага дроту і рэшткі ватнікаў, пашытых з мяхоў з-пад амерыканскіх прадуктаў. Апошняя, вядома, трапляла не да вязняў, а да вохры («вооруженная охрана») або крымінальнікаў, якія былі лагернай «элітаю» ды карысталіся падтрыманнем адміністрацыі.


«Дняпроўскі» пачаў працаваць з лета 1941-га, і тады ж даў першую руду. Рудніку прызначылі т. зв. 3-ю катэгорыю горназдабыўных прадпрыемстваў, гэта значыць – невысокага значэння і з адносна невялікаю колькасцю зняволеных (фармальна – ад 500 да 1000 чалавек, магло быць і менш). Прыналежнасць да такой катэгорыі сведчыла і пра слабое забеспячэнне рэсурсамі «з мацерыка» (цэнтральных раёнаў СССР).

 

У гады вайны забеспячэнне «Дальстрою» з цэнтральных раёнаў рэзка скарацілася. Замест гэтага стваралі мясцовую вытворчасць (напрыклад, электралямпачак) і карысталіся пастаўкамі праз ленд-ліз (харчы, аўтамабілі, горназдабыўное абсталяванне). З бляшанак ад амерыканскай тушонкі рабілі тазікі ды міскі, крылі дахі ды абівалі сцены побач з печкамі. Вядома таксама, што большую частку калючага дроту, які ў СССР выкарыстоўвалі падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе, атрымалі ў межах амерыканскай дапамогі. Дарэчы, за пастаўкі ленд-лізу плацілі тым самым золатам, што здабывалі на Калыме.


Беларускі палітвязень, які пакінуў успаміны пра Калыму

 

Вячаслаў Шыдлоўскі [12.1.1913 (паводле пашпарта 12.3.1913), в. Карзуны Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н Менскай вобл. — 23.8.1997, мяст. Смілавічы Чэрвеньскага р-на], мемуарыст, геолаг, мастак.

У 1929 г. скончыў Смілавіцкую сямігодку. Захапляўся маляваннем, спрабаваў паступіць у Віцебскі мастацкі тэхнікум (не прайшоў па конкурсу з-за сацыяльнага паходжання, бо быў не з рабоча-сялянскай сям’і, а з настаўніцкай). З 1935 г. служыў у войску ў Менску, вучыўся ў Аб’яднанай беларускай вайсковай школе імя ЦВК БССР, потым у Маскоўскай артылерыйскай школе імя Красіна, якая была пераведзена ў Краснадар.

 

Арыштаваны ў 1936 г. па даносе аднаго са студэнтаў. У 1937-м асуджаны да 4 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ў адзін з калымскіх канцлагераў. Пасля вызвалення (5.11.1940) працаваў у геалагічных партыях «Дальстрою». Стварыў шмат замалёвак з мясцінаў сваіх экспедыцыяў. У Беларусь вярнуўся ў 1947-м. Працаваў геолагам ў Белгалоўгеалогіі. Пакінуў рукапіс успамінаў. Рэабілітаваны ў 1988.


Вячаслаў Шыдлоўскі трапіў сюды якраз у сярэдзіне 1940-х, калі руднік закансервавалі як маларэнтабельны. Хоць ён ужо адседзеў свой тэрмін, выехаць з Калымы адразу па вызваленні не дазвалялі, і ён мусіў уладкавацца на працу ў геалагічную службу.

«Аднойчы, паводле абавязку геалагічнай службы, мне давялося быць закінутым на алавяным рудніку «Дняпроўскі». У той час руднік пуставаў. Абагачальная фабрыка разбурылася. Не вельмі далёка ад яе быў і лагерны магільнік. Ён уяўляў сабою доўгую засыпаную траншэю. Паверхня яе прасела, акрэсліўшы абрысы. Магільнік у свой час, відаць, быў таксама разрабаваны мядзведзямі. Навокал бязладна валяліся выбеленыя косці і чарапы ды калы, на якіх у той час яшчэ можна было прачытаць высмаленыя гарачым жалезам нумары асабовых справаў пахаваных», – узгадваў ён.

 

Уначы расстрэлы глушылі трактарамі

Усе прадпрыемствы на тэрыторыі сённяшняй Магаданскай вобласці належалі «Дальстрою» – камбінату асобага тыпу, які з 1938 года падначальваўся непасрэдна НКВД. Галоўнаю задачаю гэтага дзяржаўнага трэсту была здабыча каштоўных выкапняў, адным з якіх і было волава. Аднак аснову эканомікі «Дальстрою» складала золата, якое таксама здабывалі вязні.

 

Пасёлак Хатынах, побач з якім працаваў Вячаслаў Шыдлоўскі, быў цэнтрам Паўночнага горна-прамысловага ўпраўлення «Дальстрою», якое кіравала здабычаю золата.

Варлам Шаламаў, аўтар знакамітых «Калымскіх апавяданняў», піша, што на пачатку 1930-х умовы працы тут былі прымальныя (калі не звяртаць увагі на факт, што большасць тых, хто сюды трапляў, асудзілі ні за што): «Выдатнае харчаванне, вопратка, працоўны дзень узімку 4–6 гадзінаў, улетку – 10 гадзінаў, каласальныя заробкі для зняволеных, якія дазвалялі ім дапамагаць сем’ям і вяртацца пасля тэрміну на мацярык забяспечанымі людзьмі», – піша ён пра ўмовы пры «першым калымскім начальніку» Эдуарду Бярзіну.


Аднак бярзінская эпоха хутка змянілася гаранінскай. Сцяпан Гаранін узначальваў Севвостлаг у 1937–38, сам паходзіў з Беларусі. З ягоным імем звязваюць асабліва жорсткія і масавыя расправы з «антысавецкімі элементамі». Найчасцей іх даводзілі да знясілення голадам, а пасля расстрэльвалі за г. зв. сабатаж: адсутнасць стаханаўскіх вынікаў працы. Гаранін быў шалёным алкаголікам, і пазней з’явіліся сведчанні, што ягоным імем прыкрываліся сапраўдныя ініцыятары зверстваў.

Адным з найбольш вядомых месцаў расстрэлу была г. зв. Серпанцінка – турма ў тупіку горнай дарогі, дзе ў 1937–39 гады штоноч забівалі 30–50 чалавек. «У распадку насупраць лагера, па той бок даліны Хатынаху, свецяцца агні Серпанцінкі. Недзе там, на яе тэрыторыі, грукоча трактарны матор. Гук яго, прыглушаны адлегласцю, перабіваецца выбухамі ў забоях. Там, у турме, творыцца чорная справа. Надышоў зручны час зладзейскіх расстрэлаў паводле прысуду «тройкі». Робіцца гэта пад гукі выбухаў і грукат трактарнага матора, каб не чулі пісталетнага трэску іншыя вязні, што сядзяць у катухах драўлянай турмы, як у хляве, чыя чарга яшчэ не падышла», – яшчэ адзін урывак з кнігі «Рысы майго пакалення».

Другое жыццё «Дняпроўскага» і беларускія нацыяналісты

У сярэдзіне 1940-х руднік «Дняпроўскі» закансервавалі як маларэнтабельны, але ў 1949-м працы на ім аднавіліся. Побач стварылі лагернае аддзяленне № 11 асаблівага лагеру № 5 «Берагавы» (Берлаг), дзе трымалі «асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў», якіх выкарыстоўвалі на «асабліва цяжкіх працах».

 

На 23 сакавіка 1949 года «адмысловы кантынгент» Берлагу складаўся на 44,8 % з «нацыяналістаў», на 30,5 % – з асобаў, якія «ствараюць небяспеку праз свае антысавецкія сувязі ды варожую дзейнасць». Вядома, што сярод абвінавачаных у нацыяналізме былі жыхары Украіны, Беларусі, Латвіі, Літвы, Эстоніі. Частку сядзельцаў складалі і сапраўдныя злачынцы. Колькасць зняволеных на рудніку «Дняпроўскі» тады не перавышала 1500 чалавек.


У 1950-я гады частку найбольш цяжкіх вытворчых працэсаў на рудніку механізавалі: правялі электрычнасць, усталявалі прамысловыя прыборы, ужывалі бурыльныя малаткі ды кампрэсарныя станцыі, скрэперы і лябёдкі на рудаспусках, працавалі самазвалы і бульдозеры, дзеяла ўзбагачальная фабрыка. Сярод сродкаў механізацыі вытворчасці сустракалася і амерыканскае абсталяванне фірмы «Дэнвэр», атрыманае праз ленд-ліз.

 

Тлумачылася гэта, хутчэй, імкненнем да росту прадукцыйнасці, чым жаданнем змякчыць умовы працы зняволеных. З ростам механізацыі павялічваліся і нормы, дый да абслугоўвання тэхнікі вязняў дапускалі надзвычай неахвотна – іх па-ранейшаму кідалі на самыя цяжкія працы.

У 1954-м руднік «Дняпроўскі» зноў закансервавалі ды закрылі: раслі пастаўкі таннага волава з Кітаю, запасы вычарпаліся, скарацілася колькасць зняволеных. У той жа час ліквідавалі і Берлаг. У 1960-я гады на базе паселішча вольнанаёмных яшчэ дзеяла Асанская геалагічная партыя Ягаднінскай комплекснай геалагічнай экспедыцыі, з яе ліквідацыяй быў канчаткова закрыты і пасёлак Дняпроўскі.

 

Шмат хто з жыхароў Магаданскай вобласці марыць пра вяртанне Сталіна: тады былі добрыя дарогі, спраўна працавала прамысловасць, а ў цяпліцах спелі гуркі… Натуральна, ніхто з летуценнікаў не дапускае думкі, што сам мог бы апынуцца па той бок калючага дроту.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Сяргей Райзман, старшыня Магаданскага абласнога гістарычна-асветніцкага таварыства «Мемарыял»


Дата стварэння навіны 07.11.2017

Возврат к списку