АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Бальшавіцкая рэвалюцыя і беларуская дзяржаўнасць

Бальшавіцкая рэвалюцыя і беларуская дзяржаўнасць
05.11.2017
Апошнімі днямі на розных пляцоўках праходзяць дыскусіі на тэму 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Выказваюцца розныя думкі і вэрсіі, але часта паўтараецца, амаль ляйтматывам гучыць адна думка: дзякуючы Кастрычніку ўзьнікла беларуская дзяржаўнасць.

Вось характэрны прыклад. На круглым стале газэты «7 дней» дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін, адказваючы на пытаньне, як паўплывала Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусь, адказаў: «Безь яе беларускай дзяржаўнасьці не было б — гэта факт. Падабаецца гэта каму-небудзь ці не, але Кастрычніцкая рэвалюцыя і аўтарытарны савецкі рэжым фактычна дазволілі стварыць асновы сучаснай беларускай дзяржаўнасьці».

 

Сапраўды, з гэтым фактам цяжка спрачацца. Існаваньне БССР у складзе СССР спрыяла фармаваньню беларускага этнасу, нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Менавіта таму Беларусь і стала незалежнай дзяржавай, хоць у 1991 годзе, калі распаўся СССР, гэтага не хацела ні большасьць беларускага грамадзтва, ні кіроўная эліта.

 

Але, зафіксаваўшы гэты факт, варта зьвярнуць увагу на шэраг акалічнасьцяў. Найперш, важна адзначыць, што першы моцны ўдар па Расейскай імпэрыі нанесла Лютаўская рэвалюцыя 1917 году. Адразу пасьля яе ва ўсіх рэгіёнах дзяржавы пачаўся шпаркі падʼём нацыянальных рухаў і сэпаратызму. Пад канец таго году зьявілася шмат беларускіх нацыянальных суполак па ўсіх рэгіёнах Расеі, дзе апынуліся беларусы. То бок да таго моманту, калі праблема беларускага дзяржаўнага ўтварэньня паўстала перад бальшавікамі, была створаная спрыяльная глеба.

 

Другі важны момант. Хоць тэзіс аб праве нацый на самавызначэньне ўвайшоў у праграмныя дакумэнты бальшавіцкай партыі, ён для бальшавікоў быў не пытаньнем прынцыпу, а пытаньнем тактыкі, сродкам, каб бурыць старую расейскую дзяржаўнасьць, і спосабам, каб прыцягваць на свой бок народы нацыянальных ускраін. А пасьля ўмацаваньня савецкай улады была фактычна адроджана імпэрыя на новым камуністычным падмурку, а існаваньне саюзных рэспублік было імітацыяй нацыянальнай дзяржаўнасьці. Бо якое можа быць права нацый на самавызначэньне ў таталітарнай дзяржаве?

 

Таму і пытаньне аб незалежнай Беларусі было для бальшавікоў праблемай палітычнай мэтазгоднасьці. Беларуская незалежнасьць для іх не была каштоўнасьцю. Ім патрэбная была геапалітычная камбінацыя для вырашэньня ўзаемаадносін з Польшчай. І калі б міжнародная сытуацыя склалася трохі інакш, то БССР магло б і ня быць. Таму ў яе зьяўленьні ёсьць элемэнт выпадковасьці.

 

І калі сытуацыя мянялася, бальшавікі, кіруючыся сваім разуменьнем клясавых інтарэсаў, лёгка «здавалі» Беларусь. Падпісаўшы Берасьцейскі мір зь Нямеччынай у 1918 годзе, бальшавіцкае кіраўніцтва, каб утрымацца ва ўладзе, фактычна аддало пад пратэктарат Бэрліну тэрыторыі Балтыі, Беларусі, Украіны. У 1921 годзе Расея і Польшча паводле Рыскага міру падзялілі тэрыторыю Беларусі без удзелу саміх беларусаў. На нейкі час існаваньне БССР увогуле падвісла. Потым было ўзбуйненьне БССР, далучэньне Заходняй Беларусі, а таксама перадача Віленскага краю Літве і Беластоцкай вобласьці — Польшчы. То бок ва ўсіх гэтых выпадках Масква кіравалася сваёй імпэрскай мэтазгоднасьцю, мала зважаючы на інтарэсы беларусаў.

 

Інакш кажучы, існаваньне БССР, зь якой вырасла незалежная Беларусь, было пабочным вынікам, ненаўмысным наступствам імпэрскай у цэлым палітыкі камуністычнага кіраўніцтва СССР. Так здараецца ў гісторыі, калі нейкія палітыкі ставяць для сябе адны мэты, а ў выніку зьбег абставін вядзе да зусім іншых. Гэта зусім не прымяншае ролі беларускіх адраджэнцаў, якія сьвядома імкнуліся да адбудовы беларускай дзяржаўнасьці. Але адных іхніх высілкаў было б недастаткова, каб не спрыяльны зьбег гістарычных абставін.

Валер Карбалевіч, радыё Свабода



Дата стварэння навіны 05.11.2017

Возврат к списку

cashback