АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Як фармавалася Палата прадстаўнікоў

Як фармавалася Палата прадстаўнікоў
04.11.2017
ПП двух першых скліканняў: хто стаў «палітыкам ХХ стагоддзя», хто заклікаў да дэпартацыі каўказцаў. Піша гісторык Аляксандр Кур’яновіч.


2 кастрычніка 2017 г. пачала працу чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў. І адразу дыскусіі выклікалі словы Алёны Анісім пра тое, што Палата можа стаць сапраўдным парламентам у будучыні. Таксама дэпутат Аляксандр Лукашэнка шмат гадоў таму назад, 22 лютага 1991 г. заклікаў Вярхоўны Савет не быць «канторай, якая лічыць тарыфы, надбаўкі».

 

Дадзены матэрыял цалкам пабудаваны на архіўных крыніцах з Палаты прадстаўнікоў, дзе аўтару пашчасціла папрацаваць. Чытач хай сам робіць высновы пра перспектывы і патэнцыял Палаты.

 

24 лістапада 1996 г. у Беларусі адбыўся рэферэндум, па выніках якога Вярхоўны Савет як вышэйшы прадстаўнічы і заканадаўчы орган скасоўваўся.

Замест яго ўводзідзіўся Нацыянальны сход, які складаецца з двух органаў: Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Апошняя, як вядома, выбіраецца насельніцтвам па мажарытарнай сістэме і займаецца распрацоўкай законапраектаў.

 

 Тым не менш па многіх момантах Палата прадстаўнікоў з’яўляецца амаль закрытай для грамадства і своеасаблівай «terra inkognita» для даследчыкаў з прычыны недаступнасці першакрыніц. Скупыя тэлевізійныя звесткі, бюлетэні, малаінфармацыйны сайт не вырашаюць праблемы. Які механізм фарміравання палаты, як прымаюцца прынцыповыя рашэнні?

 

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 143 Канстытуцыі механізм фарміравання Палаты прадстаўнікоў з 110 дэпутатаў першага склікання засноўваўся на заяўным прынцыпе.

 

Меркавалася, што касцяк Палаты складуць дэпутаты былога Вярхоўнага Савета, якія адкрыта не выступалі супраць кіраўніка дзяржавы і выказалі падтрымку ягонаму курсу.

Неўзабаве на адной з сесій Палаты прадстаўнікоў было агучана, што яе дэпутаты «паставілі інтарэсы дзяржавы і інтарэсы сваіх выбаршчыкаў вышэй палітычных амбіцый і дробязных крыўд». Анатоль Красуцкі ахарактарызаваў Палату прадстаўнікоў як «законапаслухмяную і непалітазаваную». Яшчэ больш адкрыта з гэтай нагоды выказаўся яго калега Мікалай Карпіевіч: «Мы ўсе ішлі разам. Мы ўсе паплечнікі прэзідэнта».

 

У склад дэпутацкага корпуса ўвайшлі і некалькі чалавек, якія паставілі свой подпіс за імпічмент Лукашэнкі, але пазней адклікалі яго. Для атрымання дэпутацкага мандату дастаткова было напісаць наступную заяву: «Я, дэпутат Вярхоўнага Савета, згодны ўвайсці ў склад Палаты прадстаўнікоў».

Увогуле ніжняя палата парламента была ўкамплектавана з малавядомых, непублічных дзеячаў і чыноўнікаў. З найбольш прыкметных фігур парламентарыямі сталі Уладзімір Канаплёў, Віктар Кучынскі, Іван Каратчэня. У склад Палаты ўвайшоў і былы супернік Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах Вячаслаў Кебіч, які ў адрозненне ад Станіслава Шушкевіча заняў лаяльную ў адносінах да ўлады пазіцыю. З парламентарыямі, якія былі непрымірымымі супернікамі прэзідэнта, у канцы лістапада 1996 г. былі спынены працоўныя адносіны (Сямён Шарэцкі, Сяргей Калякін, Мечыслаў Грыб). Дэпутат-камуніст Сяргей Касцян назваў іх «не роднымі», бо «яны распачалі вайну супраць свайго народа, супраць прэзідэнта».

 

Пра аператыўнасць камплектавання Палаты прадстаўнікоў гаворыць тое, што ўжо праз чатыры дні пасля рэферэндуму адбылося яе пазачарговае пасяджэнне. На ім з вітальным словам выступіў кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка заклікаў дэпутатаў «пазбаўляцца ад стылю папярэдняга Вярхоўнага Савета, для якога былі характэрны разбоўтанасць, безадказнасць і мінімальная эфектыўнасць».

 

На пазачарговым пасяджэнні меркавалася абранне кіраўніцтва Палаты.

 

Да здзіўлення грамадскаці і, напэўна, большасці дэпутатаў на пасаду спікера была прапанавана кандыдатура партфункцыянера Анатоля Малафеева.

Гэта не магло быць не ўзгоднена з Лукашэнкам. Шмат хто памятаў гнеўны артыкул дэпутата Вярхоўнага Савета XII склікання Аляксандра Лукашэнкі пад назвай «Дыктатура: беларускі варыянт?», апублікаваны яшчэ ў 1991 г. і накіраваны супраць Малафеева. Сам Малафееў на сесіі Вярхоўнага Савета ў чэрвені 1991 г. абвінаваціў Лукашэнку «у глумленні над партыяй».

 

Анатоль Малафееў — цікавая фігура ў найноўшай гісторыі Беларусі.

 

Гэты партыйны кіраўнік рэспублікі быў адзіны, хто на паседжанні Палітбюро ў маі 1991 г. у Маскве выказаўся за ўвядзенне ў СССР надзвычайнага становішча, што выклікала непаразуменне нават ў Гарбачова.

Абранне спікера праводзілася таемным галасаваннем на безальтэрнатыўнай аснове. З 104 бюлетэняў 84 былі пададзеныя за Малафеева, яго кандыдатуру адхілілі 17 дэпутатаў, і тры бюлетэні апынуліся несапраўднымі.

 

На пасаду намесніка спікера балатаваўся бліжэйшы паплечнік прэзідэнта Уладзімір Канаплёў. Ён нядрэнна зарэкамендаваў сябе ў Вярхоўным Савеце XIII склікання, дзе ўзначаліў прапрэзідэнцкую фракцыю «Згода».

 

Дэпутат Касцян заявіў, што «Малафееў-Канаплёў — гэта тая звязка, якая не дапусціць канфрантацыі паміж кіраўніком дзяржавы і ўрадам». Канаплёў быў абраны таксама на безальтэрнатыўнай аснове. З 104 дэпутатаў яго падтрымалі 90.

 

Пасля абрання кіраўніцтва парламентарыі зацвердзілі зварот да беларускага народа, у якім заяўлялі, што «мы гатовыя да плённага і канструктыўнага ўзаемадзеяння з кіраўніком дзяржавы і ўсімі дзяржаўнымі органамі Беларусі» і заклікалі прэзідэнта забяспечыць публікацыю звароту ў дзяржаўных СМІ.

 

Спрабуючы праявіць хоць бы фармальную незалежнасць, дэпутаты прапанавалі ўнесці ў зварот шэраг змен. Так, Іван Пашкевіч выступаў за «плённае супрацоўніцтва» не толькі з дзяржаўнымі органамі, але і палітычнымі партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі.

 

З нагоды публікацыі дэпутат Мікалай Лазавік выказаўся так: «Мне здаецца, што не зусім карэктна звяртацца з просьбай апублікаваць дадзены зварот да прэзідэнта. Мы самастойная галіна ўлады, і я думаю, што Аляксандр Рыгоравіч не пакрыўдзіцца, калі мы самастойна звернемся да сродкаў масавай інфармацыі».

На пазачарговым пасяджэнні была вызначана дата адкрыцця першай сесіі Палаты Прадстаўнікоў — 17 снежня 1996 г. У сваім выступе ў гэты дзень кіраўнік дзяржавы запатрабаваў скарачэння колькасці парламенцкіх камісій у параўнанні з Вярхоўным Саветам.

 

У ходзе дыскусій было вырашана, што ў Палаце прадстаўнікоў будзе сфармавана 11 пастаянных камісій. Галоўнай інтрыгай першай сесіі, натуральна, было абранне старшыняў. Асаблівасць працэсу была ў тым, што ў Палаце мела месца групаванне дэпутатаў не па партыйнай, а па тэрытарыяльнай прыкмеце. Таму кожная вобласць вылучала кандыдатуры сваіх старшыняў, спадзеючыся ў будучыні забяспечыць свае інтарэсы.

 

«Безальтэрнатыўнымі» апынуліся камісія па заканадаўстве, камісія па пытаннях эканомікі, камісія па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, камісія па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фізічнай культуры і спорце і камісія па міжнародных справах і сувязях з СНД.

 

Пасля першага тура выбараў камісію па заканадаўстве ўзначаліў Юрый Малумаў, камісію па пытаннях эканомікі — Сямён Ліўшыц, камісію па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце — Анатоль Красуцкі, камісію па бюджэце і фінансах — Аляксандр Зінчанка, камісію па аграрных пытаннях — Мікалай Куцко, камісію па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе — Уладзімір Плецюхоў, камісію па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фізічнай культуры і спорце — Станіслаў Гаварушкін, камісію па правах чалавека і нацыянальных адносінах — Юрый Кулакоўскі, камісію па міжнародных справах і сувязях з СНД — Леанід Рачкоў.

 

З новаабраных старшыняў найбольшы «запас трываласці» быў у Малумава, які працаваў ў «антыкарупцыйнай» камісіі Аляксандра Лукашэнкі ў 1993-1994 г. Аб яго моцных пазіцыях у парламенце сведчыла і тое, што галасаванне па яго кандыдатуры праходзіла завочна.

 

Вакантнымі ў выніку галасавання засталіся пасады старшыняў камісій па нацыянальнай бяспецы і па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні. Таму быў праведзены другі тур.

 

Па яго выніках Уладзімір Ягораў як кандыдат на пасаду старшыні «сілавой» камісіі абышоў Барыса Бікініна з невялікай перавагай.

 

Вострыя дэбаты разгарэліся па старшыні «чарнобыльскай камісіі». У першым туры дэпутат Марыя Худая апярэдзіла свайго суперніка Валерыя Кручкова на 11 галасоў і мела шанцы стаць першым старшынёй ў якасці жанчыны-дэпутата. Абараняючы сваю калегу, дэпутат Марыя Вінакурава са шкадаваннем канстатавала, што з 110 дэпутатаў толькі пяць чалавек прадстаўляюць «жаночае саслоўе» і заклікала мужчын праявіць грамадзянскую мужнасць і зняць свае кандыдатуры.

 

Але большасць дэпутацкага корпуса было настроена на тое, каб старшынскія пасады ўзначалілі менавіта мужчыны. Уладзімір Гаркун абгрунтаваў такую пазіцыю наступным чынам: «У нас тут няма ні мужчын, ні жанчын. Тут усё дэпутаты». Худая была паспяхова забалатавана. У другім туры Кручкоў апярэдзіў яе на 15 галасоў.

 

Пасля абрання старшынь камісій быў зацверджаны іх персанальны склад.

Найбольш папулярнай камісіяй апынуліся аграрная. У ёй выказалі жаданне працаваць 15 чалавек. Аднак асобныя камісіі, праца ў якіх патрабавала спецыяльных ведаў і прафесіяналізму, дэпутаты ігнаравалі. Так, Зінчанка літаральна ўпрошваў сваіх калегаў увайсці ў склад камісіі, каб набраць кворум. У выніку ў камісію па бюджэце і фінансах ўвайшлі Павел Зайцаў, Валерый Кругавы, Сяргей Прохарчык, Аляксандр Якабсон. Але адной кандыдатуры ўсё роўна не хапала. І толькі пасля асабістага звароту Зінчанкі склад камісіі папоўніў Сечка.

 

Выбраныя спікер і яго намеснік, старшыні пастаянных камісій і яшчэ шэсць парламентарыяў ўтварылі «пастаянна дзеючы орган» — Савет Палаты прадстаўнікоў.

 

Ён павінен быў арганізоўваць працу сесіі.

Вострыя дыскусіі ў наступныя дні разгарэліся ў дачыненні да Сакратарыята — органа, які павінен быў забяспечыць працу не толькі Палаты Прадстаўнікоў, але яшчэ не сфармаванага Савета Рэспублікі.

 

На пасаду старшыні Сакратарыята была прапанавана кандыдатура Кучынскага, які ўжо ў першым сваім выступе ў Палаце прадстаўнікоў заявіў, што «ніколі не будзе кішэнным дэпутатам».


Кучынскі зарэкамендаваў сябе актыўнай працай у Вярхоўным Савеце. Малады, энергічны і напорысты ён славіўся як нядрэнны аратар. Яго стыль у дачыненні да палітычных апанентаў адрозніваўся ўдалым спалучэннем агрэсіўнай наступальнасці і сарказму. У гэтым ён мог супернічаць з самім Лукашэнкам.

 

Пры абмеркаванні статусу Сакратарыята выразна праявіліся палітыка-адміністрацыйныя амбіцыі Кучынскага. У прадстаўленым. Кучынскім праекце Сакратарыят надзяляўся шырокімі паўнамоцтвамі.

У яго задачы ўваходзіла адміністрацыйнае кіраўніцтва структурнымі падраздзяленнямі парламента, ажыццяўленне кадравай палітыкі, кантроль над планаваннем і правільным размеркаваннем фінансавых сродкаў, кантроль над выкананнем парламенцкіх дакументаў… Кучынскі прапаноўваў замацаваць за кожнай пастаяннай камісіяй па тры-чатыры памочнікі-кансультанты для руціннай справаводчай працы, бо «праца дэпутата — творчая, ён не павінен ператварацца ў тэхнічнага работніка».

 

Абураны Малафееў спрабаваў заблакіраваць гэтыя планы: «Сакратарыят парламента ніколі над палатамі не стане».

Тым не менш, Кучынскаму ўдалося не толькі паставіць законапраект пра Сакратарыят на галасаванне, але і дамагчыся адабрэння большасці калегаў (з 99 дэпутатаў толькі 7 выказаліся «супраць»).

 

У чым была прычына такой падтрымкі Кучынскага?

Па-першае, дэпутаты былі незадаволеныя фарсіраваным скасаваннем Сакратарыята Вярхоўнага Савета XIII склікання практычна аднаасобным рашэннем Малафеева 3 снежня 1996 г. Па-другое, дэпутаты бачылі ў Сакратарыяце полюс палітычнай сілы, з дапамогай якога яны змаглі б уплываць на кіраўніцтва Палаты. І па-трэцяе, яны разглядалі Сакратарыят ў якасці «запасной пляцоўкі», дзе можна было «асесці» у выпадку правалу на выбарах. Закон жа мог гарантаваць непадзельнасць і стабільнасць колькасці работнікаў Сакратарыята.

 

Начальнік і тры намеснікі ўзначальвалі Сакратарыят на неабмежаваны тэрмін. Сакратарыят уяўляў сабой грувасткую, складаную і разгалінаваную структуру колькасцю звыш трохсот чалавек і уключаў каля двух дзесяткаў аддзелаў. У такім выглядзе ён праіснаваў менш за месяц. 12 лютага 1997 г. з’явіўся прэзідэнцкі ўказ аб ліквідацыі Сакратарыята Нацыянальнага сходу і стварэнні Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў. Начальнікам Сакратарыята быў прызначаны Чурсін, а Кучынскага адкамандзіравалі ў прэзідэнцкія структуры.

 

На пазачарговым пасяджэнні дэпутаты зацвердзілі часовы Рэгламент. Падчас абмеркавання дэпутат Кучынскі зрабіў цікавую заўвагу:

«Трэба сумленна прызнаць, што ў цэлым праекты законаў будуць прыбываць да нас у Палату ўжо практычна адпрацаванымі. Нам прыйдзецца шліфаваць іх, даводзіць да кандыцыі. Такім чынам, працэнт тых законаў, якія мы будзем непасрэдна распрацоўваць, будзе малы».

Навізной Рэгламента стала ўкараненне такога метаду працы як парламенцкія слуханні. Па словах Малафеева, «парламенцкія слуханні — гэта выказванні меркаванняў, па якіх, у адпаведнасці з Рэгламентам, прымаюцца або рэкамендацыі агульнага характару, або нічога не прымаецца, але ўлічваюцца камісіямі, якія будуць працаваць над законапраектам; вось у чым іх сутнасць».

 

Пасля пэўных дапрацовак 4 снежня 1997 г. Рэгламент быў зацверджаны.

Крыху пазней у Рэгламент зноў былі ўнесены змены. Яны былі звязаны з тым, што сорак парламентарыяў былога Вярхоўнага Савета XIII склікання выказалі жаданне працаваць у Палаце прадстаўнікоў.

 

Да іх жадання дэпутаты Палаты паставіліся даволі ўважліва. І гэта было не толькі спачуванне былым калегам або, як казаў Малафееў, «чалавечы фактар». У гэтым крыўся тонкі палітычны разлік.

Справа ў тым, што частка апазіцыйных да ўладаў дэпутатаў былога Вярхоўнага Савета XIII склікання працягвала адстойваць яго легітымнасьць і нават дамаглася таго, што менавіта ён прадстаўляў Беларусь у Парламенцкай Асамблеі АБСЕ са студзеня 1997 г.

Адмовіцца гэтых дэпутатаў азначала даць у рукі апазіцыі дадатковыя палітычныя козыры.

 

І вясной 1998 г., заручыўшыся падтрымкай кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Мясніковіча, камісія па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце распрацавала і разаслала дэпутатам праект закона «Аб уключэнні ў склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XIII склікання, якія падалі заяву аб жаданні працаваць у Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, але якія не ўвайшлі ў яе склад».

 

У 1998 г. у з Палаты прадстаўнікоў выбылі два дэпутаты: Мікалай Шыманскі і галоўны магілёўскі кантралёр, сябар дзяцінства Лукашэнкі Яўген Мікалуцкі (быў забіты).

 

Працэдура ўключэння была досыць складаная, і разлічваць на дэпутацкі мандат мог чалавек з адпаведнымі палітычнымі поглядамі. Па словах Вінакуравай, «можна выдзеліць месца працы з умовай, што трыбуна не стане арэнай палітычных сутычак». Кандыдат павінен быць вылучаны пастаяннай камісіяй, зацверджаны Саветам Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго, па рашэнні апошняй, прэтэндэнт абавязаны быў адказаць на пытанні парламентарыяў. І толькі пасля гэтага ён па выніках галасавання поўнага складу Палаты альбо ўключаўся, альбо не ў яе склад. Але гэта было яшчэ не ўсё. У мэтах перастрахоўкі ад непрадбачаных нечаканасцяў быў унесены пункт, у адпаведнасці з якім канчатковую згоду кандыдата на ўключэнне ў склад Палаты прадстаўнікоў даваў… прэзідэнт.

 

На падставе унесеных у Рэгламент змяненняў у снежні 1998 Палату прадстаўнікоў папоўнілі дэпутаты Волкаў і Якоўчык.

Гэта была адзіная працэдура такога роду. Ужо ў адпаведнасці з пастановай палаты ад 6 красавіка 1999 глава 34 Рэгламенту страчвала сваю сілу з дня спынення паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў, сфарміраванай у адпаведнасці з часткай першай артыкула 143 Канстытуцыі.

 

Гэта было звязана з выбарамі. Выбары ў Палату прадстаўнікоў другога склікання адбыліся 15 і 29 кастрычніка 2000 г. 14 лістапада было афіцыйна заяўлена аб заканчэнні працы Палаты прадстаўнікоў першага склікання, а праз тыдзень адкрылася першая сесія пад старшынствам кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі Ярмошынай. Яна абвясціла вынікі выбараў і ахарактарызавала дэпутацкі склад.

 

Па традыцыі да народных абраннікаў звярнуўся кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка заявіў, што Малафееў з дэпутатамі «спрацавалі выдатна» і падзякаваў ім «за тое, што яны выратавалі краіну і спынілі разбой у Вярхоўным Савеце».

Лукашэнка папярэдзіў новы склад парламента, што ў яго няма «часу на раскачку» і перасцярог, што будучы год — «цяжкі па прычыне прэзідэнцкіх выбараў». «Гэта будзе бойка», — прызнаваўся Лукашэнка.

Пасля выступлення прэзідэнта пачалася працэдура абрання кіраўніцтва Палаты — старшыні і намесніка.

На пасаду спікера былі прапанаваныя дзве кандыдатуры: Вадзіма Папова, міністра сельскай гаспадаркі, і Віктара Кучынскага.

Сімпатыі большасці і самога Лукашэнкі былі на баку Папова.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што Папова ён ведае «не больш, чым астатнія», але станоўча адазваўся аб ім, успомніўшы цвёрдыя, стрыманыя паводзіны Папова, які працаваў у апараце ЦК КПБ, падчас шматтысячнага мітынгу ў Мінску вясной 1991 г.

 

Кучынскі сказаў, што не будзе здымаць сваю кандыдатуру, хаця б з-за павагі да сябе: «Мне выбаршчыкі ў Кобрыне скажуць: збег, спалохаўся».

 

Праўда, у сваім выступе ён зрабіў сур’ёзную памылку, заявіўшы, што абсалютна не прэтэндуе на пасаду. Тады дэпутат Марахін спытаў, навошта тады наогул вылучацца.

Папоў перамог Кучынскага з вялікім адрывам. З 95 бюлетэняў за яго было пададзена 76, за Кучынскага — толькі 12. Абранне намесніка старшыні таксама праходзіла на конкурснай аснове. Галоўным прэтэндэнтам быў Канаплёў, які, па ўласных словах, «адпрацаваў ад званка да званка». Дэпутат Дуніч вымавіў сапраўдны панегірык прэтэндэнту, назваўшы яго «палітыкам ХХ стагоддзя».

 

Альтэрнатыўную кандыдатуру па ўласнай ініцыятыве вылучыла дэпутат Вольга Абрамава. У сваім кароткім выступе яна прызналася, што «мае шмат апазіцыйных поглядаў». У Абрамавай не было шанцаў супраць Канаплёва, і яе вылучэнне было хутчэй, жаданнем заявіць пра сябе. З 96 бюлетэняў толькі 9 былі ў падтрымку яе кандыдатуры, за Канаплёва — 85.

Наступным пытаннем сесіі стала фарміраванне пастаянных камісій.

Кандыдаты ў старшыні павінны былі адказаць на пытанні дэпутатаў. Тон тут задаў Парфяновіч, падымаючы найбольш вострыя праблемы. Напрыклад, пасля слоў прэтэндэнта на старшыню камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Катлярова аб неабходнасці развіваць нацыянальную мову, Парфяновіч спытаў, ці размаўляе сам прэтэндэнт па-беларуску. Знайшліся пытанні ў Парфяновіча і да Малафеева, які быў перакананы, што ««Расія — гэта лёс нашай дзяржавы, яе сённяшні і заўтрашні дзень». Яны тычыліся інвестыцыйных праблем, звязаных з існаваннем у Беларусі права «залатой акцыі», пры якой ні адзін сур’ёзны інвестар не будзе ўкладаць грошы ў эканоміку краіны. Адказ Малафеева быў па-бальшавіцку просты: «Трэба зняць гэтыя бар’еры і адчыніць аператыўныя прасторы».

 

У адказ на пытанні Сяргея Парфяновіча і Уладзіміра Навасяда, чаму для недзяржаўных выданняў вызначаны вельмі вялікі ўстаўны фонд, кандыдат на старшыню камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Дубовік паабяцаў вырашыць гэта, «не зацягваючы». Але тут жа дадаў, што «часам у пагоні за смажанымі фактамі газеты, асабліва апазіцыйныя, падаюць чытачам тэндэнцыйныя матэрыялы».

Дэпутат Кучынскі паставіў перад другім кандыдатам, Ліпкіным, пытанне аб юрыдычным статусе асоб каўказскай нацыянальнасці, якія незаконна пражываюць у краіне і «пацяснілі нашых людзей на рынках».

Ён выказаў надзею, што будучы кіраўнік камісіі распачне адпаведныя меры і ажыццявіць «зачыстку ад Брэста да нашых усходніх рубяжоў».

 

Няўдалае слова «зачыстка» так узрушыла дэпутатаў, што Кучынскі вымушаны быў даваць адпаведныя тлумачэнні.

Аб непрыязных адносінах Кучынскага да «каўказцаў» сведчыць такі факт. У «антыкарупцыйным» дакладзе дэпутата ад парламенцкай апазіцыі БНФ Сяргея Антончыка 20 снежня 1994 г. Кучынскі фігураваў, як чалавек, які «бегаў па рынку за хуліганамі з пісталетам». Кучынскі, на той час прэзідэнцкі памочнік па асобых даручэннях, каментуючы такі інцыдэнт, сцвярджаў, што ўсяго толькі імкнуўся абараніць «нашых людзей».

Адметнай асаблівасцю Палаты прадстаўнікоў другога склікання стала наяўнасць у ёй дэпутацкіх груп і аб’яднанняў:

«Народны дэпутат», «Рэспубліка», «ЗУБР» (За саюз Украіны, Беларус, Расіі, і) і нават… «Сябры Балгарыі» і інш.

 

 Дэпутаты «Рэспублікі» Парфяновіч, Фралоў і Скрабец.

 

Група «Рэспубліка» ўзнікла 24 красавіка 2002 г. пад старшынствам Фралова ў складзе Дылеўскага, Парфяновіча, Скрабца і інш.

 

У праграме «Рэспублікі» праглядаліся ліберальныя ідэі аб каардынацыі дзейнасці дэпутатаў у розных рэгіёнах краіны, паляпшэнні якасці падрыхтоўкі законапраектаў, павышэнні парламенцкай культуры.

Гэтая група, напрыклад, неаднаразова прапаноўвала свае напрацоўкі (у тым ліку і ЦВК (адмена папярэдняга галасавання і інш.)). У архіве захаваўся раздражнёны адказ Ярмошынай: старшыня камісіі раіла «рэспубліканцам» спачатку авалодаць юрыдычнай тэхнікай, а потым нешта прапаноўваць.

 

Паступова група ўсё больш палітызавался і пры канцы паўнамоцтваў Палаты перайшла да адкрытай крытыкі Лукашэнкі. Квітэстэнцыяй стала палітычная галадоўка Фралова, Парфяновіча і Скрабца ў чэрвені 2004 г.

Члены «Рэспублікі» раз-пораз падвяргаліся ціску парламенцкай большасці. Напрыклад, аднойчы дэпутаты прапанавалі пазбавіць Парфяновіча заробку за кожны прапушчаны ў палаце дзень без уважлівых прычынаў, што было юрыдычным нонсенсам.

 

У лістападзе 2002 г. паўстаў палітычны антыпод «Рэспублікі» — «Народны дэпутат». Гэтая група ў складзе старшыні Захарчанкі, а таксама Малафеева, Касцяна, Катлярова і інш. выказала «падтрымку курса кіраўніцтва краіны».

Ствараючы групы, дэпутаты, відавочна, разлічвалі, што з часам яны ператворацца ў магутную сілу. Рэальнасць, аднак, перакуліла разлікі. Дэпутацкія групы па сутнасці справы ператварыліся ў «клуб знаёмстваў па інтарэсах». Рэгламент, які дазваляў дэпутату быць членам адразу некалькіх груп, зводзіў іх эфектыўнасць на нішто.

 

Такім чынам, працэс фармавання Палаты прадстаўнікоў, як любога парламента, уяўляе сабой складаны і супярэчлівы працэс. Ён не абмяжоўваецца выбарамі, а ўключае ў сябе стварэнне структур, абранне іх кіраўнікоў, сцвярджэння рэгламентуючых іх дзейнасць нарматыўных актаў. Працэс фарміравання Палаты прадстаўнікоў першага і другога скліканняў, ўкамплектаванне пастаянных камісій і г.д. у тэхнічным плане быў аператыўным.

 

Аднак у працэсе фарміравання Палаты відавочна прасочвалася яе пэўная залежнасць ад выканаўчай улады. Кандыдатуры на пасаду спікера, яго намесніка, а таксама шэрагу старшыняў пастаянных камісій былі відавочна ўзгоднены «наверсе», абмеркаванні па іх вяліся больш фармальна, чым па сутнасці.

Таксама з самага пачатку дзейнасці Палаты стала вызначальнай такая тэндэнцыя: яна не столькі распрацоўвала, сколькі разглядала законапраекты ад выканаўчых структураў. Таму пытанне дэпутата Палаты прадстаўнікоў другога склікання Уладзіміра Рэзнікава наконт таго, чаму парламент «так млява рэагуе на працэсы, што наўпрост тычацца аўтарытэту эканамічнага і палітычнага «я» Беларусі», гучыць сёння актуальна як ніколі.

паводле інф. Наша ніва


Дата стварэння навіны 04.11.2017

Возврат к списку