АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Вуліц з назвай «Савецкая» ў Беларусі 698 км

Вуліц з назвай «Савецкая» ў Беларусі 698 км
03.11.2017
Большасць вуліц у гарадах Беларусі дагэтуль носяць савецкія назвы. Цяпер гэта можна пацвердзіць канкрэтнымі дадзенымі.

Цуды айчыннай тапанімікі: савецкасці болей, чым Беларусі.Вуліц з нацыянальнымі назвамі ў 20 разоў менш, чым з савецкімі. Як паведаміла Радыё Свабода, толькі вуліц з назвай «Савецкая» ў Беларусі 698 км. Гэта больш, чым працягласць усёй тэрыторыі краіны з усходу на захад.

 

Вуліц з нацыянальнымі назвамі ў 20 разоў менш, чым з савецкімі

Даўжыня ж усіх вуліц Леніна ў краіне складае 440 км, Кастрычніцкіх — 382, Савецкіх — 698. Такую інфармацыю далі ў кампаніі «Яндекс». Для параўнання працягласць усёй тэрыторыі Беларусі з усходу на захад складае 650 км.

 

У той жа час вуліц з нацыянальнымі назвамі ў Беларусі ў 10-20 разоў меней, чым з савецкімі. Даўжыня ўсіх вуліц Каліноўскага складае 33 км, Скарыны — 49, Незалежнасці — 40.

Размеркаванне вуліц з савецкімі назвамі па абласцях прыкладна аднолькавае. А вось нацыянальныя назвы прадстаўленыя ў большасці выпадкаў у заходняй і цэнтральнай Беларусі.

Напрыклад, вуліц Каліноўскага больш за ўсё у Брэсцкай вобласці (19 гарадоў і вёсак), Гродзенскай і Мінскай (па 12). У астатніх абласцях — па 4 у кожнай. Вуліц і праспектаў Незалежнасці на Гомельшчыне і Магілёўшчыне зусім няма.

 

У «Яндексе» адзначылі, што звесткі могуць быць няпоўнымі. Падлічаныя толькі вуліцы, праспекты, завулкі, праезды і іншыя падобныя аб’екты, занесеныя на «Яндекс.Карты».

«Суадносна, калі ў нас няма падрабязнай мапы нейкага зусім невялікага сяла, ягоныя вуліцы ўлічаныя не будуць», — удакладнілі ў прэс-службе кампаніі.

 

Праз 20 гадоў савецкія назвы ў Маладзечне практычна ніхто не памятае

 

Амаль ва ўсіх гарадах Беларусі тапаніміка спрэс складаецца з назваў у гонар савецкіх дзеячоў. Дэсаветызацыя пачалася ў пачатку 1990-х. Але прайшла яна ў лічаных гарадах і вельмі абмежавана.

Шэраг вуліц перайменавалі ў Мінску, у тым ліку цэнтральныя праспект Леніна і плошчу Леніна. Замест іх з'явіўся праспект Скарыны (з 2007 году — Незалежнасці), і плошча Незалежнасці. А вось вуліца Леніна ў сталіцы засталася. Некалькі вуліц паспелі перайменаваць у Гродне, Слоніме і некаторых іншых гарадах.

Адзіным горадам, дзе адбылася масавая дэсаветызацыя, застаецца Маладзечна. У пачатку 1990-х, калі горадам кіраваў Генадзь Карпенка, савецкія назвы вуліц тут амаль цалкам зніклі. Хоць у Маладзечне засталіся вуліцы Першамайская, Чарняхоўскага, Чкалава, назвы большасці дарог тут не маюць дачынення да савецкай і расейскай гісторыі.

 

Як расказаў Свабодзе Алесь Капуцкі, маладзечанскі краязнаўца, вернутыя гістарычныя і новыя нацыянальныя назвы ў Маладэчне прыжыліся. Больш як праз дваццаць гадоў пасьля перайменавання толькі некаторыя вуліцы часам могуць назваць на стары лад.

 

Вялікі Гасцінец, бывае, называюць «праспектам», бо гэта былы праспект Леніна, Цэнтральную плошчу — плошчай Леніна, бо помнік Уладзіміру Леніну дагэтуль там стаіць, а замест плошчы Старое Места часам кажуць «плошча Свабоды» або «старая плошча».

 

«Практычна ніхто ўжо ня памятае старых назваў, апроч, можа, самых знакавых», — кажа Капуцкі.

 Пасьля масавага перайменавання ў пачатку 1990-х мясцовыя камуністы спрабавалі вярнуць некаторыя савецкія назвы. Асабліва ім карціў Вялікі Гасцінец — праспект Леніна за савецкім часам.

 

«Колькі камуністы не стараліся перайменаваць Вялікі Гасцінец, прычым прапаноўваліся такія назвы, як праспект Скарыны, ужо нічога ў іх не атрымалася нават пры гэтай уладзе», — кажа Алесь Капуцкі.

Вуліцы Каліноўскага і Льва Сапегі мусяць быць у цэнтры, а не на ўскраінах

 

Сёння перайменаванні даюцца цяжка. Часцей за ўсё іх праводзяць не з ініцыятывы жыхароў гораду, а па волі ўладаў. У Полацку крок за крокам прыбіралі савецкія назвы з цэнтру гораду. Замест праспекту Леніна там з'явіўся праспект Скарыны, вуліцу Энгельса зрабілі Ніжне-Пакроўскай.

 

У Мсціславе летась вуліцам Урыцкага, Першамайскай і Цэнтральнай плошчы далі назвы Пірагоўская, Кармеліцкая, Пятра Мсціслаўца адпаведна. Тыя перайменаванні прымеркавалі да Дня беларускага пісьменства.

Але найчасьцей назвы ў гонар нацыянальных герояў даюць не замест савецкіх, а новым вуліцам. Гэта значыць, у мікрараёнах на ўскраінах гарадоў, у прыватным сектары. Найбольш яскравы прыклад — гэта Мінск. У той час, як у цэнтры застаюцца вуліцы Леніна, Энгельса, Карла Маркса, на ўскраінах з'яўляюцца вуліцы Льва Сапегі, Напалеона Орды, Яна Чачота, Астрожскіх і Тышкевічаў.

 

«Культуралагічны нонсэнс»

На думку гісторыка тапаніміі Івана Сацукевіча, вуліцы ў гонар нацыянальных герояў мусяць быць акурат у цэнтры гораду, а не на ўскрайку.

 

«Гэта іміджастваральны праект, — сказаў Сацукевіч. — Безумоўна, у цэнтры павінны быць нацыянальныя героі. Але першасная задача, я лічу, — гэта вяртанне гістарычных назваў».

Паводле Івана Сацукевіча, неабавязкова пераймяноўваць усе савецкія назвы. Калі вуліца названая ў гонар мясцовых камуністаў, як Чарвякова, Жылуновіча, Шаранговіча ці Галадзеда, і яна пры гэтым не закрыла ўнікальную гістарычную назву, то яе можна пакідаць без перайменавання.

 

«Я катэгарычна супраць, каб усё агулам замянялі альбо перайменавалі, — сказаў Сацукевіч. — Нельга падыходзіць да тапанімікі з пункту гледжання палітыкі. Палітыкі ў сваёй большасці вельмі дрэнна ведаюць гісторыю сваіх гарадоў».

Іван Сацукевіч кажа, што назвы ў гонар Валадарскага, Урыцкага, Берсана, Свярдлова з часам мусяць знікнуць. Бо гэтыя людзі ніколі ня мелі дачынення да Беларусі і не зрабілі ніякага ўнёску для краіны.

Як мусіць праходзіць дэсаветызацыя? Гісторык лічыць, што яна не павінна праводзіцца на загад зверху. Наадварот, мясцовыя жыхары павінны вызначыцца, ці падабаецца ім чалавек, у гонар якога названая іхняя вуліца.

 

«Людзі спачатку маюць зразумець, ці станоўчы ягоны ўнёсак у гісторыю нашай краіны, — кажа Сацукевіч. — У такім разе, я не думаю, што ў нашых гарадах будуць адначасова вуліцы Суворава і Касцюшкі, Ігнатоўскага і Валадарскага. Гэта культуралагічны нонсэнс».


Дата стварэння навіны 03.11.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку