АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Бізнэс на правадырах. Скульптар Азгур, які паставіў Леніна на канвеер

Бізнэс на правадырах. Скульптар Азгур, які паставіў Леніна на канвеер
02.11.2017
«Што б ні пачаў ляпіць Заір Ісакавіч, усё роўна атрымліваецца Ленін». Такі дасціпны жарт і сёння папулярны сярод калегаў народнага мастака СССР і БССР, пачынальніка беларускай скульптурнай школы Заіра Азгура.


Сяброўскія кпіны небеспадстаўныя: гэта ці не самы пладавіты капірайтэр вобраза Леніна ў сьвеце. Помнікі яго аўтарства стаялі і стаяць у гарадах Беларусі, Расеі, Украіны, Казахстану, іншых саюзных рэспублік. У майстэрні, пераабсталяванай пасьля сьмерці пад музэй яго імя, захоўваюцца дзясяткі арыгіналаў і правобразаў вялікіх і малых Ільлічоў.

 Зрэшты, ня толькі іх: тут жа Сталіны, Дзяржынскія, Свярдловы, Арджанікідзэ, Хрушчовы, Машэравы, камуністы-хаўрусьнікі Крамля з іншых краінаў. Сюды перакачавалі шматтонныя галовы Маркса і Леніна, дэмантаваныя з-пад былога гмаха ЦК КПБ, цяперашняй працоўнай рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.


Што падштурнула прыроджанага партрэтыста паставіць «ленініяну» на канвэер? Быў ён у душы шчырым ленінцам ці кіраваўся перадусім камэрцыйным інтарэсам?

​«Па-першае, па тых часах „ненародным“ і „незаслужаным“ вобраз Уладзіміра Ільліча ляпіць папросту не давяралі, — расказвае Свабодзе іншы ўганараваны скульптар, народны мастак Беларусі Іван Міско. — Па-другое, такія замовы зацьвярджаліся ня тут, а ў Маскве, толькі так. Іншымі словамі, наіўна было нават спадзявацца, што простаму „лепшчыку“ нехта даў бы зрабіць такі бюст ці помнік — толькі народнаму ці заслужанаму. Азгур падыходзіў па ўсіх парамэтрах».

 

У сваім зборніку дыялогаў «Сустрэчы ў радыёстудыі» вядоўца праграмаў Беларускага радыё Ўладзімер Мехаў піша, што сваёй ленініянай Заір Азгур надзвычай даражыў. Вось што казаў творца падчас аднаго з эфіраў.

 

«Шматграннасць натуры Ўладзіміра Ільліча Леніна, яго чалавечай асобы неабдымная для аднаго мастака. Кожны з нас, зьвяртаючыся да вобразу Леніна, шукае найбольш блізкі сабе аспэкт. У розны час я спрабаваў увасобіць рысы то Леніна-стратэга, то Леніна-летуценьніка, то Леніна-мысьляра. А то і нібыта прасьпяваць пра Леніна лірычную песьню», — прызнаваўся скульптар.

20-гадовы Заір Азгур, здымак 1928 году

З улікам, што кніга выдадзена ў 1985 годзе, чакаць іншых заяваў было складана. Застаецца проста канстатаваць, што Заір Азгур аказаўся сярод нешматлікіх прадстаўнікоў Беларусі, каму Масква дала зялёнае сьвятло на рэалізацыю маштабных праектаў, уключна з множаннем правадыроў.

«Часы былі такія, вялікай разнастайнасьці ў замовах не існавала, — удакладняе спадар Міско. — Пасьля вайны валам шлі надмагільныя помнікі загінулым героям, але часьцей за ўсё адлівалася з бэтону. А каб заслужыць адліць нешта з бронзы, гэта ўжо Масква вырашала. Ня так лёгка ўсё было. Прынамсі ня так, каб мы тут сабраліся, вырашылі і зрабілі. Дый бронзы ў Мінску не было, а галоўнае, адсутнічала свая ліцейка. Усё адлівалі ў Маскве і Ленінградзе, туды вазілі. Трэба памятаць асаблівасьці той эпохі».

аводле спадара Міско, цэкоўскім сакратарам ад культуры вельмі імпанавала, што Азгур усё рабіў надзвычай хутка. Пакуль іншыя разгойдваліся на ўзроўні ўвасабленьня ідэі, ён ужо вёз гліняны правобраз на ўзгадненьне. У працэсе нават узьнік нэалягізм — «азгурка». Так у скульптарскім асяродку назвалі наждак, якім мастра даводзіў да кандыцыі гатовы выраб. Прычым з такой філіграннасцю, што прасіліся паназіраць нават спрактыкаваныя творцы.


Ленін у розных абліччах

Да 2004 году менскі музэй Заіра Азгура быў філіяй Дзяржаўнага мастацкага музэю. Пасьля атрыманьня самастойнага статусу ўстанове перадалі гіпсавыя арыгіналы, якія сталі правобразамі будучых помнікаў, бюстаў, барэльефаў. Асноўны фонд калекцыі «Скульптура З. І. Азгура» сёньня налічвае 435 работ.

 

Знайшлося месца ўсім і ў розных позах. Тут і палітыкі, і военачальнікі, і літаратары, і дзеячы культуры. Але калі скульптура ў два чалавечыя росты, то абавязкова Ленін ці Сталін. Сустракаюцца нечаканыя тэматычныя тандэмы — кшталту «Ленін і Сталін», «Ленін зь дзяўчынкай», «Дзяржынскі з хлопчыкам». Маецца эксклюзыўная галерэя лідэраў замежных кампартый — Мао Цзэдун, Кім Ір Сэн, Хо Шы Мін, Далорэс Ібаруры, Пальміра Тальяці.

Ганарар за скульптуру — 1000 савецкіх рублёў

 

Іван Міско ня надта верыць у тое, што, лепячы бальшавіцкую ды партыйную наменклятуру, Заір Азгур кіраваўся «ўнутраным пакліканьнем». Паводле яго, атрымаць падобную замову было ня толькі прэстыжна, але і выгадна з матэрыяльнага гледзішча.


«Ну якое там пакліканьне? Перадусім гэта ганаровая замова, — кажа ён. — Мы так і казалі: Ленін — наш кармілец. За скульптурны партрэт Уладзіміра Ільліча добра плацілі. Праўда, таксама ўсё адносна, бо працэс расьцягнуты, займае не адзін месяц... Не люблю слова камэрцыя (цяпер за грошы лепіць усялякае жульлё), проста заслужаная плата за высокамастацкі твор. Я не акцэнтуюся, Ленін гэта, Сталін ці Дзяржынскі, размова пра іншае. Пытаньне ў тым, наколькі граматна майстар перадае вобраз. Дарэчы, усе пагаджаліся, што ніхто лепей за Азгура не ўвасобіў Сталіна. Уражаньне, што ляпіў з натуры. У гэтым сэнсе сапраўды непераўзыдзены майстар партрэту».

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, вядомы скульптар Уладзімер Церабун прызнаецца, што таксама мае ў сваім творчым багажы некалькі ленінскіх бюстаў. Аднак на размах мэтра ніхто з калегаў нават не прэтэндаваў.


«Адназначна можна казаць пра камэрцыю, але, безумоўна, на глебе высокага прафэсійнага майстэрства, — гаворыць спадар Церабун. — Такі быў чалавек: што б ні рабіў, талент ішоў наперадзе яго. Наогул я б назваў гэта камэрцыйна-рамесьніцкімі вырабамі з досыць абмежаванымі магчымасьцямі для імправізацыі — ня той выпадак, каб укладаць у твор нешта асабістае. Таму і прадукаваў дзясяткамі збольшага тыпавыя праекты. Так, Азгур — выключны, геніяльны партрэтыст. Але што датычыць манумэнтальных кампазыцый, то, як на мой погляд, ёсьць хібы. Той жа помнік Якубу Коласу ў Менску — гэта больш станковая скульптура, чым манумэнтальная». Сапраўды, нават староньнія назіральнікі зьвяртаюць увагу, што Якуб Колас ў выкананьні Заіра Азгура рэалізаваны ў такой манэры, што больш нагадвае Леніна, чым клясыка беларускай літаратуры. Рука, да аўтаматызму набітая на нешта адно, міжволі лепіць знаёмыя абрысы.


А якія існавалі расцэнкі на ленінскія вобразы за савецкім часам? Ці рэальна было ўзбагаціцца на тыражаваньні «жывейшага за ўсіх жывых?». Як кажа Ўладзімер Церабун, някепска сябе адчуваць можна было ў тым выпадку, калі паставіць вытворчасьць статуй на паток. Што і зрабіў Заір Азгур.

«Па вялікім рахунку, ганарары не касьмічныя. Ды і мастацкія рады лютавалі — пераглядалі дамову, калі, на іх погляд, нешта ня так. Натуральна, залежала ад імя, ад кан’юнктуры. Скажам, за тэматычную карціну маглі даць больш, чым за скульптуру. Міхаілу Савіцкаму за „Партызанскую Мадону“ заплацілі 5 тысяч рублёў, а гэта быў кошт аўтамабіля. Я сам рабіў шэраг бюстаў, ведаю, што стандартныя расцэнкі — 700-900 рублёў, да тысячы. Але з улікам, што Заір Ісакавіч кляпаў „пачкамі“ (і ня толькі Леніна), несумненна, сумы набягалі значныя. Плюс рэгулярныя прэміі. Было і такое, што за арыгінал выдаваліся копіі... Але гэта справа сумленьня самога скульптура».


Да посьпехаў асобных калегаў па цэху Заір Азгур ставіўся вельмі раўніва. Так, набыткам галоснасьці стала тое, што ён вёў улік «плягіятаў» згаданага ўжо Савіцкага, які выдаваў чужыя сюжэты за свае. Тая ж «Партызанская Мадона» — адзін да аднаго перанос на палатно здымка афрыканскай маці, якая корміць сваё дзіця.

 

Старэйшыя мастакі кажуць, што як мінімум двойчы балючым стрэсам для Заіра Азгура заканчваліся рэзкія палітычныя манэўры. Па-першае, калі ў 1961 годзе на Цэнтральнай плошчы Менску танкамі рвалі пампэзны помнік Сталіна (над ім ён працаваў разам з Бембелем, Глебавым і Селіханавым), па-другое, калі на пачатку 1990-х яму ў майстэрню вярнулі непатрэбных галавастых носьбітаў марксісцка-ленінскай тэорыі.

 

Прызнаваўся, што папросту «забівала» асэнсаваньне марнасьці прыкладзеных высілкаў. Маўляў, як і ўсе разумныя людзі, асуджаў сталінскія рэпрэсіі, але зьнішчэньне грандыёзнай статуі лічыў барбарствам. Гэтак жа і ў выпадку са скасаваньнем скульптурнага дуплету Маркса — Леніна. Быў перакананы, што ўсё трэба ацэньваць паводле мастацкага ўвасабленьня, а не прывязвацца да герояў на п’едэстале.


Зрэшты, на памяць пра тыя часы беларусам засталіся дзясяткі іншых, некранутых помнікаў. У эпоху панаваньня савецкай сыстэмы манумэнты, помнікі і бюсты Леніну множыліся ў геамэтрычнай прагрэсіі. Беларусь паводле гэтага паказьніка сярод бясспрэчных лідэраў — колькасьць бронзавых, гранітных, гіпсавых, бэтонных Ільлічоў ідзе на многія сотні.

Паводле дакумэнтальных згадак, першы ў СССР драўляны бюст правадыра пралетарыяту зьявіўся менавіта ў Беларусі — яшчэ пры жыцьці арыгінала высечаны ў Краснапольлі ў 1922 годзе. Але абсалютным рэкардсмэнам у ленінскай намінацыі стаў Бабруйск, дзе прапісаліся 23 ягоныя скульптуры — супраць 22 у Менску. Затое ў сталіцы іншае дасягненьне: Ленін ля Дома ўраду — самы высокі на постсавецкай прасторы.


Адрозна ад украінскага «ленінападу», у Беларусі істуканаў па-ранейшаму шануюць і зносяць толькі ў самым крайнім выпадку — як правіла, з прычыны зношанасьці канструкцыі. Паводле прыблізных падлікаў, ад колішніх шасьці сотняў блізу 400 і сёньня стаяць на сваіх п’едэсталах. Тым часам народны мастак Беларусі Іван Міско перакананы: даўно трэба было спыніць пладзіць безгустоўнасьць, якая ў абсалютнай бальшыні выпадкаў мае толькі ідэалягічны складнік.

 

«Гэта бяда, — канстатуе спадар Міско. — Варта зрабіць маштабную праверку і пакінуць толькі тыя, якія таго вартыя. Дзе ёсьць сапраўднае мастацтва. А калі з бэтону, зь гіпсу, гэта, вядома, ніякай каштоўнасьці не ўяўляе. Замест таго, каб зьнесьці, мэтадам цяп-ляп пачынаюць рэстаўраваць. Маю на ўвазе толькі прыгожую прафэсійную лепку, бо я на баку мастацтва. Я быў шмат у якіх краінах, каму толькі не стаяць помнікі! І калі гэта твор мастацтва, мяне ў апошнюю чаргу цікавіць, каму ён прысьвечаны. Ацэньваю як скульптар, наколькі гэта таленавіта выканана. Бо ўсе лепяць, толькі з розным узроўнем майстэрства».

Трушком у сьветлую будучыню

У мэмарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура захоўваюцца і экспануюцца скульптурныя творы, створаныя ім ад 1942 году. Бальшыня гіпсавых работ — прататыпы будучых глябальных формаў. Значная колькасьць прысьвечаная героям вайны, кіраўнікам камуністычных і рабочых партыяў.

 

Дзеля справядлівасьці, ёсць і скульптуры ў гонар дзеячаў айчыннай і ўсясветнай культуры — Скарыны, Гусоўскага, Коласа, Купалы, Чорнага, Гартнага, Бядулі, Броўкі, Куляшова, Брыля, Шамякіна, іншаземных дзеячаў Абу Касіма, Хаяма, Тагора, Лу Сіня, Вагнера, Ўітмэна ды іншых.

У канцы жыцьцёвага шляху скульптар спрабаваў падлічыць, колькі нарабіў за 65 гадоў актыўнай дзейнасці. І вымушаны быў прызнаць, што дакладнай лічбы ня ведае — мабыць, бліжэй да тысячы.

***

Заір Азгур нарадзіўся ў студзені 1908 году ў тагачаснай Магілёўскай губэрні (цяпер вёска Маўчаны Сенненскага раёну). Вучыўся ў Мастацка-практычным тэхнікуме ў Віцебску, Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце ў Ленінградзе, Дзяржаўным мастацкім інстытуце ў Кіеве, Акадэміі мастацтваў у Тбілісі.

 

Двойчы адзначаўся Сталінскай прэміяй, у тым ліку за скульптурны партрэт Дзяржынскага. Уганараваны званьнем Героя Сацыялістычнай Працы, двойчы ордэнам Леніна, двойчы ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнам Чырвонай зоркі ды іншымі высокімі савецкімі ўзнагародамі. Чалец ВКП(б) ад 1943 году.

 

Памёр Заір Азгур у лютым 1995 году, пахаваны на Ўсходніх могілках беларускай сталіцы. Яго імем названыя вуліцы ў Мінску і Сяньне, у Віцебску на будынку колішняга мастацкага тэхнікуму вісіць памятная шыльда.


Дата стварэння навіны 02.11.2017

Возврат к списку