АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Гісторыі пратэстантаў ад Каўказа да Палесся

Гісторыі пратэстантаў ад Каўказа да Палесся
01.11.2017
31 кастрычніка 1517 года Марцін Лютэр прыбіў да дзвярэй сабора ў нямецкім горадзе Вітэнбергу 95 тэзаў. Гэтая дата лічыцца днём пачатку Рэфармацыі, якая ў наступныя стагоддзі зменіць кантынент да непазнавальнасці.

Раскол да таго часу адзінай каталіцкай царквы паклаў пачатак кровапралітным войнам у Еўропе, але і даў свету новую пратэстанцкую этыку. 500 гадоў праз пратэстанцкія плыні працягваюць пашыраць прысутнасць у постсавецкіх краінах Усходняй Еўропы, дзе іх уплыў прыкметна павялічыўся пасля распаду СССР.

 

Круглая дата выглядае асабліва сімвалічна: пропаведзь манаха і багаслова Марціна Лютэра была накіравана супраць коснасці царквы, яе абуральнага багацця і ладу жыцця, яе зрошчвання з свецкай уладай.

Гісторыя №1: "Перамагчы ў гэтай краіне можа толькі бедная царква"

Менавіта гэтыя праблемы — сімбіёз дзяржавы і кіраўніцтва праваслаўных цэркваў, нарошчванне багацця апошнімі — сёння на парадку дня ў краінах Усходняй Еўропы, ад Расіі і Украіны да Грузіі і Малдовы. Пратэстанты спрабуюць прапанаваць альтэрнатыву "кіруючым цэрквам" і нярэдка гэта ў іх атрымліваецца.

 

Да 500-годдзя Рэфармацыі рускамоўная "Медиасеть" аб'яднала намаганні журналістаў з пяці краін Усходняй Еўропы, каб распавесці, як жывуць пратэстанты і як расце іх уплыў у рэгіёне.


БЕЛАРУСЬ: ПРАТЭСТАНТЫ І РАБОЧАЯ ЭТЫКА

У 70-я савецкая ўлада забараняла альшанцам працаваць на сябе — прыходзілі камуністы і руйнавалі парнікі. Таму мужчыны вымушаныя былі ездзіць на "шабашку". Бацька аднаго з самых вядомых фермераў — Івана Грыба — 27 разоў ездзіў на будоўлі ў Краснаярскі край. Цяпер у яго самыя сучасныя цяпліцы ў Беларусі​.

Гісторыя №2: "Вяселле ў парніку і без алкаголю. Як жывуць альшанскія фермеры-пратэстанты"

У Брэсцкім раёне Беларусі жыве абшчына пяцідзясятнікаў, якая пабудавала вядомую ва ўсёй краіне фермерскую супольнасць. Адрозная ад традыцыйнай для тутэйшых месцаў рабочая этыка дапамагла ў стварэнні адной з самых буйных агароднінных вытворчасцяў у краіне. Фермер Іван Грыб пачынаў сваё прадпрыемства з аднаго парніка агуркоў і толкам нічога не ведаў пра тое, як вырошчваць агародніну, а цяпер яго гаспадарка пастаўляе на рынак да 1000 тон агуркоў штодня.

 

УКРАІНА: ПРАТЭСТАНТЫ І ВАЙНА

"Пасля допыту мяне паднялі, паставілі да сценкі. Вочы завязаныя. Тыкнулі ў спіну аўтамат, перадзёрнулі затвор і са словамі "Здохні" націснулі на спускавы кручок".

Гісторыя №3: "Вера ў час вайны. Як канфлікт на Данбасе змяніў пратэстанцкую царкву"

Пратэстанты — адна з самых буйных і актыўных хрысціянскіх супольнасцяў Украіны. За апошнія гады іх колькасць павялічылася амаль у два разы. Вайна на Данбасе стала трагічнай главой у гісторыі ўкраінскіх пратэстантаў, якія падвергліся масавым ганенням з боку падтрымоўваемых Расіяй сепаратыстаў. Тысячы з іх былі вымушаныя бегчы з рэгіёна падчас першай рэлігійнай зачысткі ў гісторыі краіны з часоў Другой сусветнай вайны. Тым не менш, пратэстанцкія цэрквы аказалі істотную гуманітарную дапамогу насельніцтву Усходняй Еўропы: наведвалі пажылых людзей, дапамагалі адбудоўваць разбураныя дамы.


РАСІЯ: ПРАТЭСТАНТЫ І МУСУЛЬМАНСКІ КАЎКАЗ

Праваслаўная рэлігія не падаецца моладзі "моднай". Смешна гучыць, але для выпраўлення сітуацыі на Каўказе неабходна надаць царкве "крутасць", выканаць яе "рэбрэндынг".

Гісторыя №4: "500 гадоў барацьбы за душы: пратэстанты выйграюць у РПЦ на Каўказе"

На расійскім пераважна мусульманскім Паўночным Каўказе, куды пратэстантызм пракраўся ў другой палове XIX стагоддзя, пратэстанты выйграюць барацьбу за розумы моладзі ў непаваротлівай Рускай праваслаўнай царквы. Як кажа эксперт, у адрозненні ад пратэстанцкіх і мусульманскіх прапаведнікаў, прадстаўнікі РПЦ "не ходзяць у народ" і не могуць заваяваць маладых: "Сярод праваслаўных прапаведнікаў няма харызматычных маладых людзей, якія клічуць з сабой у рэлігію. Праваслаўныя святары адмаўляюцца ад прамых кантактаў — да прыкладу, ад прамой, але нязмушанай гутаркі за кубкам гарбаты". Заходнія канфесіі распаўсюджваюцца на Паўночным Каўказе, нягледзячы на ​​жорсткае заканадаўства, якое абмяжоўвае місіянерскую дзейнасць у Расіі.

ГРУЗІЯ: ПРАТЭСТАНТЫ vs ПРАВАСЛАЎНЫЯ

"З боку грамадства ўсё яшчэ відавочна непрыманне рэлігійных меншасцяў, што ўяўляе сабой адзін з галоўных выклікаў для краіны. Напрыклад, у школах дзеці з сем'яў баптыстаў часта падвяргаюцца ганенню як з боку вучняў, так і настаўнікаў".


 Гісторыя №5: "Як жывуць пратэстанты ў Грузіі"

Грузінскі абывацель і не задумваецца пра тое, як часта прадстаўнікі рэлігійных меншасцяў становяцца прадметам дыскрымінацыі. Яна не заўсёды прымае такія прамалінейныя формы, як траўля вучняў-баптыстаў у школе. Часам дыскрымінацыя — гэта некарэктна складзеная статыстыка, паводле якой колькасць пратэстантаў атрымліваецца моцна заніжанай. Верагодна, далей за ўсё праваслаўная супольнасць Грузіі разыходзіцца з пратэстантамі ў пытанні аб адносінах да заходніх каштоўнасцей.

Вернік грузінскай праваслаўнай царквы моцна здзівіцца (калі не жахнецца) слоў біскупа евангелісцка-баптысцкай царквы: "У нас і пытанне так не стаяла: ці могуць жанчыны быць святарамі?" У сэнсе — натуральна, могуць".


МАЛДОВА: ПРАТЭСТАНТЫ І САВЕЦКАЯ ДЗЯРЖАВА

"Бог не стварыў нас, каб мы былі беднымі і няшчаснымі".

Гісторыя №6: Пра жыццё пратэстанцкіх сем'яў Малдовы

Пратэстанцкая абшчына Малдовы працягвае расці хуткімі тэмпамі і ўжо сёння яна другая па памеры ў краіне.

На межах дунайскіх княстваў першыя пратэстанты з'явіліся яшчэ пры жыцці Марціна Лютэра. Два гады (з 1561 па 1563) гасударам Малдаўскага княства быў пратэстант Ян Якаб Гераклідзія. Аднак у 1563 годзе ў ходзе баярскага паўстання гасудар быў забіты; пратэстанты з ягонага атачэння беглі з краіны. Спроба правядзення ў Малдавіі "Рэфармацыі зверху" апынулася беспаспяховай. Тым не менш, да моманту абвяшчэння незалежнасці Малдовы кожная чацвёртая царква ў краіне ўжо была пратэстанцкай. Баптысты, адвентысты і пяцідзясятнікі — самыя папулярныя пратэстанцкія плыні краіны. Але гэты рэлігійны рух, калісьці рэвалюцыйны, сёння прытрымліваецца вельмі кансерватыўных поглядаў на вострыя пытанні сучаснага грамадства.

па інф. Еўрарадыё



Дата стварэння навіны 01.11.2017

Возврат к списку