АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Андрэй Вабішчэвіч: «Лічу, што суд быў справядлівым»

Андрэй Вабішчэвіч: «Лічу, што суд быў справядлівым»
01.11.2017
Андрэй Вабішчэвіч не толькі даказаў сваю рацыю, але і падаў пазоў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды.

Пінчук выйграў справу супраць неправамерных дзеянняў міліцыі.

Кампенсаваць выдаткі на паслугі адваката і судовую пошліну суд абавязаў казну Рэспублікі Беларусь, паведамляе Медыя-Палессе.


26 сакавіка Андрэй Вабішчэвіч ішоў па сваіх справах у краму керамічнай пліткі, якая знаходзіцца недалёка ад плошчы Леніна, дзе ў гэты дзень кіпелі страсці «недармаедаў». Прыкладна ў 12.15 на ганку крамы яго затрымаў старшы ўчастковы інспектар Аляксандр Пабярэжны, піша НН.

Паводле словаў міліцыянта, яму па рацыі паступіла паведамленне аб тым, што двое мужчын уцякаюць, спрабуючы схавацца ад супрацоўнікаў МУС. Ён прыняў рашэнне спыніць Андрэя Вабішчэвіча і папрасіў, каб той назваўся. Пінчук вымавіў нейкае імя, але Аляксандр Пабярэжны ўсумніўся ў праўдзівасці гэтых дадзеных і правёў Андрэя Вабішчэвіча ў патрульны аўтамабіль.

 

Там Андрэй праседзеў нейкі час, затым яго адвезлі ў гараддзел міліцыі, нібыта для высвятлення асобы.

Па словах затрыманага, у будынку ГАУС ён правёў некалькі гадзін, ягоную асобу не маглі адразу праверыць, бо не працавала міліцэйская база дадзеных. Ён пагаварыў з адным з супрацоўнікаў міліцыі, які склаў пратакол апытання, і пасля яго адпусцілі.

 

Цікава, што старшы ўчастковы інспектар Пабярэжны сцвярджаў, што гэта было не затрыманне, а просьба праехаць у ГАУС для высвятлення асобы. Таму ніякіх дакументаў не афармлялася і адміністрацыйны працэс не вёўся. Але, па словах міліцыянта, Андрэй Вабішчэвіч не мог адмовіцца ад ветлівага запрашэння, у адваротным выпадку адміністрацыйны працэс быў бы пачаты.

Дарэчы, гэты нюанс з затрыманнем, якога «не было», далей дапамог пінчуку даказаць сваю невінаватасць у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, а менавіта — ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.


Яшчэ адзін званок участковага. Працэс пайшоў, адміністрацыйны

 

30 сакавіка Андрэю Вабішчэвічу на мабільны тэлефон патэлефанаваў участковы інспектар Дзмітрый Андрэйчук і папрасіў прыйсці ў пастарунак на размову, дзе склаў новы пратакол апытання. Па словах пінчука, пасля таго, як ён падпісаў дакумент, міліцыянт дастаў падрыхтаваны загадзя пратакол і абвясціў аб пачатку адміністрацыйнага працэсу.

У пратаколе было паказана, што 26 сакавіка прыкладна ў 12.30 Андрэй Вабішчэвіч знаходзіўся ля будынка на плошчы Леніна, 22 (гэта адрас музея Беларускага Палесся) і прымаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, пра што маюцца паказанні двух сведкаў. 6 красавіка Андрэй павінен быў з'явіцца ў суд для разгляду справы.

 Агаломшаны пінчук напісаў свае пярэчанні на бланку адміністрацыйнага пратаколу, наняў адваката і аператыўна зняў копіі з камер вонкавага відэаназірання, якія зафіксавалі яго перамяшчэнні ў той дзень.


Суд стаў на бок гараджаніна


У судзе над Андрэем Вабішчэвічам быў зачытаны пратакол адміністрацыйнага правапарушэння, заслуханыя паказанні сведак двух супрацоўнікаў АБЭЗ, якія дзяжурылі на ўзмацненні у дзень 26 сакавіка на плошчы Леніна.

 

Міліцыянты сказалі, што апазналі Андрэя па фатаграфіі, дэталяў яго вопраткі не памятаюць, але прыкладна ў 12.30 ён прымаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Тады Андрэй Вабішчэвіч запрасіў у суд свайго сведку, паказаў раздрукоўку сваіх тэлефонных размоў з мабільнага тэлефона і відэа з камер вонкавага назірання, усталяваных на будынку Цэнтральнай бібліятэкі і жылога будынка, які знаходзіцца побач з крамай керамікі.

Андрэй спрабаваў узяць запісы з камер назірання Пінскага ГАУС, якія ўстаноўлены на плошчы Леніна, і зрабіў з гэтай нагоды запыт. Але яму прыйшоў адказ, што гэтыя камеры 26 сакавіка не працавалі.

 

Сведка Андрэя Вабішчэвіча пацвердзіў, што яго на плошчы ў той дзень не было. А на відэа з камер назірання пазначаны час, калі ён праходзіў міма іх, і зафіксаваны час яго затрымання на ганку крамы керамікі — было 12.15.

Гэта значыць, у 12.30 пінчук быў не на плошчы, а ў будынку ГАУС пад наглядам некалькіх міліцыянтаў.

Варта адзначыць той факт, што інфармацыі пра затрыманне Андрэя Вабішчэвіча каля крамы керамічнай пліткі ў справе аб адміністрацыйным правапарушэнні не было.

 Суддзя прыняў пад увагу відавочныя факты і прыняў рашэнне спыніць справу за адсутнасцю ў дзеяннях Андрэя складу адміністрацыйнага правапарушэння.


Новы суд супраць Пінскага ГАУС


26 верасня ўпарты пінчук падаў грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі шкоды, прычыненай неправамернымі дзеяннямі супрацоўнікаў Пінскага ГАУС, у памеры 370 рублёў, якія ён заплаціў адвакату.

 

Адказчыкамі ў пазове Андрэя Вабішчэвіча былі заяўленыя Пінскі ГАУС і фінаддзел Пінскага гарвыканкама.

На папярэднім слуханні судом было ўстаноўлена, што заяўленыя адказнікі не могуць быць такімі, бо ГАУС фінансуецца з бюджэту дзяржавы. Таму было прапанавана заявіць у суадказніка Міністэрства фінансаў Беларусі.

Андрэй Вабішчэвіч пагадзіўся з удзелам у працэсе Мінфіна, але настойваў на прыцягненні да адказнасці Пінскага ГАУС і гарфінаддзелу.

Паводле словаў пінчука, праваахоўнікі павінны самі выявіць вінаватага ў неправамерных дзеяннях, за кошт якога пакрыць панесеныя выдаткі, тады дзяржбюджэт ніяк не пацерпіць.

Суд пагадзіўся з довадамі Андрэя, асноўнае пасяджэнне па справе было прызначанае на 27 кастрычніка.

 

Мінфін «умывае рукі»

27 кастрычніка ў суд у якасці сведак былі выкліканыя старшы ўчастковы інспектар Аляксандр Пабярэжны і ўчастковы інспектар Дзмітрый Андрэйчук, які склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

 З боку адказчыкаў ніхто не з'явіўся.

 Мінфін напісаў падрабязнае абгрунтаванне свайго няўдзелу ў працэсе, сутнасць якога ў тым, што казна можа кампенсаваць шкоду, нанесеную дзяржорганамі толькі ў выпадку учынення імі незаконных дзеянняў.

А паколькі участковы інспектар, складаючы пратакол, дзейнічаў у рамках існуючага заканадаўства, то казна не павінна кампенсаваць шкоду, прычыненую Андрэю Вабішчэвічу.

 

З боку Пінскага ГАУС быў атрыманы ліст, у якім паведамлялася, што праведзена пракурорская праверка, дзеянні ўчастковага інспектара, які складаў пратакол, прызнаныя неправамернымі.

На сумеснай калегіі на гэтыя дзеянні ўчастковаму была звернутая ўвага. Але, паколькі ў яго ўжо мелася дысцыплінарнае спагнанне, то паўторнаму пакаранню ён не падвяргаўся.

Сведка Пабярэжны апісаў той момант, калі 26 сакавіка спыніў Андрэя Вабішчэвіча на ганку каля крамы керамічнай пліткі і правёў яго да патрульнага аўтамабіля. Спасылаючыся на даўнасць падзей, міліцыянт не мог успомніць усіх падрабязнасцяў, не змог распавесці, хто яму па рацыі даў арыенціроўку на двух мужчын і каму ён паведаміў аб затрыманні Вабішчэвіча.

 

Свае дзеянні Аляксандр Пабярэжны лічыў цалкам законнымі, заявіў, што пінчук не затрымліваўся, таму час першапачатковай размовы з ім не фіксаваўся. З участковым, які складаў на пінчука пратакол, па гэтых фактах ён не меў зносінаў.

Далей суддзя пажадаў выслухаць другога сведку - участковага інспектара Дзмітрыя Андрэйчука, але той не прыйшоў. Андрэй Вабішчэвіч настойваў на ягоным выкліку ў суд. У той жа дзень, пасля перапынку, міліцыянт з'явіўся ў суд і даў сведчанні.

 

Сведка Андрэйчук таксама пачаў спасылацца на даўнасць падзей, таму не мог расказаць дэталяў таго, што адбывалася. Суд спрабаваў высветліць, на падставе чаго участковы пачаў адміністрацыйны працэс у дачыненні да Андрэя Вабішчэвіча.

Міліцыянт доўга не хацеў гэтага успамінаць, потым распавёў, што яму паступіў рапарт ад аднаго з супрацоўнікаў ГАУС. Далей ён апытаў двух міліцыянтаў з АБЭЗ у якасці сведак. Пра затрыманне Вабішчэвіча для ўстанаўлення яго асобы ён не ведаў.

 Праваахоўнік палічыў, што неабходныя доказы сабраныя і перадаў справу ў суд. Дзмітрый Андрэйчук пацвердзіў, што, пасля пракурорскай праверкі, атрымаў нараканні ад свайго кіраўніцтва за неправамерныя дзеянні.

Суддзя прагледзеў прыкладзеныя да справы відэадоказы невінаватасці пінчука.

 

Вердыкт суда — грошы вярнуць

Рашэнне суда было абвешчана 30 кастрычніка. Суд знайшоў патрабаванні Андрэя Вабішчэвіча па сутнасці абгрунтаванымі і прызнаў, што яны падлягаюць задавальненню.

Суд вырашыў спагнаць з казны Рэспублікі Беларусь на карысць Андрэя Вабішчэвіча 360 рублёў кампенсацыі выдаткаў на атрыманне юрыдычнай дапамогі на вядзенне адміністрацыйнага працэсу, а таксама 18 рублёў кампенсацыі судовых выдаткаў па аплаце дзяржпошліны. У іскавых патрабаваннях да Пінскай ГАУС і гарфінаддзелу — адмовіць.

 

Рашэнне суда грунтуецца на тым, што папярэдні суд па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да Андрэя Вабішчэвіча прызнаў яго невінаватым.

Участковы міліцыянт, які складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, не правёў належнай папярэдняй праверкі, ці не апытаў міліцыянта, які затрымліваў Андрэя Вабішчэвіча раней, таму далейшыя яго дзеянні былі неабгрунтаванымі і незаконнымі.

 

Рашэнне можа быць абскарджана і апратэставана на працягу 10 дзён.


Дата стварэння навіны 01.11.2017

Возврат к списку