АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Забілі дзікоў – і ваўкі «выйшлі ў людзі»

Забілі дзікоў – і ваўкі «выйшлі ў людзі»
30.10.2017
У Браслаўскім раёне ваўкі рэжуць авечак.

З памяці вясковых жыхароў раёна яшчэ не сцёрліся не надта далёкія гады, калі вырашчаныя імі бульбу, збожжа, гародніну бязлітасна вынішчалі дзікі. Не «саромеліся» ікластыя нават наведацца ў двары сяльчан, блакіруючы ім выхад на вуліцу. Але, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Пасля таго, як у некалькіх раёнах рэспублікі былі зафіксаваны ачагі ўспышкі афрыканскай чумы свіней, карыстальнікам паляўнічых угоддзяў паступіў загад звесці да мінімуму пагалоўе дзікоў, якія і з’яўляюцца асноўнымі пераносчыкамі гэтай заразы.

Паколькі пастаўленая задача па вынішчэнні дзікіх свіней кантралявалася на дзяржаўным узроўні, з ёй справіліся. Вяскоўцы ўздыхнулі вальней: зноў пачалі садзіць бульбу, сеяць пшаніцу. Але, падобна, іх чакае новая навала — ваўкі.

Усё часцей і часцей у сродках масавай інфармацыі з’яўляюцца паведамленні пра драпежнікаў, якія рэжуць хатнюю жывёлу. Яно і зразумела. На працягу доўгіх гадоў асноўным кормам ваўкоў быў маладняк дзікоў. Цяпер жа лёгкай здабычы не стала, у дадатак прыйшла восень — час трэніровак падрослых ваўчанят. Вось і накіроўваюцца вывадкі да вёсак, дзе на полі пасвіцца жывёла, каб і паесці, і маладняк папрактыкаваць у паляванні. А для гэтай мэты лепш за ўсё падыходзяць авечкі.

На мінулым тыдні ў рэдакцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Гаўрылаўцы Ганна Ермалёнак, якая паскардзілася, што за апошніх паўтара месяца ваўкі зарэзалі дзвюх яе авечак і казляня.

Жанчына расказала, што пацярпела ад драпежнікаў не толькі яна, а і яшчэ двое суседзяў. Ганна Пятроўна таксама паведаміла, што са сваёй бядой яна звярталася ў аддзел лясной гаспадаркі нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры». Хоць і не з першага разу, але на яе скаргу адрэагавалі, затым паведамілі, што пры аб’ездзе наваколля ні ваўкоў, ні іх слядоў не бачылі, таму, хутчэй за ўсё, нашкодзілі бадзяжныя сабакі.

Толькі з гэтым цяжка згадзіцца. Па-першае, на здымку, зробленым на мабільны тэлефон, бачна, што авечка зарэзана прафесіянальна: у яе перарвана горла. Так могуць толькі ваўкі. Сабакі ж ахвяру ірвуць ззаду. Па-другое, нават здзічэлы сабака сваю здабычу пачынае есці на месцы, ваўкі ж імкнуцца аднесці яе як мага далей ад месца расправы, што і назіралася ва ўсіх выпадках. Таму не можа быць сумнення ў разбоі менавіта ваўкоў.

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома пра нападзенне драпежнікаў на авечак у вёсцы Боханы.
Автор:  "Беларускі партызан"

Дата стварэння навіны 30.10.2017

Возврат к списку