АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Упершыню ў Курапатах прайшла «Ноч расстраляных паэтаў»

Упершыню ў Курапатах прайшла «Ноч расстраляных паэтаў»
30.10.2017
Сотні свечак каля соцень крыжоў, а на самай гары людзі ў рэжыме нон-стоп чыталі вершы і спявалі пад гітару.

Упершыню ў Курапатах прайшла «Ноч расстраляных паэтаў» у памяць пра забітых у 1937 годзе.

Тады ноч з 29 на 30 кастрычніка стала кульмінацыяй расстрэлаў, калі толькі ў Мінску было загублена 102 жыцці, сярод іх міністры і класікі літаратуры, піша НН.

 

Нягледзячы на залеўны дождж, у Курапатах з ініцыятывы Змітра і Насты Дашкевічаў і Эдуарда Пальчыса сабралася каля ста чалавек. Сярод іншых, тут былі літаратары Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч і Уладзімір Някляеў, бізнэсовец Павел Бераговіч, барды Анатоль Івашчанка і Алег Мізула. Дыпламатычны корпус рэпрэзентаваў пасол Польшчы Конрад Паўлік.

 

Ахвотнікі раздавалі дажджавікі і каву. У бочках палілі дровы, каб людзі маглі грэцца.

  За парадкам сачылі некалькі пар міліцыянтаў. На момант напісання гэтага паведамлення ніякіх інцыдэнтаў зафіксавана не было.

 Усяго саветы рэпрэсавалі каля 600 тысяч жыхароў Беларусі. Прыкладна 200 тысяч з іх загінулі.

Былі рэпрэсаваныя практычна ўсе моцныя вясковыя гаспадары, усе міністры і топ-менеджары прадпрыемстваў, большасць акадэмікаў і прафесараў, 90% пісьменнікаў, незалежна ад нацыянальнасці і палітычных перакананняў.

 

Як і гітлераўскі, сталінскі рэжым вынішчаў эліты падкантрольных народаў, каб падавіць іх здольнасць да супраціву. Рэпрэсіі ў Беларусі былі асабліва маштабнымі, бо наша краіна межавала з еўрапейскімі, а значыць, лічылася патэнцыйна здольнай да паўстання і аддзялення.


Спасылка на крыніцу:  НН

Дата стварэння навіны 30.10.2017

Возврат к списку