АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Леў Дашкевіч. Гісторыя ў фатаграфіях майстра

Леў Дашкевіч. Гісторыя ў фатаграфіях майстра
28.10.2017
Да нядаўняга часу гісторыя жыцця Льва Дашкевіча была адной вялікай таямніцай. Пра даследаванне архіваў і збор твораў распавёў унук фотамастака – Леў Дашкевіч-малодшы.

Учора ў Нацыянальным гістарычным музеі была прэзентавана кніга-альбом Льва Дашкевіча – выбітнага фотамастака, чыё імя ледзьве не загубілася на старонках гісторыі.

У зборнік “Леў Дашкевіч. Фатаграфіі” увайшлі асноўныя працы мастака з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея РБ і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, паведамляе nv-online.info Прэзентацыя фотаальбома адбылася ў залі гістарычнага музея, дзе праходзіць выстава, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Льва Дашкевіча і Янкі Купалы.

 

 Аказалася, што знайсці інфармацыю пра Льва Дашкевіча ў архівах было не так проста. Леў Дашкевіч-малодшы кажа, што не была вядома нават дата смерці фатографа: “Вядома было, што снежань – 57-ы год. Але дзякуючы архівісту Уладзіміру Дзянісаву, мы зараз маем дакладную дату смерці – 4 снежня 1957 года”.

 

“Вядома, што ён жыў у Мінску да рэвалюцыі. Я быў упэўнены, што Дашкевічы – вядомы род, а значыць – маюцца нейкія асобныя дваранскія справы пра іх. А апынулася, што не. Дашкевічаў шмат, і нашых у гэтых справах няма. Як высветлілася, яны прыбылі на Міншчыну з Віцебскай губерніі. Першы, хто тут з’явіўся – гэта быў дзед нашага Льва, Клеафас Антонавіч Дашкевіч. Менавіта ён набыў ці арэндаваў пад Мінскам маёнтак Ратамка. Ён тут першы і асеў, калі ўжо быў пенсіянерам. А пасля яго сыны, унукі атрымалі добрую адукацыю ў Мінску і займалі даволі значныя чыноўніцкія пасады. Болей таго, мы высветлілі, што ў нас маюцца дакументы на маёмасць Дашкевічаў. А дакладней, Урбана Клеафасавіча Дашкевіча – бацькі Льва Дашкевіча. Цікава, што дом тады быў на маці запісаны. Відаць ужо тады нейкім чынам чыноўнікі падстрахоўваліся”.

 

Гэтыя дакументы на дом настолькі дакладныя, што маецца падрабязная схема планіроўкі, якую Дашкевіч-унук і паказаў гасцям прэзентацыі. Усё пазначана дакладна, з замерамі і апісаннем матэрыялаў, што з чаго было зроблена.

 

Леў Дашкевіч-малодшы кажа, што наконт адукацыі пакуль вядома толькі тое, што Леў Урбанавіч сканчаў мінскую гімназію, і спадзяецца, што хутка з’явяцца новыя звесткі пра гэта.

   

Леў Урбанавіч Дашкевіч – беларускі фотамастак, навуковец, публіцыст, выкладчык і наватар. Нарадзіўся ў 1882 годзе ў Мінску. Леў Дашкевіч стаў адным з першых выкладчыкаў мастацкай фатаграфіі ў беларускіх ВНУ. З’яўляецца пачынальнікам піктарыяльнай фатаграфіі – плыні ў еўрапейскай і амерыканскай фатаграфіі, якая набліжае выяву да жывапісу і графікі. Апроч фота, навуковец займаўся даследваннямі ў вобласці рэнтгенаграфіі, і ў выніку распрацаваў новую методыку паскарэння загойвання ран.

 

Прэзентаванае выданне – вынік працы каманды “Месяц фатаграфіі ў Мінску”, у якое ўвайшлі ўсе асноўныя творы фотамастака. А спадчына ў Льва Дашкевіча вялікая – перыяд яго працаў закранае 40 год (1912-1952). Наклад фотаальбома зусім невялікі – усяго 299 экземпляраў.



Дата стварэння навіны 28.10.2017

Возврат к списку

cashback