АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

“У войску сына білі штодня. І ў выніку забілі за тое, што не падаў пласкагубцы”

“У войску сына білі штодня. І ў выніку забілі за тое, што не падаў пласкагубцы”
28.10.2017
Яшчэ адна трагічная гісторыя пра тэрміновую службу салдат у Беларусі.

Фота: zubr-belarus.com

У красавіку 2008 года ў вайсковай часці 30151-Ю пад Заслаўем загінуў салдат тэрміновай службы Валерый Шкут. Разам з целам сына маці атрымала даведку, дзе было напісана: "Раптоўная смерць без вядомых прычын". Пазней вайскоўцы паведамілі ёй, што Валерый выйшаў папаліць і страціў прытомнасць. Экспертыза паказала, што ў хлопца адарваўся тромб, паведамляе Еўрарадыё. Але сваякі не паверылі, што Валерый памёр сваёй смерцю, бо ён ніколі сур’ёзна не хварэў і не ляжаў у бальніцах.

 

“Калі мы адкрылі труну, то ўбачылі, што ў яго адна нага вельмі распухла, і мужчынскі орган таксама”, — падзялілася маці хлопца Тамара Шкут.

Вайскоўцы прыспешвалі пахаванне. Таму ў сваякоў проста не было часу пераварыць усе падазрэнні і адэкватна адрэагаваць. Але праз некаторы час маці ўсё ж накіравала запыт у Генеральную пракуратуру з патрабаваннем дазволіць эксгумацыю цела Валерыя і правесці паўторную, незалежную экспертызу.

“Генеральная пракуратура дала нам дазвол і перадала гэта ў ваенную пракуратуру, — узгадвае Тамара Шкут. — З ваеннай пракуратуры нам патэлефанавалі і прызначылі дзень эксгумацыі. У гэты дзень прыехалі ўсе ваенныя, толькі эксперт быў ужо не ваенны, а галоўны эксперт з Мінска. А таксама яшчэ былі два прадстаўнікі Лукашэнкі. Я спыталася, дзе будуць праводзіць паўторнае ўскрыццё, мне сказалі, што ў нашай Лунінецкай раённай бальніцы. А галоўны ўрач гэтай бальніцы мой сябра, і ён даў свайго эксперта, каб той сачыў за ўсім працэсам. У выніку нам паведамілі, што Валеру забілі. Што ў яго кровазліццё ў сэрца”.

 

Жанчына дадае, што ім вельмі пашанцавала са следчым. Той адразу вельмі сур’ёзна ўзяўся за справу і высветліў банальную прычыну, якая прывяла да забойства.

 

“Адзін салдат рамантаваў машыну, а Валера ішоў побач. І той сказаў яму падаць пласкагубцы, а Валера адказаў, што калі будзе вяртацца, тады падасць, — распавядае вынікі паўторнага следства маці забітага салдата. — Яго зачапіла, што Валера не падаў пласкагубцы ў той жа момант. Ён распавёў пра гэта яшчэ аднаму салдату, які выклікаў Валеру на склад і пачаў біць. Два разы ўдарыў сына ў грудзі, на трэці ўдар Валера пахіснуўся, але той ударыў яго яшчэ і чацвёрты раз. У сына ўжо пайшла з рота пена, але той дабіў яго пятым ударам. Тады яны спужаліся, што забілі Валеру, і пачалі яго цягаць па ўсёй казарме. У выніку выцягнулі на курылку і сказалі, што ён курыў і ўпаў”.

У выніку былі пакараныя 8 салдат тэрміновай службы, якія да суда ўжо паспелі дэмабілізавацца. Ніводнага кіраўніка часткі ці афіцэра ў справе не фігуравала. Нават на суд прадстаўнік часткі з’явіўся толькі аднойчы, на адно з апошніх пасяджэнняў. Па словах Тамары Шкут, саслужыўцы сына пазней прызналіся ёй, што распавядаць гісторыю з курылкай ім загадалі.

 

“Таму, які забіў, далі восем з паловай гадоў. А таму, які прасіў пласкагубцы, свяціла адзінаццаць гадоў, але артыкул “падбухторванне” з яго знялі. Не змаглі даказаць у судзе, бо яго пачалі ўжо самі салдаты выгароджваць, ды і адвакат у яго быў вельмі добры, і бацька нібы працаваў начальнікам міліцыі. Карацей, далі яму ў выніку толькі тры з паловай гады калоніі. А іншым хлопцам далі год-два вольнага пасялення. Карацей, пасадзілі дзяцей. Калі б тады пасадзілі кіраўніцтва, можа, не было б больш такіх выпадкаў, і з Аляксандрам Коржычам гэтага б не здарылася. А атрымалася, што адказалі за смерць Валерыя толькі дзеці”.

Па словах Тамары Шкут, за дзесяць месяцаў службы Валера ніколі не скардзіўся на дзедаўшчыну. Але аднойчы, калі да яго ў госці прыехалі сваякі, яны заўважылі, што ў хлопца распухла рука. Ён не прызнаўся, чаму. Распавесці ўсю праўду пра войска ён паабяцаў у адпачынку, калі яго адпусцяць дамоў на некалькі дзён.

“Ужо пасля мне распавядалі яго саслужыўцы, як іх штодзень білі, як нейкага кракадзіла сушылі, — узгадвае маці Валерыя. — Проста жах, якія здзекі перажывалі нашы дзеці. Куды глядзела кіраўніцтва… Ды каб я ведала, што такое з маім дзіцём адбываецца, я б туды сама паехала і забрала б яго. І дасылалі яму ўсё што трэба было, і халву па 20-30 пачкаў дасылалі, і грошы дасылала, і сала з мясам дасылала, і грошы клала не на яго тэлефоны… І вось, забілі за тое, што не падаў пласкагубцы”.

 

Гісторыя Валерыя Шкута падобная на трагічны выпадак, які адбыўся 2 верасня 2017 года ў воінскай частцы 48684 у горадзе Бяроза. Там на баявым дзяжурстве загінуў салдат тэрміновай службы Генадзь Сарокін. Афіцыйная прычына смерці — тромб, але сваякі хлопца ў гэта не вераць і патрабуюць правесці паўторную праверку.

Дарэчы, днямі ў размове з Еўрарадыё старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў, што запатрабаваў усе матэрыялы па ўсіх смерцях і нанясеннях цялесных пашкоджанняў у войску за апошнія 6 гадоў.


Дата стварэння навіны 28.10.2017

Возврат к списку