АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Уладзімір Някляеў: судзіць мяне будуць за заклік да ўдзелу ў акцыі

Уладзімір Някляеў: судзіць мяне будуць за заклік да ўдзелу ў акцыі
25.10.2017
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў атрымаў запрашэнне наведаць Ленінскі РУУС Мінска, каб азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, якая заведзена супраць яго.

Пра тое, што стала прычынай павышанай ціквасці з боку праваахоўнікаў да Някляева, палітык распавядае сайту “Народнай Волі”.

 

– Пра тое, што супраць мяне распачата чарговая адміністрацыйная справа, я даведаўся з тэлефоннага званка, – распавядае Уладзімір Пракопавіч. – Тэлефанавалі з Ленінскага РУУС, запрашалі прыехаць да іх, каб “азнаёміцца з матэрыяламі справы”. Я акуратна пацікавіўся, што ж за справа такая. Аказалася, складзены на мяне пратакол датычыцца не санкцыянаванай гарадскімі ўладамі акцыі, якая прайшла ў Мінску 21 кастрычніка. Але я ў той дзень быў зусім у іншым месцы і ў названай праваахоўнікамі акцыі не ўдзельнічаў.

 

– За што ж тады складзены пратакол?

 

– Вось тут пачынаецца самае цікавае: паколькі ў міліцыі ведаюць, што я не ўдзельнічаў у той акцыі, судзіць мяне будуць за заклік да ўдзелу ў ёй. Гэта, шчыра кажучы, нешта новае ў міліцэйскай практыцы. Калі раней міліцыянеры стараліся хоць неяк “падагнаць пад рэчаіснасць” сам факт адміністрацынага пераследу, то зараз нават гэтым не замарочваюцца. У якасці галоўнага “доказу” па справе фігуруе мой пост у сацыяльнай сетцы “Фэйсбук”, у якім я быццам бы заклікаў людзей да ўдзелу ў “Маршы абураных беларусаў”. Але ніякага прамога закліку, дзе я прасіў бы людзей прыйсці і ўзяць удзел у мерапрыемстве, папросту няма. Той допіс настаўлення да канкрэтных дзеянняў не ўтрымлівае.

 

– Вы паедзеце знаёміцца з матэрыяламі справы?

 

– Не, няхай пішуць, што хочуць. Я іх казкі чытаць не збіраюся. Таму што самога факта, на якім грунтуецца абвінавачанне, проста няма.

 

– Як мяркуце, з чым звязана такая актыўнасць праваахоўнікаў?

 

– Яны ж не самі гэта выдумляюць. Яны дзейнічаюць па загадзе. У гэтым выпадку па загадзе тых сіл, якія другі год запар спрабуюць нармалізаваць адносіны Беларусі з Захадам. Афіцыйнаму Мінску вельмі патрэбны грошы, крэдыты, займы… А для таго, каб гэтыя грошы атрымаць, трэба пусціць пыл у вочы заходнікам: маўляў, у нас тут усё добра, ціха і спакойна – незадаволенных няма. Але насамрэч незадаволенныя, тыя, хто гатовы прама ў вочы казаць, што праблемы ў Беларусі ёсць, існуюць. Няхай іх не так шмат, няхай пратэстныя акцыі нешматлікія, але такім жыццём не задаволены многія. І таму праваахоўныя органы ўзялі на ўзбраенне новую тактыку: кропкава цкаваць найбольш ініцыятыўных людзей. Выпадак, які зараз адбываецца ў Кобрыне з Алесем Мехам, яскравае таму сведчанне. Паводле іх задумкі, калі цкаваць найбольш актыўных, думаючых, нязгодных, то і пратэст сыдзе на нуль.

 

– Як думаеце, чым для вас скончыцца гэтая справа?

 

– Яўна ж не апраўданнем. Думаю, што ініцыятары гэтай гнюснай справы маюць на мэце пасадзіць мяне на суткі. А суткі ж, ведаеце, здароўя не дадаюць. Здаецца, чалавек адседзеў 10 ці 15 сутак – што тут такога? А калі гэтыя суткі складваюцца ў гады і месяцы? Прыемнага мала…


Дата стварэння навіны 25.10.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку