АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

За што далі Букера-2017 Джорджу Сондэрсу

За што далі Букера-2017 Джорджу Сондэрсу
24.10.2017
У згаданым інтэрвію Бі-Бі-Сі Сондэрс сказаў, што выкладае ў Сыракюскім унівэрсітэце і заўсёды кажа студэнтам, што «цікава і насычана пражытае жыцьцё само па сабе з'яўляецца выдатным матэрыялам для кнігі».

Мяркаванне Сяргея Астраўцова. У кастрычніку ў мяне былі дзве прыемныя нечаканасці. Чытацкія. Даюць Нобелеўскую прэмію па літаратуры Кадзуа Ісігуры, і многія ў збянтэжанасці: а хто гэта? Я, аднак, знаёмы з ягонай творчасцю. Цяпер Букераўскую прэмію атрымаў Джордж Сондэрс (George Saunders). Нібыта імя не на слыху. У нашых мясцінах. І знянацку ўсведамляю, што чытаў яго і бяру з паліцы кніжку. Пад вокладкай два зборнікі апавяданняў амэрыканскага празаіка, паведамляе Свабода 

 

А Букера яму далі за раман, за першы. Выйшаў сёлета. «Лінкальн у бардо». Назва дзіўная. Аб чым ён? Калі адразу, дык — пра прэзыдэнта Абрагама Лінкальна. Постаць вядомая, постаць паважаная за ягоную ролю ў гісторыі. Аднак, што ў зьмесьце? Прэзыдэнт прыходзіць на магілу сына ўначы. 1862 год. «Ён урываецца ў склеп і бярэ нежывое цела сына на рукі. Гэтая падзея, дарэчы, пацьвярджаецца гістарычнымі дадзенымі», сказаў аўтар у інтэрвію Бі-Бі-Сі пасьля ўзнагароджаньня. Як удакладняе The Guardian, гэта адбылося на могілках у Вашынгтоне. Памерламу сыну прэзыдэнта было толькі адзінаццаць год.

 

У нявызначаным стане пад назваю «бардо», у які трапляюць душы памерлых, зь імі пры вялікім жаданьні можна пагутарыць і даведацца аб іхніх гісторыях, ва ўсякім разе, пачуць іх, прыслухацца да нараканьняў. Памерлы, ці ягоная душа, трапляе ў гэтае «бардо» на шляху да пераўвасабленьня. Згодна з адной галінай будызму, тыбэцкай. Такім чынам, «бардо» — прамежкавы стан паміж жыцьцём і сьмерцю.

 

Для мяне асабіста, як для чалавека эўрапейскага, усходнія рэлігіі — рэч далёкая, экзатычная і, калі шчыра, не цікавая. І першая мая рэакцыя: ў Англіі далі прэмію за раман — у якім амэрыканскі прэзыдэнт, мякка кажучы, у досыць нетрадыцыйным становішчы — магчыма, зь нейкім намерам. Але кніга Сондэрса, нагадваю я сабе, была перш адзначана менавіта ў Злучаных Штатах, таму, выходзіць, яе і ангельцы заўважылі.

 

Наступны мой крок: а калі ўявіць, што падобны прыём ужыты, скажам, адносна вядомай асобы зь Беларусі — якой можа быць мая рэакцыя? Я абражуся, мне будзе непрыемна? Адмоўлюся чытаць? Немагчыма дакладна сказаць, пакуль такога раману няма. Аднак як літаратар, я мушу прызнаць цікавым прыём, выкарыстаны Джорджам Сондэрсам. Мноства галасоў нябожчыкаў, страчаныя жыцьці, урыўкі з газэтных тэкстаў, лістоў, дзёньнікаў — усё гэта можа быць даволі цікава, трэба прызнаць. Нездарма ж, зьмест характарызуюць як унікальны і экстраардынарны.

 

І яшчэ адно маё пытаньне да сябе: каб замест Лінкальна Сондэрс узяў чалавека прыдуманага, чытачам было б аднолькава цікава? І літаратурным крытыкам? Калі тое ж самае, але безь вядомай гістарычнай асобы? Напэўна: калі сама па сабе кніга добрая, то яна б зацікавіла таксама. Але знакамітае прозьвішча ў загалоўку, якое вабіць, забясьпечыла раману дадатковую ўвагу. Прадуманы камэрцыйны крок… Сам прэзыдэнт меў трапіць у славутае «бардо» праз тры гады, калі загінуў ад кулі забойцы. Калі, канечне, даваць веры будызму.

 

Джордж Сондэрс — інжынэр-геафізык. Але яго вабіла літаратура. Пісаць пачаў даволі рана. У рэалістычным ключы. Маючы ў галаве за прыклад прозу Гэмінгуэя. Аднак аднойчы вырашыў для сябе, што трэба пісаць сьмешна, трэба пісаць незвычайна. І стаў вядомым.

 

Вось цытата з вокладкі кнігі ягоных апавяданняў: «Сёньня ў краіне нарэшце выбары. І чым бы яны не закончыліся, нельга траціць дух. Што б ні здарылася, мы нібы ў Хрыста за пазухай. Слушна, крыжы нашы цяжка цягаць, але харчаваньне тры разы на дзень, драбязы атрымаеш, а ў дадатак ніхто не перашкаджае нам часаць языкамі ў надзейных сьценах барака, за які мы нічагусенькі ня плацім». Прачытаеш такое і задумаесься: пра каго гэта?

 

У двух зборніках апавяданняў Сондэрса асноўны твор прысвечаны таму, што ўмоўна можна назваць «паркам атракцыёнаў» альбо, хутчэй, запаведнікам. У першым выпадку, у «Пастараліях», на кавалку тэрыторыі гледачам даецца магчымасьць паназіраць, як жылі першабытныя людзі. Апавядальнік жыве ў пячоры. З напарніцай яны робяць выгляд для экскурсантаў, што ловяць жучкоў для ежы, смажаць казу на вогнішчы. Размаўляюць гукамі, мовай карыстацца нельга. Ніякай ангельскай!

 

У чалавека дома сям’я, вельмі хворы сын, трэба іх забяспечваць. У напарніцы сямейных праблемаў яшчэ больш. Але калі яму няцяжка выконваць свае абавязкі згодна з інструкцыяй, то напарніца — чалавек менш дысцыплінаваны, які ўпадае ў журбу. Адміністрацыя прагне эканоміць, лічба экскурсантаў падае, значыць — скарачэнні. У жыхара пячоры патрабуюць, каб ён паведамляў пра напарніцу сумленна — у чым яна не выконвае свае абавязкі. Яму ня хочацца, каб яе звольнілі, але заканчваецца гэтым.

 

У другім выпадку, у «Зямлі Грамадзянскай вайны ў стане заняпаду» (так называўся першы зборнік апавяданьняў, які выйшаў у 1996 годзе) мова пра іншы «гістарычны запаведнік» — часоў засваеньня тэрыторый і ўмацаваньня Злучаных Штатаў.

 

Гэтыя творы ў пэўным сэнсе адлюстроўваюць амэрыканскі лад жыцьця, масавую культуру. Мільённыя гарады. Натоўпы, як заўсёды, прагнуць хлеба і відовішчаў, ім хочацца пастаянна масавых забаваў. «Дыснэйлэнд», тэлевізійныя ток-шоў — гэта ўсё прыдуманае і раскручанае ў Штатах для натоўпаў. Той, хто працягвае любіць літаратуру, для яго моцна распаўсюджаныя масавыя захапленні — чужое. Чытаць раман — забава індывідуальная, скажам так.

 

Уважлівы крытык сказаў бы, што Джордж Сондэрс звычайна паказвае людзей незаможных у складанай для іх сытуацыі. Калі грошай не хапае, а ўвесь час пагражае скарачэньне. У іншым апавяданьні, «Дуб ля мора», выступае сям’я, у якой па сутнасьці няма сталых заробкаў. Раптоўна памірае цётка Бэрні. Напярэдадні яна гаварыла: «Ведаеце, што я раблю, калі здараецца што-небудзь дрэннае? Я папросту аб гэтым ня думаю. Не прымаю ўсур’ёз. Бо да канца сьвету яшчэ далёка. Я заўсёды такой была, таму ў мяне ўсё добра».


Аднак гэта толькі словы. Жыцьцё насамрэч не ўдалося. Грошай няма, але яе сяк-так хаваюць. І раптам — магіла раскапаная, а сама яна апынаецца ў фатэлі дома. І пачынае камандаваць, як нарэшце па-сапраўднаму наладзіць жыцьцё, зарабіць і пераехаць у лепшае месца. Аднак запозна: яна развальваецца на кавалкі.

 

Я б назваў для сябе такую прозу ня проста абсурдысцкай, а — знарочыстай. Такая літаратура мне ня блізкая. Хаця першы з працытаваных урыўкаў сапраўды цікавы. Але, дапусьцім, наступны не выклікае ў мяне жаданьня працягаць чытаць, гэта пачатак апавяданьня «Буйны начальнік»: «Апоўдні прыбывае чарговы груз янотаў, Клёд адцягвае іх на задворкі нашай канторы і ўчыняе пакараньне смерцю, працуючы манціроўкай. Потым, нацягнуўшы пальчаткі, спраўджвае, ці застаўся хто жывы…»


Аднак буйны пісьменьнік — гэта заўсёды цікава. У згаданым інтэрвію Бі-Бі-Сі Сондэрс сказаў, што выкладае ў Сыракюскім унівэрсытэце і заўсёды кажа студэнтам, што «цікава і насычана пражытае жыцьцё само па сабе зьяўляецца выдатным матэрыялам для кнігі», і дадае: «Зусім неабавязкова пачынаць пісаць у 22 гады. Наадварот, калі вам 80, то, верагодна, вы ўжо чагосьці дасягнулі і вам ёсьць што распавесьці».

 

Сам ён чакаць ня стаў, Джорджу Сондэрсу 58 год.

 

Ляўрэату Букераўскай прэміі выдаюць пяцьдзесят тысяч фунтаў. «Лінкальн у бардо» ў Англіі добра прадаецца.

Дата стварэння навіны 24.10.2017

Возврат к списку