АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Дзе і як у Мінску пратэставаць эфэктыўна згодна з онлайн-мапай пратэстаў

Дзе і як у Мінску пратэставаць эфэктыўна згодна з онлайн-мапай пратэстаў
24.10.2017
Зьявіўся новы сайт —​ Goodcity.by, які дапамагае арыентавацца ў Мінcку адпаведна з індывідуальнымі інтарэсамі.

 Аб’екты на мапе разьбітыя па катэгорыях. Сярод чаканых пунктаў, такіх як «Ежа», «Гандлёвыя цэнтры» ці «Турыстычная», ёсьць і опцыя «Пратэсты».​

 

«Агулам на сайце каля 100 месцаў, дзе ад 2014 году зафіксаваныя акцыі пратэстаў», — кажа Свабодзе Зміцер Гаўрусік, які разам з архітэктарам Змітром Задорыным займаецца сайтам.



Скрын-шот мапы пратэстаў з сайту Goodcity.by

На мапе пазначаныя традыцыйныя для пратэстаў у цэнтры сталіцы месцы кшталту плошчаў Незалежнасьці, Кастрычніцкай і Якуба Коласа.

 

Адзначаныя і месцы, дзе пратэсты ўзьнікалі сытуацыйна: кшталту абароны прыватных дамоў ад зносу ці дрэваў ад высяканьня.

Дарэчы, зусім нядаўна зьявіўся праект зьменаў у закон «Аб масавых мерапрыемствах». Калі зьмены прымуць, то пратэставаць можна будзе не пасьля атрыманьня дазволу, а проста папярэдзіўшы мясцовую ўладу. Але толькі ў вызначаных уладамі месцах для пратэстаў.

 

5 парадаў ад кіраўніка «Свабоднага тэатру»

Свабода пагартала мапу месцаў пратэстаў ад Goodcity.by і зьвярнулася да Мікалая Халезіна, кіраўніка «Свабоднага тэатру», драматурга і актора, які мае вялікі досьвед арганізацыі палітычных акцый у Мінску.

Галоўнае пытаньне да спэцыяліста — дзе ў Менску акцыя пратэсту будзе больш эфэктыўная?

1. Структура гораду

— Мае сэрбскія знаёмыя з «Отпора» (ініцыятыва негвалтоўнага супраціву рэжыму Слабадана Мілошавіча ў Сэрбіі ў 1990-я. — РС), калі пабывалі ў Менску, сказалі: «Вам проста не пашанцавала з горадам. У вас акцыя на 30 000 удзельнікаў выглядае на тры тысячы, а ў нас 30 000 чалавек глядзяцца як трыста тысяч. У Менску ў асноўным шырокія праспэкты і плошчы. За выключэньнем хіба пляцоўкі побач з Ратушай, дзе пару тысяч чалавек могуць выглядаць досыць прэзэнтатыўна.

2. Ня колькасць, а якасць

— У Мінску ня важна, дзе збірацца — у цэнтры ці на ўскрайку. Мы ў 1997 годзе з калегамі-журналістамі ладзілі акцыю-пэрформанс у падтрымку затрыманых тады Паўла Шарамета і Зьмітра Завадзкага. Ішлі па вуліцы Арлоўскай на плошчу Бангалор. Але падышлі крэатыўна, апрануліся ў турэмныя робы, пасля паэт Славамір Адамовіч зашыў сабе рот. І гэтыя здымкі абышлі ўвесь свет.


Сёлета абаронцы Курапатаў прыцягнулі да сябе вялікую ўвагу і дамагліся сваёй мэты.

 

3. Драматургія і дакладна сфармуляваная тэма

— Важна ня столькі сабраць людзей, колькі дакладна ведаць, чаго хочаш дамагчыся. Тэма павінна быць дакладна сфармуляваная. І трэба рабіць паказ, прадстаўленьне. Мы даўно жывем у інфармацыйную эпоху, і «карцінка» вельмі важная.

 

Людзі апошнія гады ня ходзяць на палітычныя акцыі ня толькі таму, што стаміліся. А таму, што наперад ведаюць, што будзе: пастаялі, пахадзілі, паслухалі тыя самыя словы тых самых прамоўцаў, што і дзесяць, і нават болей гадоў таму.

У Лёндане адзін чалавек прыдумаў пэрформанс для акцыі пратэсту — Чалавек-Агурок. Надзяваеш касьцюм агурка, які з усіх бакоў напханы паралёнам. І прарываесься праз паліцыю. Цябе лупяць дубінкамі, а ты не адчуваеш. Усім весела, усе перастаюць баяцца.

На сур’ёзнай акцыі павінна быць весела. Драматургія жыцьця — сутык сьмешнага і смутнага.

 

4. Хто ёсць хто на акцыі пратэсту

— Палітыкі — гэта акторы, удзельнікі — аўдыторыя, арганізатары — рэжысэры.

 

У Беларусі звычайна прамоўца адначасова і арганізатар. Немагчыма якасна выконваць дзьве розныя функцыі. Гэта дзьве адрозныя адна ад другой работы.

 

5. Разумець кантэкст

У 1998 годзе мы з сябрамі ладзілі Марш Свабоды. Прыйшло 30 000 чалавек. Навошта? Супраць таго, што зусім нядаўна адзін чалавек узурпаваў уладу (канстытуцыйны пераварот 24 лістапада 1996 году. — РС). Тады падавалася, што можна ўзьняць усю Беларусь. Атрымалася інакш. Сёньня можна і трэба рабіць больш лякальныя і больш рэальныя пратэсты.

Цяпер інфармацыйнае поле ў Беларусі ўскалыхнула забойства ці давядзенне да самагубства Аляксандра Коржыча ў Печах. Важна вельмі выразна сфармуляваць патрабаваньне да ўладаў, а прасоўваць іх можа невялікімі групамі, але часта. І не абавязкова празь пікеты. Гэта можа быць пэрформанс. Развіцьцё інтэрнэту ў Беларусі дазваляе людзям аб’ядноўвацца па канкрэтных пытаннях.

Спасылка на крыніцу:  Goodcity.by

Дата стварэння навіны 24.10.2017

Возврат к списку