АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У Горадні прэзентавалі даведнік па крэпасцях-фартах

У Горадні прэзентавалі даведнік па крэпасцях-фартах
24.10.2017
Гарадзенскія гісторыкі Дзмітрый Люцік і Аляксандр Семянчук прапануюць нетыповую турыстычную вандроўку па бетонных вайсковых фартах, якія засталіся з часоў Першай сусветнай.

Сістэму вайсковых умацаванняў планавалі пабудаваць яшчэ ў сярэдзіне ХІХ ст. у часы Расейскай імперыі. Задуму ўдалося выканаць у 1880-х гг., калі за горадам паўсталі першыя земляныя ўмацаванні, якія ў будучыні далі назву аднаму з мікрараёнаў Горадні – Фарты.

 

У пачатку ХХ ст. у вайсковага кіраўніцтва з’явіліся грандыёзныя планы па перабудове ўмацаванняў. Цягам 10-ці гадоў вайсковае кіраўніцтва абмяркоўвала і планавала стварэнне з гораду форпост імперыі. У выніку ў 1912-м годзе Мікалаем ІІ было вырашана ўзвесці сучасную Гарадзенскую крэпасць, якая аказалася адным з апошніх маштабных праектаў Расейскай Імперыі, перадае Белсат.

 

Першая сусветная вайна не дазволіла аднак дабудаваць і скончыць крэпасць. Некалькі фартоў паспелі паўдзельнічаць у баях на расейска-нямецкім фронце.


Аляксандр Семянчук (злева) і Дзмітрый Люцік (справа)

Далей некаторыя працы па перабудове праводзілі кайзераўскія войскі. У 1920-х крэпасць паслужыла палякам у вайне з бальшавікамі. А да 1930-га года ўмацаванні ўвогуле перасталі быць запатрабаванымі. Фарты састарэлі, а Горадня страціла свой статус горада-крэпасці.

Цягам некалькіх дзясяткаў гадоў умацаванні зарасталі хмызнякамі і лесам, або пераўтвараліся ў звалку смецця. І толькі ў апошні час, калі ўзрасла цікавасць да гісторыі Першай сусветнай вайны, гарадзенскія фарты ўзнавілі свой статус сведкаў гісторыі, былі ачышчаныя і зараз з’яўляюцца цікавым пунктам турыстычнага шляху вакол Горадні.

Шляхам фартыфікацыі

 

Каб было прасцей зладзіць такую вандроўку, гісторыкі Дзмітрый Люцік і Аляксандр Семянчук стварылі яскравы ілюстраваны даведнік, дзе заклікаюць чытачоў, нацягнуць красоўкі, узяць добры ліхтарык і адправіцца ў падарожжа па фартах, бункерах, шахтах і падвалах часоў Першай сусветнай.

Крэпасць Горадня павінна была складацца з 13 фартоў, аднак у кнігу патрапілі пяць самых вядомых і найлепш захаваных. Усе яны будаваліся ў 10-15 кіламетрах ад гарадской мяжы. Кожны з іх мае сваю асобную гісторыю.

 

Заліты крывёй

 

Сведкам самых трагічных падзей стаў форт № ІІ, які ў горадзе называюць «Навумавіцкі форт». На краю ірву і крапасной дарогі гэтага форту немцы расстрэльвалі савецкіх ваеннапалонных. Цягам 1942-1943 гг. тут правялі некалькі масавых смяротных пакаранняў.

У кастрычніку 1942-га года пасля забойства польскімі партызанамі нямецкага афіцэра, вайскоўцы ўзялі ў палон 100 жыхароў гораду. Пасля шматлікіх зваротаў ад родных і блізкіх у закладніках пакінулі 25 асобаў. На форце № ІІ усіх іх пакаралі смерцю.


Сярод іх аказаліся адныя з самых адукаваных і лепшых гарадзенцаў таго часу. Біёлаг і стваральнік гарадзенскага заапарку Ян Каханоўскі, віцэ-прэзідэнт Горадні Раман Савіцкі, суддзі Вінцэнт Гедройц, Эдвард Шокальскі, натарыус Мечыслаў Завадскі, лекары Ілля Жураўскі і Казімір Казакевіч, настаўнік матэматыкі Юзаф Мрачкоўскі, выкладчык гімнастыкі Зыгмунт Мразоўскі, настаўнік Юзаф Ванатоўскі, апошні ўладальнік тытунёвай фабрыкі Ян Шыманскі, інжынеры Уладзімір Бёске і Мечыслаў Альбрэхт і інш.


У лік забітых Ян Каханоўскі не патрапіў і атрымаў магчымасць быць на волі. Аднак ён вырашыў застацца і пайсці на смерць замест дырэктара школы і бацькі шматдзетнай сям’і Юзафа Вевюрскага. 20 кастрычніка ўсіх расстралялі. У 1943-м годзе на форце расстралялі жыхароў гораду Ліпск, які зараз знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Сярод іх была Марыяна Бернацкая, якая добраахвотна вызвалася ў лічбу асуджаных замест сваёй цяжарнай нявесткі. 13 ліпеня 1999 года Папа Рымскі Ян Павал ІІ абвесціў яе блажэннай у ліку 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны.


Ёсць інфармацыя, што на форце расстрэльвалі габрэяў з гарадзенскага гета. Летам 1944 года немцы палілі эксгумаваныя трупы, спрабуючы сцерці сляды сваіх злачынстваў. Па прыблізных дадзеных агулам на форце было пакарана каля 3-х тыс. чалавек.

 

Кожны з фартоў, апісаны ў кнізе хавае пад сабой гісторыі сотняў людзей, кожная з якіх непаўторная. Даведнік гісторыкаў Дзмітрыя Люціка і Аляксандра Смалянчука атрымаў назву «Скрозь пажары сусветных войнаў». Гэта выдатная кніга, што адкрывае гісторыю гораду і частку гісторыі Беларусі праз прызму вайсковых умацаванняў, якія дагэтуль уражваюць сваймі маштабамі і загадкавасцю. Будучы ў Горадні з жаданнем зладзіць сабе нетыповую экскурсію, варта ўзяць у рукі даведнік, ровар або аўта і накіравацца даследаваць фарты забытай Гарадзенскай крэпасці.


Дата стварэння навіны 24.10.2017

Возврат к списку