АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Справа Шарамета: Ёсць якаснае відэа падазраванай жанчыны, якое нідзе не публікуюць

Справа Шарамета: Ёсць якаснае відэа падазраванай жанчыны, якое нідзе не публікуюць
22.10.2017
Даклад пра забойства Шарамета прадставілі ў Мінску
Нацыянальная паліцыя Ўкраіны адмаўляецца публікаваць якаснае відэа жанчыны, якую падазраюць у забойстве Паўла Шарамета.

Украіна шукае толькі след Масквы.  Пра гэта даведаўся журналіст Свабоды ва Ўкраіне Крыстафэр Мюлер. Ён падрыхтаваў даклад пра расследаваньне забойства Паўла Шарамета. Пра магчымы беларускі след і імкненне ўкраінскіх уладаў даказаць датычнасць да Масквы ён распавёў 20 кастрычніка падчас прэзэнтацыі свайго дакладу ў Прэс-клубе ў Мінску.

Хто такі Крыстафэр Мюлер і чаму ён напісаў даклад пра расследаванне

Амэрыканскі журналіст Крыстафэр Мюлер працуе ва Ўкраіне з 2010 году. Ён быў знаёмы з Паўлам Шараметам ад часоў Майдану, які пачаўся ў 2013 годзе.

 

«Гэта была не ідэальная сустрэча, — сказаў Мюлер. — Ён гутарыў з маладым чалавекам, у якога была траўма галавы, твар быў у крыві. І сытуацыя была вельмі напружанай пасля жорсткіх сутыкненняў уначы».

Крыстафэр Мюлер, Фота Алы Шарковай, Прэс-клуб Беларусь

Апошні раз ён сустрэў Шарамета за шэсць тыдняў да забойства — на прэсавай канфэрэнцыі ў адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны. Гэта быў той час, калі ва Ўкраіне пачалі пагаршацца ўмовы для працы журналістаў.

«Мелі месца застрашэнні, напады, — сказаў Мюлер. — Усё гэта вылілася ў забойства Паўла».

Украінскія ўлады і асабіста Пятро Парашэнка абяцалі хутка раскрыць злачынства. Але прайшло паўгады, а ў расследаванні не было прагрэсу. Тады да Крыстафэра Мюлера зьвярнуўся Камітэт па абароне журналістаў (CPJ, Committee to Protect Journalists), каб ён правёў уласнае расьсьледаваньне. Пры гэтым арганізацыя ня зьбіралася раскрыць злачынства ці знайсьці людзей, што забілі Шарамета. Мюлер атрымаў заданьне падрыхтаваць даклад пра тое, як праходзіць украінскае сьедзтва.


Мюлер разглядаў беларускі, расійскі і ўкраінскі след у справе забойства Шарамета. Цягам трох з паловай месяцаў ён сустракаўся са сваякамі і сябрамі Паўла, накіроўваў запыты ў дзяржаўныя органы, якія вялі расследаванне забойства.

 

«Беручы да ўвагі ўсе намаганьні, якія яны рабілі, і нават удзел ФБР, я не разумеў, чаму праз некалькі месяцаў яны (сьледчыя — РС) не дасягнулі ніякага прагрэсу», — сказаў Мюлер.

 

Украінскія ўлады вялі палітычна матываванае расследаванне

Пасля таго, як Мюлер зрабіў каля дваццаці інтэрвію са сваякамі і сябрамі Паўла, ён вызначыў магчымыя матывы забойства. Тады ён сфармуляваў і пытаньні і пачаў дасылаць іх у Службу бясьпекі Ўкраіны (СБУ), Нацыянальную паліцыю, сьледчым — ва ўсе структуры, што былі ўцягнутыя ў расьсьледаваньне.

«Вельмі хутка я зразумеў, што не існуе адзінай тэорыі, — кажа Мюлер. — Кожная зь сілавых структураў, у прадстаўнікоў якой я браў інтэрвію, мела розныя вэрсіі забойства Паўла».

 

Адзінае, што аб’ядноўвала ўсіх, хто расследаваў забойства, — гэта імкненне знайсці след Масквы.

«Я не кажу, што Расія не прымала ўдзелу ў гэтым, я ня ведаю, — кажа Мюлер. — Але мне не прывялі ніякіх доказаў, якія б указвалі на ролю Масквы».

 Таксама ўсе адзінагалосна адмаўляліся прызнаваць хоць бы якую датычнасць украінскіх уладаў.

«Для мяне гэта выглядала ня як непрадузятае расследаванне, а як палітычна матываванае, — кажа Мюлер. — Пры адсутнасці доказаў яны намагаліся павесіць гэтае злачынства на зручнага для іх ворага».

 Калі ён браў інтэрвію ў шэфа Нацыянальнай паліцыі Сяргей Князева, які кіраваў расследаваннем, той абвінаваціў журналіста ў прадузятых пытанях і нават у тым, што ён сам выдумаў вэрсіі забойства.

 

«Таксама ў мяне было адно складанае інтэрвію, дарадца міністра (унутраных справаў — РС) назваў мяне тэрарыстам».

 

Ёсць якаснае відэа падазраванай жанчыны, якое нідзе не публікуюць

Падчас працы над дакладам Крыстафэр Мюлер знайшоў толькі адзін невядомы раней факт. Як высьветлілася, праваахоўныя органы маюць якасную выяву падазраванай у забойстве жанчыны. Яе атрымалі зь невядомага грамадзкасьці відэа, якое не публікавалася.

 

Паліцыя адмаўлялася апублікаваць гэтае відэа, хоць гэта магло б дапамагчы ў расьсьледаваньні. Па словах Мюлера, так прынята рабіць у іншых краінах, калі сьледзтва замаруджваецца. Але Сяргей Князеў патлумачыў, што публікацыя фота можа паставіць пад пагрозу жыцьцё жанчыны ці прымусіць яе пакінуць краіну.

Ва Ўкраіне знялі фільм-расследаванне пра забойства Шарамета

«Ня мне вам казаць, наколькі дзіўна гэта гучыць», — кажа Мюлер.

На думку журналіста, паліцыя ўсё ж ня ведае асобаў падазраваных. Пасля шматлікіх інтэрвію і мноства пытанняў, якія ён ім задаў, у паліцыі вырашылі перадаць Мюлеру хоць бы якую інфармацыю, каб ён ад іх адстаў.

 

Такога ж меркаваньне прытрымліваецца Хація Дэканаідзэ — кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны да лістапада 2016 года. Калі яна кіравала расьсьледаваньнем, цягам некалькіх месяцаў паліцыі не было нічога вядома пра асобы падазраваных. Калі Мюлер сустракаўся зь Дэканаідзэ, ён распавёў ёй, што сьледчыя, магчыма, ведаюць асобы падазраваных, хоць і ня могуць іх назваць.

«Яна закаціла вочы і сказала: „Я ня думаю, што гэта так», — кажа Мюлер.

Пра беларускі і расійскі след

Павал Шарамет часта крытыкаваў беларускія ўлады, а таму Мюлер разглядаў і магчымы беларускі след забойства. Але ён не знайшоў ніякіх доказаў гэтай тэорыі.

«Я не пабачыў нічога, што б прымусілі мяне паверыць у наяўнасць беларускага следу, — сказаў Мюлер. — Ці магчымы такі варыянт? Вядома».


Святлана Калінкіна.

Журналістка Сьвятлана Калінкіна, якая прысутнічала на прэзэнтацыі дакладу, паведаміла, што ад пачатку следзтва была дамоўленасьць зь беларускімі і расійскімі журналістамі. Яны былі гатовыя падключыцца да расследавання, калі б выявілася датычнасьць Беларусі ці Расіі да забойства Шарамета.

 

«Але нічога не ўсплыло, — сказала Калінкіна. — Хоць у Маскве ёсць сябры Паўла, якія кажуць пра спробы замаху і запалохваньня, якія былі ў Расіі. І Павал сам пра гэта распавядаў. Але ў Маскве з імі ніхто не сустракаўся і нічога не даведваўся».



​Людміла Шарамет, маці Паўла, таксама пацвердзіла, што ўкраінскія праваахоўныя органы не зьвярталіся да замежных калег. У размове з украінскім сьледчым яна запыталася, чаму ніхто не зьвяртаецца да сяброў Паўла за мяжой.

«Яны гатовыя даць вам інфармацыю. Кожнаму з іх ёсць, што распавесці. А ён (следчы — РС) мне кажа: „Ведаеце, у нас жа такія адносіны з Расіяй... Можа быць, у будучым мы з імі звяжамся“. І дагэтуль ні з кім яны не гаварылі».

 

Што дакладна вядома пра абставіны забойства

Ні ўкраінскія следчыя, ні журналісты пакуль ня ведаюць, хто стаіць за забойствам Шарамета. З дакладу Цэнтра расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP, Organized Crime and Corruption Reporting Project) вынікае, што ў ноч перад забойствам Шарамета за ім сачылі супрацоўнікі Службы бяспекі Ўкраіны.

«Мы ведаем, што былы супрацоўнік СБУ быў на вуліцы, калі да аўтамабіля Прылепы была прымацаваная бомба, — кажа Мюлер. — Мы ведаем, што ён сустракаўся з шасьцю мужчынамі батальёну „Азоў“. Мы ведаем, што ў яго была дзіўная сустрэча з Аляксандрам Кліменкам (уладальнік радыё „Весьці“, дзе працаваў Шарамет да апошняга часу — РС) у Маскве. І ўсе гэтыя людзі — грамадзяне Ўкраіны».

 

Мюлер: Украінскія ўлады не ўспрымаюць расследаванне сур’ёзна

Даклад Крыстафэра Мюлера быў апублікаваны ў ліпені 2017 года — праз год пасьля забойства Паўла Шарамета. Ён называецца «У правасудзьдзі адмоўлена: Украіна не прасунулася ў расьсьледаваньні забойства Паўла Шарамета». У ім Мюлер указаў на недахопы, якія былі ў рассьледаванні ад самага пачатку.

  Праца над расследаваннем Мюлера прывяла да таго, што ўкраінскія ўлады сталі больш адкрыта гаварыць пра справу Шарамета. Мюлер лічыць, што такім чынам яны спрабуюць паказаць, што сапраўды працуюць над расьсьледаваньнем і разглядаюць некалькі вэрсіяў забойства.

 

Калі даклад быў апублікаваны, украінскія ўлады аказаліся незадаволеныя ягонымі вынікамі. Але яны дэманстравалі сваю гатоўнасць да супрацы, хоць пры гэтым і не давалі адказаў на пытанні журналістаў.

 Больш за тое, Пятро Парашэнка паабяцаў, што ён запросіць ва Ўкраіну сьледчага міжнароднай арганізацыі, які будзе працаваць над расьсьледаваньнем. У верасьні Крыстафэр Мюлер нагадаў Парашэнку пра ягонае абяцаньне. На гэта прэзыдэнт Украіны адказаў, што чакае ад самога Мюлера, каб ён прапанаваў кандыдатуру такога чалавека.

 

«Я кажу гэта, не каб падкапаць пад прэзыдэнта, — кажа Мюлер. — Гэта прыклад таго, што ўкраінскія ўлады не ўспрымаюць расследаванне сур’ёзна».


Дата стварэння навіны 22.10.2017

Возврат к списку