АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Аляксей Мілюкоў на свабодзе. Сваёй віны Аляксей не прызнаў

Аляксей Мілюкоў на свабодзе. Сваёй віны Аляксей не прызнаў
21.10.2017
У калёніі схуднеў на 30 кілаграмаў». Выйшаў на волю актывіст, якога зняволілі за «маральную і фізычную шкоду супрацоўніку ДАІ».

З Горацкай папраўчай калёніі № 9 выйшаў на волю актывіст прафсаюзу РЭП і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Аляксей Мілюкоў. Падчас знаходжаньня ў вязьніцы ён схуднеў на трыццаць кіляграмаў. Аляксей тройчы абвяшчаў галадоўкі пратэсту. Сваёй віны ў інкрымінаванай яму справе не прызнаў, паведамляе радыё Свабода.

18 ліпеня 2014 году суд Бабруйскага раёну пакараў Аляксея Мілюкова трыма гадамі абмежаваньня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі адкрытага тыпу за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», а таксама нанясеньні маральнай і фізычнай шкоды супрацоўніку ДАІ". У верасьні 2016 году Наваполацкі суд зьмяніў меру пакараньня і асудзіў Мілюкова паводле артыкулу 415 Крымінальнага кодэксу нібыта за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі, пасьля чаго яго накіравалі ў Горацкую калёнію.

 

Патрабаваў паважлівага стаўлення — выносілі спагнанні

 Сваёй віны Аляксей не прызнаў. Арышт зьвязвае зь дзейнасьцю свайго бацькі Алега Жалнова, які выкрывае правапарушэньні супрацоўнікаў міліцыі. Паводле Мілюкова ў зьняволеньні ён спазнаў ціск і з боку прадстаўнікоў адміністрацыі папраўчых установаў, і з боку асуджаных, якія супрацоўнічалі з кіраўніцтвам вязьніц.

 

«У бальшыні супрацоўнікаў няма ні гонару, ні годнасці, — заявіў журналістам Аляксей, толькі выйшаўшы на свабоду. — Што ім кажуць, тое яны і робяць. Фальсыфікуюць дакумэнты, у судах даюць ілжывыя паказаньні. У гэтай калёніі паважлівага стаўленьня да асуджаных няма. Я патрабаваў да сябе такога стаўленьня і праз гэта цярпеў».

Аляксей Мілюкоў з жонкай Сьвятланай. Пабраліся шлюбам за месяц да зьняволеньня. Аляксей узяў жончына прозьвішча.

У Горацкую калёнію Мілюкоў прыбыў 30 сьнежня 2016 году. Прабыў 295 дзён, зь іх 286 яго трымалі ў памяшканьні камэрнага тыпу і штрафным ізалятары. Паводле Аляксея яму не давалі азнаёміцца з дакумэнтамі, якія афармлялі за нібыта учыненыя ім правапарушэньні. Ён спадзяецца, што яны захаваліся ў Горацкім судзе. Перад вызваленьнем у Аляксея зьніклі запісы, якія ён рабіў падчас разгляду спраў.

 

Адкрыта не казалі, што я палітычны, але гэта адчувалася

«Як толькі я прыбыў, мяне прымушалі мыць прыбіральні, каб зьняважыць. Гэта не прынята рабіць у такіх месцах, бо ёсьць людзі з пэўных статусам, якія выконваюць такую працу. Калі перавялі ў камэру, то прызначалі спагнаньні за нібыта сон, за не прыборку, — казаў вызвалены актывіст. — Каралі перад прыездам адваката альбо за тое, што я адпраўляў заяву пра парушэньне маіх правоў у адміністрацыю. За гэта адпраўлялі ў карцэр».

«Мяне спрабавалі зламаць. Уся гэтая сыстэма, можна сказаць, змагалася са мною адным, — працягваў Мілюкоў. — Правакавалі мяне на фізычныя дзеяньні супраць іншых асуджаных. Асуджаным загадалі са мною не гаварыць. Зьняволеныя самі ў мяне выпытвалі, чаму са мною нельга гаварыць. Усім тым, хто наважыўся са мною загаварыць, пазьней выносілі дысцыплінарныя спагнаньні».


«Незадоўга да вызваленьня, абсалютна незнаёмыя мне людзі пагражалі сэксуальным гвалтам праз тое, што я палітычны. Яны давалі зразумець, што зь мяне будуць зьдзекавацца. Зразумела, што адкрыта мне ніхто не казаў, што я палітычны, але па стаўленьні да мяне гэта адчувалася», — перакананы вызвалены актывіст.

 

«Буду жыць з жонкай спакойна і шчасліва»

За час адбыцьця пакараньня Аляксей схуднеў на трыццаць кіляграмаў. Паводле яго ў калёніі ежа якасная, але яе мала. Некалькі разоў на знак пратэсту ён абвяшчаў галадоўкі.

 

«Я тры разы абвяшчаў галадоўкі, калі сядзеў у ШЫЗА. Першы раз дзесяць дзён галадаў, другі — пяць, апошні — шэсьць. Спыняў галадоўкі, бо не было сэнсу працягваць іх па вызваленьні з карцэру, — тлумачыў журналістам Мілюкоў.

Паплечнікі сустрэлі Аляксея Мілюкова з кветкамі

На 12 месяцаў за Аляксеем Мілюковым устаноўлены прэвэнтыўны нагляд. На пытаньне, што будзе ён рабіць на свабодзе, адказаў: «Жыць з жонкай спакойна і шчасьліва».

 

Сустракаць Аляксея прыехала жонка Сьвятлана, бацькі Яўгенія і Алег Жалновы, а таксама паплечнікі па партыі і прафсаюзу. Вызваленьня чакалі больш за сем гадзінаў.

Інцыдэнт, які стаўся нагодай для крымінальнай справы супраць Аляксея Жалнова, здарыўся 4 верасьня 2013 году. Жалноў-старэйшы ўбачыў машыну, прыпаркаваную, як ён цьвердзіць, з парушэньнем правілаў дарожнага руху ля бабруйскага ДАІ, і пачаў здымаць факт парушэньня на відэа. Потым зьвярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, зьвінавацілі Жалнова-старэйшага ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. У выніку абодвух Жалновых гвалтам зацягнулі ў міліцэйскі будынак.

 

У студзені 2014 году супраць Аляксея Жалнова завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». З пазовам зьвярнуўся капітан міліцыі Аляксандар Бутоўскі. Паводле матэрыялаў справы, Мілюкоў ударыў міліцыянта па галаве, зрабіўшы яму страсенне мозгу. 


Дата стварэння навіны 21.10.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку