АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Ну з чаго хайп падымаць? У Мінску адбыўся прэм'ерны паказ «Мацільды»

19.10.2017
Першымі паглядзець на рускі фільм рэжысёра Аляксея Учыцеля масава прыйшоў беларускі бамонд. Квіткі на першы паказ распрадалі цалкам.


У натоўпе былі заўважаныя шматлікія чыноўнікі, сярод іх адстаўніцы Надзея Ермакова і Лілія Ананіч. А яшчэ палітык Таццяна Караткевіч, вядучыя Святлана Бароўская і Дзяніс Дудзінскі, вядомыя кінакрытыкі і шмат іншых беларускіх зорак.

 

Былыя міністр інфармацыі Лілія Ананіч і старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова папрасілі не чапаць іх «на пенсіі».

 

Прадстаўляць фільм у Мінск прыехаў адзін з прадзюсараў Сяргей Гармаш, які выканаў кароткую, але яркую ролю імператара Аляксандра III. Амаль усе журналісты сёння, канечне ж, пыталіся ў іх пра адно і тое ж — мітусню вакол «Мацільды». І так, госці запэўнілі, што лічаць гэтую шуміху надуманай і самі стаміліся ад яе.

 

Як толькі ні назвалі гэтую стужку: і абразай, і пляўком, і аплявухай вернікам. Хто только не спрабаваў яе забараніць: пачынаючы ад дэпутата дзярждумы Расіі Наталлі Паклонскай, заканчваючы прэзідэнтам Чачні Рамзанам Кадыравым і прадстаўнікамі РПЦ, якія ладзілі зборы подпісаў супраць «Мацільды» і арганізавалі малітоўнае стаянне. А адзінкавыя экстрэмісты нават наважыліся падпаліць машыны каля офіса адваката галоўнага рэжысёра.

 

У Беларусі сваё слова супраць выказваў і мітрапаліт Павел, і ананімныя пратэстоўцы, якія прасілі кінатэатры прыбраць стужку з афішы. Але Міністэрства культуры Беларусі не ўбачыла ў фільме нічога жахлівага.

 

Перадпрэм'ерны паказ адбыўся ў кінатэатры «Масква». Сарваць яго не ўдалося нават мясцоваму праваслаўнаму актывісту, які разам з аднадумцамі адгаворваў людзей ісці ў кінатэатр.

 

На самой справе, «Мацільда» зусім не заслугоўвае глабальнага піяру, які вакол яе сам сабой здарыўся. Калі ўявіць, што праваслаўныя актывісты на чале з Паклонскай проста б прамаўчалі, ажыятаж і цікаўнасць да фільма былі б куды меншымі.

Чаму?

 

Бо, калі шчыра, гэта сапраўды якасна зробленая меладрама, з багатымі дэкарацыямі і славутымі акцёрамі, але не больш за тое

Мікалай II закахаўся ў звычайную (окей, даволі тэленавітую) танцорку, але доўг перад радзімай і богам важнейшы — адсюль і чалавечыя пакуты.

 

Сюжэтная лінія прапісаная слаба, як і самі персанажы: так, калі прыбраць з кадраў графа Варанцова ў выкананні Данілы Казлоўскага, які, як і іншыя мужчыны тут, бегае за пачкай галоўнай гераіні — нічога б увогуле не змянілася.

 

У цэлым фільм выглядае досыць праімперскім, дзе цар добры, а баяры дрэнныя. Таму вельмі дзіўна, што на яго накінуліся праваслаўныя (хаця што тут і казаць, калі яны яго не глядзелі нават). Тое, што святы Мікалай II (яшчэ ў 2000 годзе РПЦ прылічыла яго і членаў сям'і да ліку святых) спаў з балярынай Мацільдай Кшэсінскай, трагедыі не робіць. Як сказала адна сямейная пара ў зале: «Цар — жывы чалавек». Калі ўзгадаць іншых рускіх імператараў ці імператрыц, яны таксама мелі шматлікіх палюбоўнікаў і палюбоўніц, раскідваліся грашыма і любілі забавы.

 

У дурным свеце Мікалай II мог паўстаць, калі б была прадстаўлены яго кіраўніцкі складнік: напрыклад, пра тое, як па ягоных загадах расстрэльвалі дэманстрацыі. Але ў фільме Мікалай, ці, як яго называе любая жанчына, Нікі — мілы і добры цюхцяй, які знаходзіцца пад уплывам то маці, то Мацільды, то будучай законнай жонкі Аляксандры. Нейкая сацыяльная лінія з’яўляецца ў фільме толькі пад самы канец, калі сотні простых людзей гінуць у жаданні атрымаць паболей падарункаў з ежай, падрыхтаваных у гонар каранацыі.

 

Мінскім гледачам карцінка збольшага спадабалася (тым, хто любіць мыльныя серыялы пра каханне — спадабаецца таксама).

У некалькіх момантах прысутныя нават смяяліся, а ў канцы традыцыйна апладзіравалі. Кінакрытык Людміла Саянкова на просьбу падзяліцца ўражаннямі ў чарговы раз адзначыла багацце дэкарацый (ну, яшчэ б — бюджэт карціны склаў $25 мільёнаў). А экс-кандыдатка на пасаду прэзідэнта Беларусі Таццяна Караткевіч звярнула ўвагу на жыццёвасць трагедыі кахання і пашкадавала, што няма такіх глабальных стужак пра нашых, беларускіх гістарычных персон. І тут з ёй нельна не пагадзіцца: хацелася б, каб такі хайп здараўся з нагоды нашых фільмаў.



Дата стварэння навіны 19.10.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку