АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» адказаў чытачам, чаму «падтрымлівае БНФ»

17.10.2017
У аглядзе лістоў чытачоў галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты «Советская Белоруссия» («СБ. Беларусь сегодня») Павал Якубовіч адказаў на пытанне чытача, чаму «вырашыў дапамагаць матэрыяльна» Партыі БНФ.


Чытач сцьвярджаў, што ў 1990-х нібыта БНФ «рэклямавала выселіць усіх расейцаў» і «не зьмяніла прынцыповай пазыцыі», а таксама, што калі б БНФ прыйшла да ўлады, «было б нашмат горш, чым цяпер ва Ўкраіне».

 

Падтрымаў гібрыдна і не зусім БНФ

 

Верагодна, пытаньне тычылася выказваньня Паўла Якубовіча ў перадачы «Клюб рэдактароў» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» пра тое, што дзяржава мусіць падтрымліваць партыі, што «трансьлююць дастаткова ляяльныя, дастаткова сталыя і зусім не антыдзяржаўныя думкі», бо яны ня мусяць «залазіць у кішэню замежным спонсарам». Тады ж ён падкрэсьліваў, што яго «нельга залічваць да прыхільнікаў БНФ». Пра тое, што ён сам «дапамагае матэрыяльна» партыі БНФ, Якубовіч не казаў.

 

У адказе чытачу Якубовіч сумняваецца, што нехта ў БНФ у 1990-х выказваў ідэю «выселіць усіх расійцаў», але раскрытыкаваў тагачаснага кіраўніка БНФ Зянона Пазьняка — яму, маўляў, «ускружыла мазгі» тое, як у Мінску «лёгка» змянілася ўлада пасля распаду СССР, а «БНФ тады прымроілася, што яны прыкурваюць ад сонца».

 

Якубовіч заявіў, што пасьля артыкулу Пазьняка «Пра расійскі імпэрыялізм і яго небяспеку» (копія на сайце «НН») «дабрадушныя і ня схільныя да русафобіі грамадзяне паставілі на ім у душы тоўсты крыж».

  

Але Якубовіч растлумачыў, што быў «прыемна здзіўлены, калі даведаўся, што сённяшні БНФ бедны як царкоўная мыш» (з рэмаркай «толькі бяз крыўдаў»), бо існуе на сяброўскія ўнёскі, а не дапамогу мясцовых і замежных спонсараў, як АГП і сацыял-дэмакраты (БНФ сапраўды прызнавалі, што ў «партыйнай касе» па выніках году не засталося амаль нічога, АГП і сацыял-дэмакраты пра замежную фінансавую падтрымку не заяўлялі). Якубовіч заявіў, што ягонае стаўленьне да БНФ «перажыла пэўную трансфармацыю», але дадаў, што ня ўпэўнены, што «чорнага сабаку можна адмыць дабяла».

 

«У Беларусі няма ворагаў беларускага народу»

 

У іншым лісьце чытач заяўляў, што «ўсе нацыяналістычныя партыі — ворагі народу Беларусі», таму пытаў, хто ім павінен тады прастаўляць дапамогу. Якубовіч на гэта адказаў, што не хацеў бы ўвогуле чуць такія словы, як «ворагі народу», бо іх трэба пакінуць «змрочным пэрыядам нашай гісторыі», бо яны прыводзяць да дзеянняў, ад якіх «зьяўляюцца Курапаты».

 

«Думаю, што ў нас у Беларусі няма ворагаў беларускага народу, проста ёсць розныя людзі, — разважае Якубовіч. — Некаторых з іх асабіста я не люблю і нават пагарджаю, але „ворагамі народу“ ўсё роўна не лічу. Хоць бы таму, што яны частка нашага народу, і калі я буду заахвочваць такую тэрміналёгію, дык што перашкодзіць нязгодным са мной таксама прышпіліць мне цэтлік „ворага“? І што далей? Брацца за дубіны? Не, гэта ня наш шлях».

 

Але Якубовіч дадаў: некаторыя партыі «жывуць выключна для сябе і радуюцца», і гэтыя партыі ён не прапануе фінансаваць зь дзяржаўнага бюджэту, паведамляе радыё Свабода.


Дата стварэння навіны 17.10.2017

Возврат к списку